Нагадаем, што апошні раз падобнае асобнае спатканне для святароў і кансэкраваных асоб Магілёўшчыны адбылося ў Вялікі Чацвер у магілёўскай конкатэдры, 24 сакавіка бягучага года.
У канферэнцыі, з якой на пачатку сустрэчы выступіў духоўны айцец рэгіёна кс. Андрэй Далянскі з Касцюковічаў, ішла гаворка пра культуру духоўнай асобы.
«Узровень культуры духоўнай асобы павінен быць не проста высокі, а вельмі высокі, — адзначыў святар. — Як духоўныя асобы мы, па-першае, прадстаўляем Бога на зямлі, па-другое, з’яўляемся прадстаўнікамі Касцёла, а па-трэцяе, пастаўлены на чале супольнасцяў і адказваем за іх перад Богам і Касцёлам».
Пасля канферэнцыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і магчымасць прыватнай адарацыі, а таксама сакрамэнт пакаяння.
Святую Імшу, у якой прынялі ўдзел таксама вернікі фашчаўскай парафіі, узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDВ, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці.
«Пасля года служэння ў якасці біскупа на Магілёўшчыне прыходжу да высновы, што нам не трэба спакушацца ацэньваць эфектыўнасць Божай ласкі толькі паводле статыстыкі — рэлігійнай практыкі нашых людзей, але пайсці глыбей і ацэньваць сваё асабістае жыццё як пакліканне ўсюды і заўсёды, асабліва ў пастырскіх намаганнях» - падзяліўся сваімі ўражаннямі падчас гаміліі біскуп Аляксандр.
Пасля Эўхарыстыі прайшла сустрэча духоўных асобаў з біскупам, падчас якой былі абмеркаваны некаторыя душпастырскія справы, у тым ліку завяршэнне пастырскай візітацыі ў Крычаве, Чавусах і Глуску.
Наступная пастырская сустрэча для Магілёўскага рэгіёна адбудзецца 7 лістапада ў Бабруйску ў актаву за памерлых. Падчас сустрэчы будзе зачытаны Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі Магілёўшчыны, адбудзецца супольная малітва за спачылае духавенства Магілёўшчыны і будуць наведаны магілы спачылых святароў.
Паводле: www.catholic.by