Міністранты з Магілёва, Бабруйска, Горак сабраліся разам са сваімі душпастырамі, каб падзякаваць Богу за дар служэння пры алтары.
Па распачацце малітоўнай сустрэчы з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся біскуп Аляксандр. Пасля кс. Аляксандр Шупенька са Шклоўскай парафіі св. Пятра і св. Паўла прамовіў канферэнцыю на тэму: “МІНІСТРАНТ - СЛУГА МІЛАСЭРНАГА БОГА ПРЫ АЛТАРЫ”.
“Святы Год Міласэрнасці Божай дадзены нам, каб мы адчынілі дзверы нашага сэрца, як касцёл адчыніў перад намі брамы міласэрнасці. Каб мы дазволілі Хрысту увайсці у нашае сэрца. Хрысту, які падштурхоўвае нас ісці да іншых, каб несці Яго і Ягоную любоў.
(…)Быць міністрантам — гэта адрозненне і гонар, а адначасова — гатоўнасць прыкладаць дадатковыя намаганні, каб служыць Богу і людзям.Ідучы да алтара, міністрант не перастае быць ні сынам, ні вучнем, але, стоячы бліжэй да алтара, чым яго сябры, і прыслужваючы пры справаванні святых таямніцаў, ён абавязаны даць з сябе больш, каб быць добрым чалавекам усюды — дома, у школе, на катэхізацыі альбо ў коле сяброў і сябровак.
Тым, што кожны з вас знаходзяцца так блізка да алтара і прыслужваеце падчас святой Імшы, вы абавязаны самому Хрысту, які кожнага міністранта асабіста запрасіў да служэння пры Яго алтары.” – заўважыў святар.
Пасля адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і маёвае набажэнства, падчас якога ўдзельнікі сустрэчы асаблівым чынам звярталіся да Бога з просьбай аб благаслаўленні на шляху служэння ў якасці міністранта.
Святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр, распачалася ўрачыстым уваходам ў катэдральную святыню праз “Браму Міласэрнасці”. У гаміліі біскуп Аляксандр прыгадаў постаць св. Тарцызія, аднаго з нябесных заступнікаў Літургічнай Службы алтара, які жыў у перыяд пераследу хрысціянскіх вернікаў цэзарам Валерыянам. У маладыя гады гэты святы быў забіты сваімі равеснікамі, калі стараўся абараніць Найсвяцейшы Сакрамэнт, які неслі да хворых і вязняў.
Біскуп заахвоціў браць прыклад са святога Тарцызія, каб, нягледзячы на сваю маладосць, старацца быць руплівым памочнікам святара. Таму вельмі сімвалічным стала традыцыйнае аднаўленне міністранцкіх абяцанняў, якое мае мэту нанова распаліць полымя жадання адданага служэння ў якасці міністранта.
Пасля святой Імшы міністрантаў чакаў смачны пачастунак, які арганізавала катэдральная парафія.
І потым ўсе былі запрошаныя на спартыўную частку сустрэчы, якая прадугледжавала міні-футбол. Малітва і спартыўныя эмоцыі – вось так мы разам весела правялі гэты час!
Фотарэпартаж: Павел Галімаў
http://mohylev-katolik.by/index.php/item/321-liturgichnaya-sluzhba-altara-magiljo-shchyny-sabralasya-na-sumesnuyu-malitvu#sigProGalleria1e3b61dd47