Laudetur Jesus Christus! 

Шчыра вітаем Вас, паважаны наведвальнік, на інтэрнет-старонцы Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне!

Радыё Марыя-online

 
 
 
 

Каляндар

Католические праздники

 

Год Манаскага Жыцця

Малітва святароў

Год Міласэрнасці

 
 

Пастырскае пасланне на Адвэнт 2013

Оцените материал
(0 голосов)

 

Адчынім дзверы нашых сэрцаў «адвэнтаваму злодзею» (пар. Мц 24, 43)

 

 

 

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл распачынае новы літургічны год і распачынае яго Адвэнтам, які з’яўляецца часам чакання прыйсця Пана. Мы прызвычаіліся Адвэнт лічыць часам падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, калі ўспамінаем прыйсце Бога ў гэты свет больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме. Аднак Адвэнт – гэта таксама час падрыхтоўкі да другога прыйсця Хрыста, якое наступіць напрыканцы часоў.

 

У Адвэнце мы таксама ўспамінаем прыйсце Хрыста падчас нашага жыцця, якое адбываецца праз чытанне Святога Пісання, у сакрамэнце хросту і іншых сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі. Таму Касцёл заахвочвае нас адчыніць нашы сэрцы і прыняць Хрыста з верай, надзеяй і любоўю.

 

У Адвэнце мы таксама павінны памятаць аб Яго прыйсці, якое спазнаем у хвіліны завяршэння нашага зямнога жыцця. Калі гэта адбудзецца, мы не ведаем. Менавіта таму ў Адвэнце гучаць словы Хрыста: “Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе” (Мц 24, 42), а Ён прыйдзе нечакана, як злодзей (пар. Мц 24, 43), і да Яго прыйсця неабходна падрыхтавацца.

 

2. Уявім сабе, што мы спакойна спім і вось нечакана чуем нейкія крокі, якія азначаюць, што ў нашым доме з’явіўся нехта чужы. Гэта злодзей, які парушае наш спакой і нават з’яўляецца пагрозай.

 

Нас ахоплівае страх, выступае халодны пот і мы дакараем сябе, чаму не ўсталявалі сігналізацыю, не паставілі добрых замкоў са спецыяльнымі кодамі, не завялі сабаку і г.д. Тады мы разумеем, што ўжо позна і трэба было дзейнічаць раней.

 

3. Зламыснікі палохаюць нас аж да смерці. Нічога не змянілася за апошнія 2000 гадоў. У часы Езуса людзі таксама баяліся злодзеяў. Аднак іх вобраз выкарыстоўвае Хрыстус, каб прадставіць Бога, які прыходзіць знянацку.

 

Гэта парадаксальна, і можа здавацца дзіўным параўноўваць прыйсце Хрыста да злодзея, бо злодзей – гэта заўсёды зло і пагроза. Але менавіта яго вобраз выкарыстоўвае Езус, каб з моцаю прамовіць да грэшных людзей. У гэтым можна не сумнявацца, бо як нечакана ў нашае спакойнае жыццё ўрываецца злодзей, таксама нечакана ў яго ўваходзіць Бог.

 

4. Будзе канец свету, які часта прадказваюць розныя, не маючыя нічога супольнага з Богам прароцтвы, ці не будзе — мы, аднак, павінны заўсёды чуваць, быць падрыхтаванымі і чакаць прыйсця Хрыста (пар. Мц 24, 42), бо Бог прыходзіць да нас, прыходзіць у нашы сэрцы і наша жыццё. У пэўным сэнсе мы можам казаць: “Хрыстус прыйшоў, Хрыстус прыходзіць і Хрыстус прыйдзе ізноў”. Таму мы павінны дзякаваць Яму, запрашаць Яго і чакаць.

 

Езус не толькі клапоціцца пра падзеі свету, але клапоціцца таксама аб усіх нас, клапоціцца аб усім чалавецтве і аб кожным з нас паасобку. Нельга думаць, што Бог клапоціцца толькі пра вялікія справы. Нельга засяродзіцца толькі на тым, што Бог прыйшоў у гэты свет 2000 гадоў таму ў Бэтлееме і прыйдзе напрыканцы свету. Праўдай ёсць тое, што як злодзей прыходзіць уначы, так і Бог нечакана ўваходзіць у наша жыццё. І калі мы чуваем і падрыхтаваныя, то не здзіўляемся гэтаму.

 

5. Калі Бог можа чыніць такія вялікія рэчы, як раздзяліць напалову Чырвонае мора, каб правесці праз яго габрэяў, якія ўцякалі з егіпецкай няволі, ці ўваскрасіць Езуса з памерлых (пар. 1 Кар 6, 14), то ці не можа ўвайсці ў наша жыццё, каб выбавіць нас з няволі граху і ўчыніць святымі? Ён можа ўчыніць гэта ў любы момант. Яго прыйсце можа быць імгненным і нечаканым, як патоп у часы Ноя. Многія людзі тады ігнаравалі папярэджанне і смяяліся з Ноя, які будаваў вялікі каўчэг на сушы і далёка ад мора. Але патоп прыйшоў і знішчыў іх, і ў той жа час захаваў Ноя, яго сям’ю і жывёл (пар. Мц 24, 37-39).

 

Падобнае пагражае тым, хто не слухае Бога. Пры гэтым неаходна памятаць, што Божы суд не супольны, але індывідуальны. Езус кажа аб гэтым вельмі выразна. Два чалавекі будуць у полі, адзін будзе ўзяты а другі пакінуты (пар. Мц 24, 40). Гэта азначае, што той, хто жыве паволе Божага закону, будзе выратаваны, а хто не згаджаецца з ім – загіне. Таму, “не спі і абудзіся, чалавек, бо ты не ведаеш дня прыйсця Пана” (пар. Рым 13, 1).    

 

6. Сваё будучае прыйсце Хрыстус прадстаўляе ў вобразе прыходзячага знянацку ў дом злодзея, які ўваходзіць у наша жыццё ў найбольш неспадзяваны час. Але Ён прыходзіць не для таго, каб украсці ў нас тое, што добрае, але што дрэннае; каб забраць з нашага жыцця ўсё тое, што нас аддзяляе ад Бога з мэтай зноў прывесці да Яго.

 

Гэта першая часта адвэнтавага паслання, якое нам нясе Касцёл падчас Адвэнту.

 

І сапраўды:

 

- Хрыстус прыходзіць, каб украсці ланцугі, якімі мы прывязаны да матэрыяльных каштоўнасцяў і амаральных спраў;

- Хрыстус прыходзіць, каб украсці страх перад будучыняй;

- Хрыстус прыходзіць, каб украсці цемру з нашых душ і асвяціць нас сваім святлом.

 

Такім чынам, сапраўды Хрыстус, як злодзей, прыходзіць выкрасці нас з рэчаў і спраў, якія чыняць нас нявольнікамі зла, замест таго, каб быць дзецьмі свабоды ў Духу Святым.

 

7. Пад уплывам фальшыва зразуметай свабоды мы забіваем ненароджаных дзяцей, не захоўваем сужэнскай вернасці, ужываем наркотыкі і алкаголь, прымаем нязгодныя з Божым законам пастановы і г.д. Пад уплывам духу спажывецтва Адвэнт і Божае Нараджэнне ператвараюцца ў камерцыйныя мерапрыемствы, у выніку чаго траціцца іх дух і забываюцца народныя святочныя традыцыі. Пад уплывам талерантнасці і рэлігійнай паліткарэктнасці распаўсюджваецца культура, якая не адрознівае каштоўнасцяў ад антыкаштоўнасцяў і сцвярджае, што праўда і маральнасць залежаць ад таго, ці адпавядаюць яны чалавеку. Менавіта таму сёння вельмі актуальныя словы святога апостала Паўла, што неабходна прабудзіцца са сну, каб паглядзець Богу ў вочы, бо цяпер збаўленне бліжэй (пар. Рым 13, 11).

 

Хрыстус, як злодзей, прыходзіць не для таго, каб прычыніць нам зло, але каб выратаваць ад злога. Ноч завяршаецца і набліжаецца дзень. Хрыстус прыходзіць як злодзей і як святло, каб не даць злому духу перамагчы і каб вывесці нас з цемры ў святло, каб апрануцца ў зброю святла (пар. Рым 13, 12). Таму нам неабходна чуваць і быць гатовымі на Яго прыйсце.

 

У гэтым заключаецца другая частка адвэнтавага паслання Касцёла свайму народу: “Сказаць цемры граху ‘не’, бо мы належым да святла”. Як святло забівае падземных звяроў і паралізуе глыбінныя рыбы, таксама і Божае святло забівае грэх і паралізуе грэшныя звычкі.

 

8. Каб гэта ўсё адбылося, неабходна чуваць і адпаведным чынам падрыхтавацца. Калі да нас прыходзіць госць, то натуральна, што мы рыхтуемся да гэтай сустрэчы.

 

Падобнае павінна быць з чаканнем прыйсця Езуса. Мы заўсёды павінны быць падрыхтаванымі да сустрэчы з Ім. Гэта азначае, што ў сваім штодзённым жыцці мы павінны следаваць за Хрыстом і жыць сапраўдным хрысціянскім жыццём паводле атрыманых ад Бога дароў і Яго ласкі. Чынячы так, мы рыхтуемся да Яго прыйсця – найперш у час нашай смерці а потым напрыканцы часоў.

 

9. Як падрыхтавацца да прыйсця Хрыста?

 

Святы апостал Павел вучыць, што мы з’яўляемся дзецьмі Божымі (пар. Гал 3, 26). Наша пакліканне – гэта неба, як дом нашага нябеснага Айца. Менавіта таму прыходзіць Хрыстус, каб з’яднаць нас з Богам. Хрыстус хоча, каб мы ведалі, што Ён уваходзіць у наша жыццё, каб выкрасці нас з палону злога духа. Ён кажа, што нашай мэтай ёсць рэчаіснасць, дзе ўжо няма цемры і дзе мы становімся ўдзельнікамі вечнага жыцця.

 

Для гэтага нам неабходна ўпарадкаваць наша жыццё праз штодзённую малітву, якая ніколі не з’яўляецца страчаным часам, як часта думае сучасны чалавек. Упарадкаваць праз сумленнае выконванне сваіх абавязкаў, цярплівае нясенне крыжа свайго жыцця, дапамогу іншым і г.д.

 

А як ёсць з намі? Ці мы маем час на малітву? На споведзь? На будаванне рэлігійнай атмасферы ў нашых сем’ях? На служэнне бліжнім? Ці можам гэта ўчыніць, бо Бог так палюбіў нас, што паслаў у свет свайго адзінароднага Сына, каб нас збавіў?

 

10. У такой сітуацыі мы не можам ігнараваць Яго любоў. Для гэтага неабходна дазволіць Езусу ўвайсці ў наша жыццё, каб Ён забраў з яго ўсё дрэннае і адарыў патрэбнымі дарамі, каб мы маглі будаваць шчаслівае жыццё на зямлі і ў вечнасці ўвайсці ў дом нябеснага Айца.

 

Гэта тое заданне, якое стаіць перад намі на пачатку Адвэнту. Учынім таму ўсё магчымае, каб Езус Хрыстус, як адвэнтавы злодзей, прыйшоў да нас і вызваліў з палону зла, каб на свята Божага Нараджэння мы з чыстымі сэрцамі адаравалі ў яслях Немаўлятка Езуса і спявалі радасны гімн: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі”. Толькі тады Адвэнт будзе мець сэнс. Толькі тады ён сапраўды будзе спрыяць нашаму духоўнаму аднаўленню. Толькі тады стане часам удасканалення.

 

Падобна першым хрысціянам, мы павінны з нецярпеннем чакаць прыйсця Хрыста. Яны маліліся: “Прыйдзі, Пане Езу, прыйдзі і не пазніся”.

 

Тыдзень таму мы ўрачыста завяршылі Год веры. Увойдзем жа ў новы Адвэнт з моцнай верай і надзеяй, бо Хрыстус можа выкрасці ўсялякае зло з нашых сэрцаў, нас перамяніць, учыніць больш Божымі, каб мы выяўлялі сабой вобраз і падабенства Божае, паводле якіх мы створаны (пар. Быц 1, 27).

 

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі – Маці адвэнтавага чування – на гэты час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння і ласкі ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 

Мінск, 24 лістапада 2013 г.

 

 

 

Прочитано 1507 раз
Super User

Рэдакцыя сайта

Сайт: www.mohylev-katolik.by

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены

Расклад святой Імшы ў нядзелі

Бялынічы

15.00 (на беларускай мове)

 

Горкі

8.00 (на беларускай мове),

16.00 (на беларускай мове)

 

Княжыцы

14.00 (на беларускай мове)

 

Крычаў 

10.00 (на беларускай мове)

 

Касцюковічы

11.00 (на беларускай мове),   

15.00 (на беларускай мове) – перыядычна.

 

Магілёў, св. Антонія 

09.00 (на польскай мове),

10.30 (на беларускай мове),

12.00 (на беларускай мове),

16.00 (на беларускай мове).

 

Магілёў, Унебаўзяцця НПМ

9.00 (на польскай мове),

11.00 (на беларускай мове),

13.00 (на беларускай мове),

18.30(на беларускай мове)

 

Магілёў, св. Казіміра

10.00,

18.00

 

Мсціслаў

12.00

 

Шклоў 

12.00 (на беларускай мове)

 

Фашчаўка 

15.00 (на беларускай мове)

 

Чавусы 

9.30 (на беларускай мове).