Радыё Марыя-online

 
 
 
 

Каляндар

Католические праздники

 

Малітва святароў

Год Міласэрнасці

 
 
Среда, 17 Август 2016 19:33

Гартаючы старонкі гісторыі: “Беларуская Чэнстахова”…

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

Апошнім часам перыядычна пачалі ўжываць акрэсленне "Беларуская Чэнстахова" у дачыненні да Будслава... З аднаго боку нібы і правільна - бо "Нацыянальны санктуарый". Але аднак сорамна, што клапоцячыся аб паасобных знакавых месцах для каталікоў Беларусі, забываюцца іншыя мясціны, якія ўжо мелі гэтую назву агульнапрынятай, і якія па-сутнасці, патрабуюць не меншай, а нават большай на сённяшні дзень, увагі і клопату...

 

 

Каб патрапіць з заходняга боку ў мястэчка Бялынічы, якое належала некалі да аршанскага павету Віцебскага ваяводства, нават і сёння трэба праехаць амаль стокіламетровы неперарыўны пас лясоў, што хавае ў сабе шырокія разлівы Бярэзіны. Абшары, плоскія бы стол ад самага Мінску, пераходзяць у пагоркі менавіта тут, у Бялынічах, старажытны цэнтр якіх ляжыць ля ракі Друць уздоўж аднога з іх. Далейшая дарога да Магілёва, – яшчэ прыкладна 50 км, – пралягае ўжо па адкрытай роўнядзі, праз збольшага ўрбанізаваныя прадмесці Наддняпроўя.

 

Гэты бок больш левага, больш высокага, з берагоў Друці, з’яўляецца мяжой – натуральнай і гістарычнай. У верасні 1772 года ўлады Расійскай Імперыі правялі тут мяжу падзелу, абвясціўшы яе дзяржаўнай мяжой паміж Літвой і Белай Руссью, што нібыта “аб'ядналася” з імі. Увесну 1812 года менавіта ад гэтай мяжы фельдмаршал Кутузаў выціснуў Напалеона на бярэзінскія балоты.

 

Амаль праз 300 гадоў нагодай для самай вялікай славы Бялынічаў застаўся цудоўны абраз Маці Божай, які вабіў пілігрымаў розных бакоў і абрадаў да касцёла Кармелітаў. Санктуарый, бачны з вялікай адлегласці, асабліва выразна – ад тракту паміж Мінскам і Магілёвам, называлі “беларускай Чэнстаховай”. Яго кшталт параўноўвалі з віленскай Вострай Брамай і жмудскім Шыдловам. Паводле меркавання праваслаўных аўтараў XIXст., ён з’яўляўся “самым вялікім цэнтрам лацінска-польскай прапаганды”.[1]

 

Вытокі гісторыі кляштару трэба шукаць у 1622-1623 гадах, калі Леў Сапега, уласнік Бялынічаў, магілёўскі стараста і віленскі ваявода, “фундатар 24 касцёлаў”[2], ажыццявіў пастановы, складзеныя пасля перамогаў над Масквой, што скончыліся перамір’ем у Дэўліне (1618). Перш чым былі ўзгодненыя фармальнасці, восенню 1623 года ўжо „грэў месца” над Друццю першы кармеліт, а. Мацей Катоўскі.

 

1 сакавіка 1624, пасля вяртання Сапегі з Віцебска (дзе той чыніў суд над забойцамі Язафата Кунцэвіча) ў Варшаву, Сігізмунд III зацвердзіў фундацыйны акт, паводле якога ваявода дарыў манахам чатыры вёскі (разам 118 валок зямлі), забавязваючыся пабудаваць кляштар і касцёл, прысвяціўшы іх Божай Маці і свайму апякуну, а кармеліты меліся насяліць пляцоўку сама менш 12 манахамі, апекавацца парафіяй і маліцца шчыра за грахі і патрэбы сям’і фундатара. Праз два гады капітула законнікаў прыняла фундацыю Conventus Albinensis[3].

 

Пра першыя драўляныя пабудовы сёння нічога практычна невядома, хаця верагодна, што былі яны велічнымі, бо ўлады правінцыі ва ўзгадаванй капітуле зафіксавалі рашэнне аб адкрыцці ў Бялынічах навіцыяту, а таксама студыяў філасофіі.

 

Першыя трыццаць гадоў  існавання новай святыні сталіся перыядам яе буйнага развіцця. У  1633 годзе канвент заснаваў сваю філію ў Магілёве (пасля патопу яна атрымала самастойнасць. Сын і спадкаемца фундатара, Казімір Леў Сапега (пам. 1656), які надаў 4 кастрычніка 1634 года Бялынічам Магдэбурскае права, дэлагаваў кармелітам шырокую юрысдыкцыю, а праз некалькі гадоў заснаваў кляштарную друкарню. Колькасць законнікаў тады ўжо склада 14 асобаў (1641г.)[4].

 

Пад шатамі кляштара дынамічна развівалася мястэчка[5]. Паслядоўнае развіццё, замацаванае ў 1653 годзе апрабатай сейму фундацыі Сапегі[6], праз год будзе гвалтоўна перарванае ўварваннем войскаў цара Аляксея Міхайлавіча.

 

Часткова мітавае, аднак знакавае па выніках для мястэчка і кляштара здарэнне адбылося ў 1634 годзе. Як сведчыць слыннае паданне, у часе прыора Мельхіёра ў кляштары з’явіўся малады пілігрым, які падчас толькі адной літаніі на выцягнутай дубовай ваконіцы намаляваў “невымоўнай прыгажосці твар Маці Найсвяцейшай і Госпада Ісуса”. Адышоў, не ўзяўшы платы і не скончыўшы выяву шатаў, якія – як сцвердзіў – хутка павінны былі выявіцца. З цягам часу аповед пра з’яўленне выявы і шатаў набыў рысы цудоўнага. Распавядалі, што таямнічы пілігрым мусіў быць анёлам.

 

Праз год маршалак Вялікалітоўскі Крыштаф Завіша замовіў для абраза каштоўную сярэбраную сукенку і пазалочаныя кароны, а новы спадкаемца Бялынічаў, літоўскі падкаморны Лявон Казімір Сапега, ахвяраваў “бляху са шчырага золата” і каштоўныя кляйноты.

 

Калі вытокі культу Маці Божай Бялыніцкай выглядаюць таямнічымі, а ўзгаданае паданне паўтарае сюжэты пра іншыя кармеліцкія цудоўныя абразы, дык рэальную славу выява атрымала, дзякуючы задакументаваным гістарычным падзеям.

 

Восенню 1654 года, перад абліччам злачынстваў і жахаў, якія несла маскоўская акупацыя, прыёр Марсэль Слупскі абвесціў эвакуацыю ў Кракаў. Манахі вырушылі з абразом і манастырскімі каштоўнасцямі. Тым не меней, абраз да мэты выправы не даехаў, а разам з двума кармелітамі затрымаўся ў дарозе ля Слоніма, у крэпасці-бастыёне Ляхавічах, якая ў гады “патопу” стала непераможным пунктам літоўскага супраціву. Увесну 1660 года яна вытрымала трохмесячную аблогу магутным войскам князя Івана Хаванскага, неўзабаве разгромленым пад Палонкай  прыбылым з дапамогай войскам гетмана Кароны Стэфана Чарнецкага і літоўскага гетмана Паўла Сапегі (тагачаснага ўладальніка Ляхавічаў). 

 

Трохі пазней Ляхавічы безвынікова штурмавалі шведы. Эфектыўнасць абарончай моцы звязвалася з прысутнасцю абраза, які бы palladium выстаўлялі над крэпасцю „са страшным жахам ворагаў”[7],  і які прымаў трыумфальныя ўезды гетманаў, а таксама варту, якую складаў камендант крэпасці, рэчыцкі вайсковец Станіслаў Міхал Юдыцкі. Аналогію, якая кідалася ў вочы, падкрэслівалі відавочна: “Цягам той самай рэвалюцыі, падчас якой Чэнстахоўская крэпасць ад шведскага нападу і атаку ў Польшчы Абразом Чэнстахоўскім, у Літве праз Бялыніцкі – Ляхавіцкая ад аблогі была вызвалена”[8].

 

Пазнейшыя хронікі дачыненняў “Маці Божай супраць Масквы” пакідаюць пытанні. Спрэчным застаецца традыцыйнае перакананне, нібыта „hac prima forte voluit beare Moscovitico Imperio finitimam” заставалася ў Ляхавічах яшчэ цэлае стагоддзе і ў свой прытулак над Друццю вярнулася перад сваёй каранацыяй толькі ў 1761 годзе. Верагодна, гэта адбылася адразу “пасля супакаення”, у 1665 годзе, дзякуючы пасрэдніцтву літоўскага крайчага Крыштафа Францішка Сапега і яго сужонкі[9].

 

Ужо ў 1671 годзе абраз стаўся прычынай першага цудоўнага аздараўлення. Багародзіца вярнулася са стосам шматлікіх сярэбраных вотаў, самыя велічныя два з якіх ахвяравалі галоўныя волаты нядаўняй баталіі. На пачатку ХХ ст. у магілёўскі Музей царкоўных каштоўнасцяў трапіла металічная табліца з выявай гетмана Паўла Сапегі на каленях перад абразом, з лацінскай інскрыпцыяй і датай 8 XII 1665. Вельмі каштоўную памятку пакінуў Багародзіцы ўжо ўзгаданы камендант крэпасці, Міхал Юдыцкі: намалёваная на срэбнай блясе Маці Божая Бялыніцкая ўзносіцца ў воблаках над Ляхавічамі, вакол яе галавы маецца напіс – “АБАРОНА ЛЯХАВІЦКАЯ ПАЧАТАК ВЫЙГРАНЫХ БІТВАЎ, а пад абрысам фартэцыі маецца надпіс наступнага зместу: “Бясконцую Табе, Дзева, аддаюпадзяку за тое, што зберагламяне ад рукі непрыяцеля. Дзякуючы Табе абараніў Ляхавіцкі Замак, адбіў Маскоўскія і Швецкія штурмы. Потым у штурме пад Вільняй паранены, ляжаў, пакінуты ўсімі дактарамі, але калі даверыў здароўе Тваёй Апецы, з Тваёй дапамогі жыў напоўмёртвы”. Яшчэ ніжэй вісела алавяная куля, якой фундатара падстрэлілі пад Вільняй. У палове XVIII ст. гэты надпіс, называны “Ляхавіцкай  вайной”, быў размешчаны непасрэдна пад абразом. Пазнейшыя апісанні, зробленыя ў ХІХ ст., яго ўжо не ўзгадвалі[10].

 

Пасля “патопу” слава абраза, аднак, не была дакументальна пашыраная. Кляштар уздымаўся з заняпаду паступова: у 1674 i1684 гадах у ім жылі толькі 7 кармелітаў. У 1687-1756 гадах ён належаў да рускай правінцыі святога Юзафа, пазней стаў канвентам новаўтворанай руска-літоўскай правінцыі святога Юрыя.

 

Адраджэнне Бялынічаў зацягнулася, у тым ліку і таму, што часта мяняліся ўладары паселішча. Пасля смерці Казіміра Лявона Сапегі (1656 год), які быў бяздзетным, горад перайшоў  спачатку да коданскай лініі роду. У 1685 годзе мястэчка было прададзена Кацярыне Радзівіллавай, удаве віленскага ваяводы Міхала Казіміра, пазней аддадзенае ў арэнду (1689 год)[11].

 

Не спрыяў развіццю мястэчка бурлівы пачатак наступнага стагоддзя. Стан стагнацыі трываў да 1733 года, калі ўдава Яна Крыштафа Ліндорфа, які арэндаваў Бялынічы, Крысціна з Абрамовічаў, ўзяла шлюб з віцебскім ваяводай Марц’янам, такім чынам перадаўшы мястэчка роду Агінскіх, які з’яўляўся трэцім стаўпом (разам з Сапегамі і Радзівіламі) магнацкай магутнасці Вялікага Княства Літоўскага. Ужо сам ваявода (памёр у 1750 годзе), aперад тым яго самы малодшы сын, літоўскі маршалак Ігнацій (памёр у 1775 годзе) iяго магутная жонка Гэлена (памерла ў 1792 годзе) узялі на сябе ролю гаспадароў і апякуноў.

 

Хутка з’явіліся вынікі – у 1737 годзе былі адноўленыя навіцыят і філасофскія студыі, у 1742 годзе, пасля пажару ў драўляных пабудовах,  распачалася вялікая fabrica ecclesiae.Працы вяліся пад кіраўніцтвам прыёра Казіміра Радзінскага (Радзынскага), які кіраваў канвентам на працягу 25 гадоў (1730-1755). Варта адзначыць, што сведкам пачатку працаў быў малады кармеліт, кс. Марэк Яндовіч, будучы “апостал барскай канфедэрацыі”. У сярэдзіне стагоддзя новы санктуарый ужо быў пабудаваны, падыходзілі да завяршэння працы пры кляштары. Магчыма, гэты размах і надзвычайны тэмп укладання сродкаў працаў можна патлумачыць намерамі каранавання цудоўнай выявы. Гаспадарчыя амбіцыі Агінскіх спалучаліся з памкненнямі кармелітаў, а таксама з жаданнем жыхароў паўночна-усходніх ваяводстваў (асабліва аршанскай і віцебскай шляхты), якія ўжо амаль сто гадоў пілігрымавалі да сваёй Багародзіцы[12].

 

“Беларуская Чэнстахова” мелася наследваць сваёму польскаму аналагу. У Літве папскія кароны ўжо ўпрыгожвалі скроні Маці Божай у Троках (1718 год) iва ўніяцкіх Жыровічах (1730 год). Набліжаліся ўрачыстасці Маці Божай Святаміхальскай у сапежскім маўзалеі у віленскіх бернардынак (1751 год), якія доўгі час адкладваліся. Папскі дэкрэт на каранаванне атрымалі кармеліты босыя з Бердычава, які завяршалі будаўніцтва касцёла (1753 год).

 

Так ці інакш, падрыхтоўка да цырымоніі распачалася ўжо ў 1754 годзе. Менавіта тады ў канвенце з’явілася пасада пракуратара каранацыі, аддадзеная а. Роха Герману[13].

 

Хутка да віленскага біскупа Міхала Зенковіча рушыла дэлегацыя, узначаленая маршалкам Агінскім, яго пляменнікам пісарам вялікалітоўскім Антонім Міхалам Пацам і прыёрам Радзінскім, якая прасіла аб скліканні камісіі для верыфікацыі цудоўнасці абраза. Камісія пад кіраўніцтвам беларускага архідыякана Яна Шумскага, занатоўваючы летам 1755 года сведчанні сведкаў цудоўных ацаленняў, пазначала таксама, што абраз ахіналі шматлікія срэбныя шаты, а пад імі знаходзілася вялікая выява “Ляхавіцкай Вайны”[14].

 

З пратаколам і біскупскім благаслаўленнем у Рым выехаў правінцыял літоўскіх кармелітаў а. Марцін Рубчынскі, які ў красавіку 1756 года атрымаў падпісаную Бенедыктам XIV bulla coronationis.

 

Аднак да ўрачыстаці у Бялынічах заставалася яшчэ болей за 5 гадоў. Не дажылі да яе ні прыёр Радзінскі, ні біскуп Зенкевіч, які на смяротным ложы ўпаважніў да выканання ўрачыстага акту смаленскага біскупа Юрыя Мікалая Хільзэна.

 

Каранацыя абраза адбылася  20 верасня 1761 года і сталася кульмінацыяй 20-цідзёнай цырымоніі, якая складалася з выездаў, парадаў, ночных ілюмінацыяў і феерверкаў, спеваў, казанняў, багатых абедаў і гарматных кананадаў. У некалькітысячным зборы бралі ўдзел прадстаўнікі трох ваяводстваў Белай Русі, князі і манахі розных супольнасцяў, брацтвы, харугві драгонаў і грэнадзёраў, гусары і пяхота. У многіх месцах і многіх аказіях падкрэсліваўся фамільны характар каранацыі. Агінскія былі наступнымі за самымі магутнымі радамі Рэчы Паспалітай[15].

 

Адлюстраваная ў друку справаздача з урачыстасцяў цытавалася некалькімі аўтарамі сканчвалася абяцаннем, што “апісанне ўсёй постаці трыумфальных брамаў, феерверкаў, гігантаў, інскрыпцый і г.д. выйдзе ў друк пры надрукаваных каранацыйных казанняў і цудах Найсвяцейшай Маці”, хаця абяцанае й не было здзейснена. Як зазначае даследчык В. Бабэрскі, рукапісныя крыніцы дазваляюць зазірнуць у фінансавыя падрабязнасці свята. Каранацыйны фонд у 1761 годзе (прытым, што агульная сума была  большай, бо сродкі збіраліся цягам мінімум 5 гадоў налічваў 39 088 злотых. Грошы, за якія можна было б узвесці муры немалога касцёла, паступалі, найперш, з дзвюх 2 крыніцаў: ад маршальства Агінскіх (21 388 злотых) і ад літоўскага пісара Антонія Паца (11 273 злотых).

 

Непараўнальна меншым унёскам маглі выхваліцца гетман Радзівіл (1 200 злотых), падканцлер Сапега (1 025 злотых), маршалкавая Завішына (1 260 злотых) і віцебскі ваявода Салагуб (450 злотых). Вынікам збору ахвяраванняў, ухваленага сеймам мсціслаўскага ваяводства, сталя няпоўныя 2 500 злотых[16].

 

Акрамя духоўнага і фамільнага вымярэння, бялыніцкія ўрачыстасці, як і польскія каранацыі абразоў, мелі характар вялікай патрыятычнай маніфестацыі. Меліся спадзевы, што “Марыя ў Кароне Бела-Рускага Краю” станецца дзейсным  palladium і абаронай ад прадчуванай катастрофы. Адданы казнадзей Дамінік Каханскі крычаў з амбоны санктуарыя: “вяртаецца, вяртаецца драпежны звер, які Польскаму Марыі падданству, залатой яго свабодзе і міру пагражае, і праз гэта нашаму Абразу, які карануем, варожае” і адначасова пераконваў, што “Беларускі Кармэль абароніць Белую Русь і ўсю Літву ад агрэсараў і пераследавальнікаў”[17]. У гэтай жа інтэнцыі маліліся перад абразом: „Невычэрпны Скарб, Белай Русі дадзены, няхай жа Літва з Каронай, Бела Рускія краі, будуць пад Тваёй абаронай”[18].

 

Акт каранацыі атрымаў не толькі актуальнае палітычнае вымярэнне, але і стаўся нагодай для крытыкі тагачасных пераменаў звычаяў: “Наказы смяротных паноў шчыра, з любоўю і гонарам спаўняеце; а знакаў несмяротнай Валадароў Карануемай, Багародзіцы, Шкаплера на грудзях, Ружанца за поясам, пацеркі якога даўняе рыцарства на заругвях насіла і перамагала, саромеецеся; Аднак яна – Каралева Польшчы! Не шляхціч у Неба той, хто ня гэтай Дзевы зямляк. Па чым жа яго пазнаць, калі Яе знаку, ад пякельных хамаў ератыкоў адрознага, не носіць яўна? Чым жа лепшая ліберальная, для будаўніцтва бажніцы антыхрысту, у пякельным цаху адшуканая кельня? А як жа шмат тут непрысутных, хто гэтым Мулярствам свавольным яўна хваліцца не саромеецца, хоць сакрэтнай прысягай аб таямніцы абавязаліся”[19]. Заўвага была рэзкая і трохі нязручная, бо Ігнацы Агінскі, у іншым месцы вельмі праслаўлены фундатар, прыналежаў да высокаўтаямнічаных чальцоў масонства.

 

Пасля каранацыі святыня ў Бялынічах стала адным з галоўных асяродкаў правінцыі. У 1763, 1766, 1770, 1773 гадах, а таксама ў 1804 годзе там адбываліся наступныя капітулы. У 1765 годзе віленскі суфраган Тамаш Зенковіч кансэкраваў касцёл над тытулам Унебаўзяцця НПМ.

 

Пасля І падзелу Рэчы Паспалітай памежны канвент трымаўся цалкам трывала – апорай яго матэрыяльнага існавання былі два фундацыйныя фальваркі (Цехцін i Прамыслаў), сумы, што ўдавалася здабыць за кошт набытых дабротаў, а таксама новыя датацыі. У кляштары трывала жылі 8 святароў, 8 семінарыстаў і столькі ж навіцыянтаў. Манахі ўтрымлівалі каля 30 працаўнікоў: палова з іх –паслугачы, палова – сіроты, якія вучыліся чытанню і музыцы, а таксама кваліфікаваныя чальцы хора. У драўляным будынку ў межах горада кармеліты мелі шпіталь на 6 асобаў.

 

Пэўную дапамогу пасля каранацыі аказвалі марыявіткі, якія ў асобным драўляным доме адкрылі пансіянат для шляхцянак.

 

У 1781 годзе мястэчка налічвала 108 дамаў (831 жыхароў). Шматлікія дамы-прытулкі напаўняліся пілігрымамі падчас вялікіх кірмашоў, якія арганізоўваліся чатыры разы ў год.

Пасля Агінскіх, напачатку XIX ст., уласнікам Бялынічаў стаў віцебскі губернатар князь Аляксандр Віртэмберскі (каталік); пазней ім валадарылі Кажухоўскія, у якіх яго сканфіскавалі пасля студзеньскага паўстання.

Ліквідаваны кляштар быў згодна з указам Мікалая І, выдадзеным  19 жніўня 1832 года[20]. Тады з пачаліся захады па пераняццю санктуарыя Праваслаўнай Царквой. Найперш вылучаўся аргумент, што абраз прыцягвае не толькі людзей грэцкага абраду (толькі што вырваных з уніі), але таксама праваслаўных. Парафію пакінулі ў спакоі ў 1835 годзе, узважаючы яе дастатковую аддаленасць ад суседніх касцёлаў (Шклоў, Княжыцы, Быхаў, Магілёў).

 

Аднак сітуацыя заставалася няпэўнай. Яшчэ ў 1842 годзе магілёўскі ўладыка Ізідор (пазней мітрапаліт) даносіў у Сінод, што бялыніцкі санктуарый з’яўляецца галоўнай небяспекай для вызнаўцаў праваслаўя на ўсіх абшарах трох епархіяў: магілёўскай, віцебскай і мінскай. Аб’ектам спрэчак сталіся некалькі соцень былых уніятаў, якія пры актыўнай дапамозе бялыніцкіх святароў пазбеглі “благохвальства”, перайшоўшы ў каталіцтва. Дзякуючы старанням нунцыятуры, дзяржаўнай рэакцыі не было, і аж да студзеньскага паўстання санктуарый не турбавалі.

 

У 1848 годзе, каб аддаліць небяспеку, князі намовілі аднаго з мясцовых “польскіх паноў” прафінсаваць будаўніцтва насупраць касцёла драўлянай праваслаўнай царквы (згарэла ў 1859 годзе)[21].

 

Новы перыяд у гісторыі санктуарыя шчыльна звязаны з харызматычнай постаццю апошняга пробашча, кс. Луцыяна Гадлеўскага (1818-1876). Прафесар духоўных семінарыяў у Вільне і Кіеве, ён прыняў парафію 30 студзеня 1858 года.

 

За новым душпастырам цягнулая не толькі слава вядомага прамоўцы, які зачароўваў студэнтаў кіеўскага ўніверсітэту, але і рэпутацыя бескампраміснага патрыёта, зняволенага падчас хваляванняў у краі. Дзякуючы менавіта Гадлеўскаму ў змрочныя часы рэпрэсіяў слава бастыёну “лацінска-польскай прапаганды”[22]перасягнула межы Белай Русі. Роўна праз сто гадоў пасля каранацыі аб Бялынічах зноў шмат казалася і пісалася, маляваліся выявы Маці Божай і складаліся вершы. Такая папулярнасць аддаліла, прынамсьці на нейкі час, рашэнне аб забранні касцёла.

 

Уноч з 15 нa16 жніўня 1859 годы Бялынічы амаль поўнасцю згарэлі. Выгарэў таксама й санктуарый, хаця, верагодна, памеры яго знішчэння былі перабольшаныя. Адбудова, а адначасова і разбудова, трывала некалькі гадоў, з перарывамі, выкліканымі ўдзелам нескаронага святара ў студзеньскім паўстанні (1863-1864 гады), а таксама ягонаму супраціву ў 1868 годзе ўвядзенню рускай мовы ў набажэнствы. Канонік (кс. Луцыян атрымаў гэтую годнасць у лютым 1861 годзе) выявіўся не толькі адважным абаронцам веры, патрыётам і грамадскім дзеячам, але таксама таленавітым будаўніком-інвестарам, здольным пры дапамозе адмысловай рэкламнай кампаніі падштурхнуць шчодрасць каталікоў у самых аддаленых кутках даўняй Рэчы Паспалітай.

 

Кс. Луцыян меў саюзніка ў асобе арцыбіскупа Жылінскага, які адчувальна спрычыніўся да справы няхай і кароткачасовага, але аднаўлення fabrica ecclesiae на абшарах Імперыі[23].

 

У 1869 годзе ў Бялынічах, якія перайшлі ва ўласнасць расейца Сяргея Мясаедава, энергічна дзейнічаў грамадскі камітэт будоўлі касцёла, які ўзначальвалі Цэзар Шаняўскі, Юзаф Камароўскі і Станіслаў Астроўскі. У Варшаве у Максіміліяна Файянса друкаваліся ў розных фарматах літаграфіі і хромалітаграфіі з цудоўным абразом. У Парыжы, магчыма, дзякуючы дапамозе эмігрантаў, вырабляліся медныя гравюры Лемерц’ера і стальныя гравюры са складанымі карункамі F. Chardona. У Вільні і Магілёве вырабляліся медалікі[24]. Вялікую папулярнасць здабыў ва ўсёй Польшчы (насуперак канфіскацыі часткі наклада) верш “Касцёл у Бялынічах”, напісаны ў 1860 годзе Габрыэлай Пузынінай з роду Гунтэраў, у якім яна адлюстравала ідэю супольнасці, а таксама герархіі польскіх, літоўскіх і беларускіх санктуарыяў:

 

Адна з крыніцаў найчысцейшых нашае старонкі

Адна з тых брамаў, што вядуцьу рай,

Скарбніца ласкаў і людзей слязніца

Крыло – “дзе прыцінаемся ў патрэбах”

Сястра Жыровіцаў, Вострай Брамы,

І Яснай Гуры, што над імі

Адзін з тронаў, рукой людзкою

Узнесла для Дзевы Нябёсаў на зямлі

Дзе бачна моцаю Божага цуду

На мёртвым дрэве воблік жывы

Мястэчка Марыі – Бялынічы! [25]

 

У змрочны час антыпольскага пераследу, закрыцця кляштараў і закрыцця каталіцкіх святыняў, пад сувой інтрыгаў, даносаў і афіцыйных петыцыяў, якімі мясцовыя праваслаўныя святары закідвалі магілёўскага губернатара Беклямішава і чальцоў Сіноду[26], працягвалася праца духоўнай і матэрыяльнай адбудовы “беларускай Чэнстаховы”. Першая распачалася непасрэдна пасля пажару, другая скончылася ў 1875 годзе паўторным асвячэннем касцёла. Напалеон Орда, які прыехаў тады ў Бялынічы, мог убачыць скончаную справу.

 

Амаль адразу пасля таго, як 10 лютага 1876 года памёр кс. Гадлеўскі,[27], “упала апошняя запора, якая трымала Маскалёў на прывязі” (існуе версія, што яго атруціў адзін з праваслаўных святароў). Яшчэ да пахавання і ўсталявання на прыкасцёльных могілках помніка з выявай святара, пачаліся намаганні па пераняццю санктуарыя Праваслаўнай Царквой. Шлях для такога вырашэння адкрыў рапарт обер-пракурора Сіноду в. Еўсеева, які патрабаваў вяртання цудатворнай іконы, якую каталікі нібыта скралі ў XVII ст. Пазней усё адбылося імгненна. Папярэдзіўшы пратэсты, ноччу  11 красавіка 1876 года служачыя губернатара забралі ключы і апячаталі святыню, у якой яшчэ, можна сказаць, не высахла фарба. На наступны дзень пратаіерэй Пётр Ханкевіч акрапіў сцены.

 

На жаль, біскуп Антоні Фіялкоўскі, які ў той час з’яўляўся магілёўскім арцыбіскупам, нават не пратэставаў, – наадварот, абвяшчаючы пастанову аб ліквідацыі парафіі, ён паўтарыў словы царкоўнай прапагандай пра тое, што бялыніцкі абраз Маці Божай з’яўляецца старажытным праваслаўным абразом, скрадзеным Львом Сапегам з брамы куцеінскага манастыра пад Оршай.

 

Маёмасць касцёла, з выключэннем абраза, было загадана перавезці ў катэдру св. Станіслава ў Магілёве. Летам адбылося асвячэнне царквы пад тытулам “Нараджэнне Найсвяцейшай Дзевы Марыі”, а ў сакавіку наступнага года будынак перадалі манахам, які прыехалі з Тупічэўскага манастыра пад Мсціслаўем[28].

 

Як спроба залячэння ранаў, каталікамі пачала пашырацца версія аб тым, што кс. Гадлеўскі, прадбачачы лёс касцёла, замяніў цудоўны абраз на копію і схаваў арыгінал у бяспечным месцы. Адначасова распачаліся намаганні пабудовы новай святыні – у 1904 годзе быў асвечаны невялікі касцёл (высокія вежы, пабудаваць не дазволілі) у Свяцілавічах,  які стаў цэнтрам духоўнага жыцця былых парафіяў ў Княжыцах і Бялынічах (у 10 вёрстах ад Беларускай Чэнстаховы)[29]

 

Паводле некаторых звестак, колькасць яго вернікаў дасягала 1 600 асобаў, якімі вельмі шанаваўся абраз Маці Божай Бялыніцкай, копія якога знаходзілася ў адным з бочных алтароў святыні.

 

Нягледзячы на тое, што, паводле праваслаўных крыніцаў, перад цудоўным абразом штогод маліліся больш за 10 тысяч праваслаўных пілігрымаў[30] і друкаваліся выявы манастыра і абразкі Маці Божай Бялыніцкай з кірылічнымі  надпісамі, фактам застаецца тое, што ад часу новых гаспадароў пачаўся заняпад мястэчка. Ужо ад 1877 года кірмашы  адбываліся толькі адзін раз у год (8 верасня). Зніжалася і колькасць жыхароў, сярод якіх была большасць габрэяў.

 

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пачалося паступовае знішчэнне будынку Бялыніцкай святыні – у 30-ых гадах ХХ ст. ён быў нацыяналізаваны і перабудаваны. Апошнія яго рэшткі зніклі чвэрць стагоддзя таму.

 

Парафія ў Бялынічах аднавілася ў 90-ых гадах мінулага стагоддзя – у 1993 годзе.[31] У 2002 годзе адбылася першая пілігрымка з Магілёва да Маці Божай Бялыніцкай. Мастак Эдвард Кавалеўскі намаляваў копію абраза Маці Божай Бялыніцкай, якая была перададзена каталікам Бялынічаў[32].

 

У 1995г. у сувязі з тым, што былі пэўныя праблемы звязаныя з атрыманнем зямельнага надзелу для будаўніцтва новай каталіцкай святыні, стараннямі кс. Караля Тамэцкага быў набыты невялікі дом па адрасе: вул. Калініна, 38, які і з’яўляецца месцам малітвы бялыніцкай супольнасці да сённяшняга дня. У

 

2008 годзе душпастырам Бялыніцкай парафіі быў прызначаны місіянер з Польшчы кс. Караль Тамэцкі[33].

 

 

17 верасня 2011 года у Бялынічах прайшлі юбілейныя ўрачыстасці 250-годдзя каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай. Перад Святой Імшой адбылася канферэнцыя «Хрысціянства ў прыдруцкім краі»[34].

 

На жаль, пасля трох гадоў служэння з-за стану здароў’я кс. Караль быў вымушаны выехаць з Бялынічаў, не дачакаўшыся замены на працягу болей чым года.

 

Цяпер супольнасцю каталікоў у Бялынічах апякуюцца святары Магілёўскай конкатэдры. З болем даводзіцца зазначыць, што цяжка пакуль спадзявацца на больш станоўчую перспектыву сапраўднага адраджэння парафіі, – у 2015г. у Бялынічах не было нават  нядзельнай Святой Імшы (Эўхарыстыя цэлебравалася па суботах).

 

Якой будзе наступная старонка беларускай Чэнстаховы?...



[1]Ф. Жудро, Белынический Богородичный монастырь, „Могйлевскія Епархіальныя Вядомости" 1893, nr 27-29 (21 IX-11 X), с. 489; тэкст выйшаў таксама ў форме брашураў.

А. Киркор,Живописная Россия, т. 3, Литовское и Белорусское Полесье, СПб 1882, с. 412.

[2]J. M. Giżycki [Wołyniak], Z przeszłości karmelitów na Litwie i  Rusi, Kraków 1918, cz. I, Spis alfabetyczny karmelitów Antiquae Observantiae na Litwie Rusi w zaborze rosyjskim, с. 21-34; cz. II, Siedziby zakonne karmelitanek na tem terytorium, с. 79-87.

[3]AKKr., 90, Liber originalis beneficiorum, k. 6v-12; BPAU-Kr., 5982, k. 22–25 (kopia funduszu);

BNUW, 4–13518 (A-185): Kopia funduszu Białynickiego.

[4]Drukarze dawnej Polski odXV do XVIII wieku, z. 5, Wielkie Księstwo Litewskie, oprac. A. Kawecka-Gryczowa, K. Korotajowa, W. Krajewski, Wrocław 1959, с. 118-119.

[5]M. M. Казлоўская, В. Л. Насевіч, Бялынічы, у: Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі, т. 2, Мінск 1994, с. 166-167.

[6]Volumina Legum,т. 4, Пецярбург1859, с. 421 (194).

[7]     Informacya krotka de origine obrazu Matki Nayświętszey Białynickiey wielkiemi cudami słynącego, który za wyszłą bullą y dekretem naywyższey stolicy apostolskiey koronowany jest przez Jaśnie Wielmożnego

Imci Xiędza Jerzego z Eklów Hylzena biskupa smoleńskiego roku 1761 miesiąca septembra dnia 20, 1761(Далей – Інфармацыя…)

[8]Там жа.

[9]W. Boberski, MARYJNE SANKTUARIUM KARMELITÓW W BIAŁYNICZACH. ARCHITEKTURA I SZTUKA „BIAŁORUSKIEJ CZĘSTOCHOWY”, у: SZTUKA KRESÓW WSCHODNICH, т.6, Кракаў 2006, с. 99-100.

[10]    Там жа, с. 100.

[11]    В. В. Рыбаков, Бялынічы, у:Помнікі гісторыі і культурыБеларусі, 1978, №2, с. 17.

[12]    Інфармацыя…, тв. цыт.

[13]    LAHW, 694-1-4360, Computa ConventusBiałynicensis.Perceptarum quodexpensarumad 1748, s. 164.

[14]    Інфармацыя…, тв. цыт.

[15]    A. J. Baranowski,Koronacje wizerunków maryjnych w czasach baroku. Zjawisko kulturowe i ar­tystyczne, Warszawa 2003, с. 49-53.

[16]    W. Boberski, тв. цыт., с. 102-103.

[17]    Там жа.

[18]    Інфармацыя…, тв. цыт.

[19]    Kochański X. Dominik, Kazania y nauki z badaniami, przykładami, zarzutami, odpowiedziami. Na missyach Dominikanów po całym Xięstwie Litewskim y przyległych krajach wędrówne słowo Boże opowiadaiących. Mianowicie w Nowogrodku podczas Trybunału za łaski JX. J. P. Andrzeja Ogińskiego Miecznika W. X. Lit. w Białyniczach podczas Koronacyi Obrazu Bogarodzicy, w Wilnie na początku głownych sądów W. X. Lit ogłoszone Jaś. W. J. P, Tadeuszowi Franciszkowi Xiążęciu na Kozielsku Ogińskiemu Wojewodzie Trockiemu, Hrabi na Mołodeczney, Hanucie, Łuczaju etc. Retowskiemu, Babilskiemu etc. Staroście, Kawalerowi Orła biał. y JW. J. P. Jadwidze z Załuskich Ogińskiey Wojewodzinie Trockiey etc. przy uroczystym na Wojew. Trockie wieździe na zawdziekę świadczonych łask Zakonowi kaznodzieyskiemu, przypisane. Przez X. Dominika Kochańskiego S. T. Doctora, Missyonarza, teraz Prowincyała Prowincyi Litewskiey tegoż Zakonu. Roku 1770,  Вільня 1770.

[20]    НГАБ, 2001-1-131 (справа аб закрыцці кармеліцкага кляштара).

[21]    Жудро, Белынический Богородичный..., с. 520-521.

[22]    Там жа, с. 489.

[23]    Nasze Kościoły, т. 1, Archidiecezja Mohylowska, cz. 1, Mohylewszyzna, Petersburg 1912, с. 22.

[24]W. Boberski, тв. цыт., с. 105-106.

[25]Пераклад з польскай мовы Ц. Палынскай; часткова дадзены тэкст быў перакладзены таксама кс. Каралям Тамэцкім ў 2011г.

[26]O koronowanych Obrazach MatkiBoskiej, „BibliotekaWarszawska", 4, 1849, s. 463-465, tab l. III nr 16.

[27]Tygodnik Ilustrowany, т.ІІ, №27-53, 1876, с. 68-70.

[28]Белыничская икона Божией Матери, у: http://sppsobor.by/bractva/vilna/publish/ruscalendar/5914.

[29]Касцёл св. Людовіка ў Свяцілавічах (Бялыніцкі раён),у: http://mohylev-katolik.by/index.php/gistoryya/item/165-kastsjol-sv-lyudovika-svyatsilavichakh-byalynitski-rajon.

Нажаль, яго лёс таксама быў нешчаслівым - У 30-ых гадах мінулага стагоддзя будынак перадалі прамкалгасу, затым прыстасавалі пад клуб, сельскую школу, калгасную кантору. Цяпер тут знаходзіцца пошта, і аб былой прыгажосці і велічнасці будынка, які некалькі разоў быў рэканструяваны, сёння нагадваюць толькі пілястры ў старой яго частцы.

[30]Жудро,Белынйческій Богородичный...,с. 526.

[31]http://www.bialynicze.parafie.com.pl

[32]Клуб каталіцкай інтэлігенцыі пры парафіі “Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі” у горадзе Магілёве., у: http://www.jesusby.com/parish/kik.html

[33]кс. Караль Тамэцкі нарадзіўся 25 ліпеня 1969г. у г. Бельска-Бяла (Bielsko-Biała) ў Польшчы.
У 1994г. прыняў святарскія пасвячэнні. Амаль адразу пасля прыняцця пасвячэнняў прыехаў несці святарскую паслугу ў Беларусь на Магілёўшчыну.  Спрычыніўся да адраджэння амаль усіх парафій у нашым рэгіёне.

Кс. Караль Тамэцкі быў піянерам у стварэнні першых беларускіх парафіяльных сайтаў – у 1999 годзе стварыў сайты Чавусаў і Мсціслава - cavusy.mscislaw.org.plі mscislaw.org.pl.

Выконваў святарскае служэнне ў Мсціслаўі, таксама быў кіраўніком Мсціслаўскага дэканату. Зараз з’яўляецца вікарным святаром парафіі Найдаражэйшай Крыві Пана Езуса ў м. Быстра (Польшча).

[34]Урачыстасці 250-годдзя каранацыі абраза Маці Божай адбыліся ў Бялынічах, у: http://catholic.by/2/home/news/belarus/minsk-mohilev/110097-bjalynichy.html

 

 
Прочитано 610 раз Последнее изменение Четверг, 18 Август 2016 08:22

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены