Тэафілюс Матулёніс нарадзіўся ў 1873 г. на тэрыторыі Укмергскага павета ў Літве. Атрымаў святарскае пасвячэнне пасля заканчэння Пецярбургскай духоўнай семінарыі.
У 1900-1907 гг. працаваў у Варклянах, на Віцебшчыне і Быхаве, на Магілёўшчыне. Значны перыяд свайго жыцця здзейсняў душпастырскае служэнне ў Пецярбургу. У 1923 г. святар быў ўпершыню арыштаваны і асуджаны на тры гады турэмнага зняволення. Пасля вызвалення працягнуў служэнне ў горадзе на Няве.
У 1928 г. быў прызначаны дапаможным біскупам Магілёўскай архідыяцэзіі, аднак праз два гады быў паўторна арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Салавецкім лагеры асобага прызначэння, вызначаючыся асаблівай мужнасцю і нязломнасцю. У 1933 г. быў вызвалены і высланы ў Літву ў рамках абмену палітычнымі зняволенымі.
У 1943 г. быў прызначаны біскупам Кайшадорыскай дыяцэзіі ў Літве, але пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у 1946 г., быў арыштаваны ў трэці раз і асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі, якія адбываў у сібірскіх лагерах і Уладзіміры. Быў вызвалены ў 1954 г. і накіраваны ў дом інвалідаў, дзе пражываў пад кантролем органаў дзяржаўнай бяспекі. Праз два гады іерарх змог вярнуцца ў Літву.
Біскупу Матулёнісу было забаронена кіраваць дыяцэзіяй і ён быў прымушаны да жыцця ў ізаляцыі. У лютым 1962 г. Ян ХХІІІ надаў яму годнасць арцыбіскупа, а ў жніўні таго ж году іерарх памёр.
Беатыфікацыйны працэс арцыбіскупа Матулёніса распачаўся ў 1990 г. у 2008г. падрыхтаваная дакументацыя была перададзена ў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі.
Выкарыстаныя крыніцы: www.be.radiovaticana.va, http://kaisiadorys.lcn.lt, http://www.prodeoetpatria.lt