З ініцыятывы каталіцкай інтэлегенцыі з Магілёва ў Бялынічы 25 верасня прыйшла пешая пілігрымка. У ёй узялі ўдзел больш за 50 чалавек, сярод якіх былі вернікі, святары і кансэкраваныя асобы з парафій Магілёва, Бабруйска, Бялынічаў, а таксама Мінска. Узначаліў паломніцтва кс. Вадзім Сурвіла, душпастыр парафіі Божай Міласэрнасці ў Магілёве, разам з сястрой Наталляй Бяляевай ОР і сястрой Верай Гаспаровіч MSF. У арганізацыі пілігрымкі прынялі актыўны ўдзел кс. Віталій Драздоўскі і кс. Павел Беразун, а таксама кс. Аляксандр Шупенька са Шклова. Харчаванне пілігрымаў зладзілі манахі-кларэтыны а. Ежы Вежхоўскі CMFі а. Віталь Чабатар CMF з парафіі святога Антонія ў Магілёве.
На пачатку святой Імшы, якая распачалася ў гадзіну Божай Міласэрнасці, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці, прывітаў пілігрымаў, душпастыраў Магілёўшчыны, вернікаў і гасцей, і заклікаў маліцца аб аднаўленні святыні ў Бялынічах, а таксама аб тым, каб пешая пілігрымка стала штогадовай традыцыяй.
Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які ўзначаліў святочнае багаслужэнне, у гаміліі нагадаў пра неабходнасць жыцця з Богам і паводле Яго запаведзяў.
Пасля святой Імшы супольнасць вырушыла ў працэсіі на зруйнаваныя каталіцкія могілкі ХVІІІ–ХІХ стагоддзяў, молячыся Вяночкам да Божай Міласэрнасці. На могілках быў усталяваны каталіцкі крыж як знак памяці пра пахаваных тут продкаў.
Падчас асвячэння крыжа біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падзякаваў мясцовым уладам, а таксама тым, хто планаваў будаваць на месцы былых могілак краму, але адмовіўся ад гэтай ініцыятывы дзеля ўшанавання спачылых тут людзей.
Сёлетняе свята, можна сказаць, адзначалася інакш, чым у мінулыя гады. Канешне, цяжка казаць аб сапраўдным аднаўленні санктуарыя ў Бялынічах – няма яшчэ належнага месца малітвы, няма ад 2012г. пастаяннага душпастыра Бялыніцкай парафіі, які б непасрэдным чынам клапаціўся аб развіцці веры на бялыніцкай зямлі. Але мы паступова робім тыя кволыя крокі, якія дазваляюць з надзеяй глядзець на будучыню…
Выкарыстаны рэсурсы: krynica.info, catholic.by