Радыё Марыя-online

 
 
 
 

Каляндар

Католические праздники

 

Малітва святароў

Год Міласэрнасці

 
 
Среда, 02 Апрель 2014 15:49

Гісторыя каталіцтва ў нашым рэгіёне: Магілёўская семінарыя

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

Запрашаем пазнаёміцца з гісторыяй другой па часе заснавання духоўнай навучальнай установе на беларускіх землях – Магілёўскай духоўнай семінарыі.

 

У 1773 г. Магілёў стаў цэнтрам Беларускай дыяцэзіі, у 1783 г. перайменаванай у Магілёўскую. Амаль адначасова з заснаваннем дыяцэзіі ў дэкрэце Pastoralis sollicitudo нунцыя Я. Аркеці абвяшчалася аб стварэнні семінарыі ў Магілёве. Сенат 16 (27) мая 1784 г. даў згоду на адкрыццё навучальнай установы. Абавязак непасрэднага стварэння навучальнай установы, яе матэрыяльнага забеспячэння і арганізацыі навучальнага працэсу з’яўляўся абавязкам біскупа С. Богуш-Сестранцэвіча.

 

На будынак семінарыі біскупам быў абраны кляштар магілёўскіх кармелітаў і яго гаспадарчыя пабудовы. Першапачаткова С.Богуш-Сестранцэвіч планаваў перанесці ў Магілёў семінарыю з Краслава, але ў выніку абмежаваўся тым, што прызначыў частку фундуша Краслаўскай семінарыі (маёнтак Плоскае) на Магілёўскую семінарыю. У 1839 г. да Магілёўскай семінарыі далучылі Звянігарадскую разам з яе фундушам.

 

Семінарыі належалі некаторыя драўляныя будынкі, якія, як адзначалася, былі вызначаны на “пражыванне прафесараў і слугаў”. Патрэбы ў садавіне і гародніне забяспечваў семінарскі сад, які, акрамя натуральнага забеспячэння навучальнай установы, штогод прыносіў 100 руб. асігнацыямі даходу. Кіраванне семінарыяй і педагагічную дзейнасць у ёй С. Богуш-Сестранцэвіч даручыў святарам з кангрэгацыі місіі. З іх ліку да 1839 г. ў семінарыю прызначаліся выкладчыкі і кіраўнік. На чале семінарыі стаяў рэгенс, які ажыццяўляў непасрэднае кіраўніцтва навучальнай установай. Часта таксама выкладаў той ці іншы курс. Магілёўская семінарыя не належала да вялікіх, таму, разам з рэктарам, колькасць выкладчыкаў складала 3-4 чалавекі. Праграма навучання для Магілёўскай семінарыі было распрацавана непасрэдна С. Богуш–Сестранцэвічам яшчэ перад яе адкрыццём у 1786 г. Навучанне ў семінарыі разлічвалася на 4 гады. Пры гэтым чацвёрты год прызначаўся на практыку пры архікатэдральным касцёле. 4-гадовы курс навукі быў новаўвядзеннем для таго часу, калі сярэдняя працягласць навучання ў семінарыях складала 2 гады. У 1820 г. цыкл прадметаў у Магілёўскай семінарыі быў наступны: дагматычная і маральная тэалогія, гісторыя касцёла, рыторыка, навука ўдзялення сакрамантаў, Біблія, практычны катэхізіс, грыгарыянскі спеў, царкоўныя абрады, лацінская літаратура, французская, нямецкая, і іншыя мовы, і, як азначалася “іншыя навукі, патрэбныя духоўным асобам”. У другой палове 30-х гг. ХІХ ст. курс навук у Магілёўскай семінарыі быў трохгадовым, і ахопліваў наступныя прадметы: маральная і дагматычная тэалогія, уводзіны ў Біблію разам з экзэгезай, гісторыя касцёла, кананічнае права, пастаральная тэалогія разам з практычным катэхізісам, Rubrum, спеў, мовы – лацінская, руская, французская.

 

Пасля далучэння да Магілёўскай семінарыі Звянігарадскай было прадпісана наступнае: “у гэтай семінарыі прадметы павінны выкладацца гэтак сама, як і ў Віленскай Духоўнай акадэміі; прадметы наступныя: тэалогія дагматычная, маральная, пастаральная, гісторыя касцёла, Біблія, рыторыка, лацінская мова, Rubrum, кант, цырымоніі, удзяленне сакрамантаў і руская мова; курс навук павінен быць разлічаны на 3 гады, падручнікі для навучання ў семінарыі ужываць тыя, якія капітул сумесна з прафесарамі прызнае за лепшыя”. Практычная падрыхтоўка будучых святароў павінна была адбывацца на вялікія святы і ў нядзелі ў прысутнасці аднаго з прафесараў перад нешпарамі альбо пасля. Клерыкі, якія мелі вышэйшыя пасвячэнні альбо рыхтаваліся да іх павінны былі навучаць вернікаў катэхізісу і пацерам.

 

Прыняцце на навучанне ў семінарыю ажыццяўлялася пры ўмове выканання шэрагу патрабаванняў. Агульнымі ўмовамі пры паступленні былі: прадстаўленне ў семінарыю метрыкі аб нараджэнні і хросце, з подпісам і пячаткай пробашча альбо дэкана; пасведчання ад дэкана, пробашча альбо настаўніка. Статуты падкрэслівалі, што семінарысты павінны мець слых і голас, неабходныя для правядзення спяваных набажэнстваў. Згодна з агульным звычаем у семінарыі паступалі ва ўзросце ад 18 да 30 год. Сярод патрабаванняў да паступаючых выдзяляліся таксама: здароўе і адсутнасць грашовых пазыкаў.

 

Па задумцы С. Богуш-Сестранцэвіча ў Магілёўскай семінарыі ад пачатку яе існавання павінны былі навучацца прадстаўнікі манаскага духавенства: 10 з дамініканскага ордэна, 8 – з кармелітанскага, 5 – з францысканскага. Такая практыка не была звычайнай для іншых дыяцэзіяльных семінарыяў, паколькі кожны ордэн меў уласныя філасофска-тэалагічныя студыі. Складана ўснанавіць, ці сапраўды ордэны ў першапачатковы перыяд высылалі ў семінарыю манахаў, ці абмяжоўваліся рэгулярнымі выплатамі на карысць семінарыі ў памеры платы з навучанне вызначанай колькасці асоб. У ХІХ ст., сярод семінарыстаў адзначалася толькі 2 чалавекі з ордэна канонікаў рэгулярных латэранскіх.

 

Колькасць алюмнаў у семінарыі была непастаяннай. Так, у 1836 і 1837 гг. у Магілёўскай семінарыі навучалася 11 чалавек, з іх 6 – на фундушы, а 5 – сваім коштам, у 1839 – 10 (5 сваім коштам, 5 на фундушы). Пасля далучэння Звянігарадскай семінарыі да Магілёўскай, колькасць алюмнаў узрасла. Так, у 1840 – 1841 навучальным годзе клерыкаў налічвалася 24 (з іх 16 – на фундушы, 7 сваім коштам, з іх 2 – канонікі рэгулярныя). Але ўжо ў наступным годзе колькасць навучэнцаў ізноў значна зменшылася – да 15 чалавек, з каторых 12 на фундушы, а 3 – сваім коштам (з іх 1 – канонік рэгулярны). У наступным годзе колькасць навучэнцаў павялічылася і складала 19 чалавек, з якіх 15 – фундушавых, 4 – уласным коштам. Семінарыстаў абавязвала строгая дысцыпліна. Можна выдзеліць 2 тыпы парушэнняў: дысціплінарныя і за непаспяховасць. Да першых адносіліся любыя парушэнні ўнутранага распарадку, самавольны (без дазволу альбо без суправаджэння) выхад у горад, размовы пры стале, грубасць, насмешкі, плёткі, неразважівыя паводзіны па-за семінарыяй (падчас вакацый альбо прагулак) і г.д. Большасць парушэнняў каралася заўвагамі альбо пакараннямі, аднак, магі прымяняцца і выключэнні з семінарыі. Тэарэтычна, выключэнню з семінарыі падлягалі алюмны “не здольныя атрымаць неабходныя тэалагічныя веды, лянівыя, захопленыя нетэалагічнымі прадметамі (матэматыкай, гісторыяй, свецкай літаратурай), а таксама недалёкія, летуценнікі, замкнутыя ў сабе, нерашучыя, няздольныя да публічных выступленняў, меланхолікі, склочнікі” (перакл. з польск. – аўт.). Аднак, на практыцы, гэта выконвалася ў нязначнай ступені. Кіраўніцтва семінарыяй і біскупы стараліся падтрымаць цікавасць клерыкаў да навукі. Алюмны Магілёўскай семінарыі за поспехі ў навучанні атрымлівалі матэрыяльныя ўзнагароды. У 1839 г. за поспехі ў навучанні было вырашана ўзнагароджваць 8 клерыкаў штогод прэміяй у памеры 100 руб. Аднак, напрыклад, у 1841 г., пасля правядзення гадавых экзаменаў, узнагароды атрымалі толькі 5 клерыкаў, з якіх 4 – Зянон Яткевіч, Даніэль Рымкевіч, Фелікс Лячыцкі, Францішак Вечаркоўскі атрымалі па 100 руб. асігнацыямі, а клерык Раманоўскі Ян – 70 руб ассігнацыямі.

 

Вынікам навучання ў семінарыі з’яўляліся пасвячэнні прэзбітэрату. Пасля заканчэння курсу навук, станоўчай адзнакі на выніковым экзамене, пазітыўным рашэнні духоўных уладаў і дазволе ўладаў свецкіх выпускнік семінарыі атрымліваў пасвячэнні прэзбітэрату, якія ўдзяляў біскуп, і накіраванне на адпаведнае месца працы. Нягледзячы на тое, што курс навучання ў Магілёўскай семінарыі быў разлічаны на 3 гады (4 год у Магілёве прызначаўся на практыку пры катэдральным касцёле), частымі былі выпадкі, калі клерыкаў, згодна з рашэннем біскупа пасвячалі пасля 2 года навучання. Прычынай, якая ўплывала на такое рашэнне, быў недахоп святароў на парафіях.

 

Атрыманне пасвячэнняў залежала не толькі ад рашэнняў уладаў каталіцкага касцёла, але і ад свецкіх. Так, напрыклад, пасля заканчэння семінарыі неабходным крокам было атрыманне дазволу аб адсутнасці перашкодаў для ўступлення ў духоўны сан з земскіх судоў. Нягледзячы на тое, што у большасці выпадкаў выпускнікі азначаны дазвол атрымлівалі, здараліся і адмовы.

 

Распарадак дня ў семінарыі на думку С.Богуш-Сестранцэвіча павінен быў выглядаць наступным чынам: пабудка а 5 раніцы, ад 5.30 да 6.00 – медытацыя, пасля – чытанне з Евангелля; а 7 гадзіне раніцы – імша, пасля яе – сняданне. Заняткі працягваліся ад 8.30 да 11.15, з перарывам ад 10.00 да 10.30, і ад 15.00 да 17.45, з перапынкам на 30 хв. а 16.30. Пасля заняткаў 30 хвілін прызначаліся на чытанне духоўнай літаратуры. Абед і рэкрэацыя пасля яго павінны былі працягвацца ад 11.30 да 13.00. Пасля рэкрэацыі, перад пасляабедзеннымі заняткамі, клерыкі павінны былі яшчэ прачытаць раздзел з любой часткі Новага запавету. Вячэра а 19.00, заканчэнне дня – 21.00.

 

Сярод чатырох семінарый рэгіёну Магілёўская мела найлепшае матэрыяльнае забеспячэнне. У семінарыі клерыкі забяспечваліся жыллём, вопраткай, ежай, дровамі, свечкамі, медыцынскай дапамогай. Для навучэнцаў наймаліся цырульнік і прачка. У семінарыі арганізоўвалася трохразовае харчаванне. На сняданне семінарысты атрымлівалі кавалак хлеба і шклянку вады летам і шклянку падагрэтага піва зімой. Мясныя стравы і іншая “цяжкая” ежа раніцай былі забароненыя. У Статуце адзначался, што калі б хтосьці хацеў яшчэ піць, то атрымліваў яшчэ шклянку вады, але не больш, паколькі “прызвычаіцца да п’янства можна нават п’ючы ваду, калі спажываць яе калі толькі гэтага захочацца”(перакл.з польс – аўт.). Ужыванне алкаголю (гарэлкі) было катэгарычна забаронена, аднак па прадпісанні лекара ў малых дозах дазвалялася. Спажывалі ежу ў цішыні. На абед падавалі 4 стравы, на вячэру – 3. На дзень для кожнага алюмна выдзяляўся штоф (1 штоф = 1,2299 літры) піва.

 

31 жніўня (12 верасня) 1843 г. указам інспектара кансісторыі прадпісвалася ўчыніць неабходныя захады па аб’яднанні Магілёўскай, Беластоцкай і Краслаўскай семінарыі ў адну ў Магілёве. 30 кастрычніка (11 лістапада) 1843 г. Магілёўскую семінарыю далучылі да Мінскай. Навучальная ўстанова спыніла сваё існаванне. Аднавіла сваю дзейнасць ў 1879 г. у Пецярбургу.

 

Літаратура:

 Зянюк Р.У. Магілёўская рымска-каталіцкая духоўная семінарыя: 1788 – 1843 гг. // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць. Зборнік навуковых прац удзельнікаў VII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Магілёў, 26-27 чэрвеня 2013 г. / уклад. А.М. Бацюкой, І.А. Пушкін. – Магілёў : УА “МДУХ”, 2013. – с. 133 – 140; Раіса Зянюк, З гісторыі духоўных навучальных устаноў: Магілёўская семінарыя, у: http://grodnensis.by/blogs/blogs-natatki-ab-minulym/3017-z-gistoryi-dukho-nykh-navuchalnykh-ustano-magiljo-skaya-seminaryya.html

Прочитано 1763 раз

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены