Дата была сустрэчы бала выбрана невыпадкова: духавенства і кансэкраваныя асобы Магілёўшчыны сабраліся на сваю кастрычніцкую сустрэчу ў гадавіну абрання папам Яна Паўла ІІ. Другая нагода — 33-і дзень нараджэння душпастыра парафій у Шклове, Фашчаўцы і Княжыцах кс. Аляксандра Шупенькі, а трэцяя — свята нябеснай апякункі сясцёр-ядвіжанак з Асіповічаў святой Ядвігі, законніцы.
Да сабраных у Фашчаўцы з аскетычным настаўленнем звярнуўся духоўны айцец святароў і законнікаў Магілёўскага рэгіёна кс. Андрэй Далянскі, які засяродзіў увагу на ўдзячнасці ў жыцці святара і кансэкраванай асобы, падкрэсліўшы, што ўменне дзякаваць выпрацоўвае ў чалавеку ўменне заўважаць дабро, а не засяроджвацца на тым, што дабром не з’яўляецца.
«Незадаволенасць, пастаянныя прэтэнзіі да іншых, асабліва да адказных, крытыканства, нараканні і абмовы вядуць да таго, што ўдзячнасць можа знікнуць з нашага жыцця. Менавіта ўдзячнасць дазваляе ўбачыць жыццё цудоўным, а людзей не такімі ўжо і дрэннымі», - адзначыў святар.
Падчас спаткання былі прывітаныя святары, якія распачалі служэнне ў Магілёўскім дэканаце - рашэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага ў Мсціслаўскую парафію скіраваны кс. Міхал Бубен, а кс. Валерый Даўгуль, прызначаны вікарыем парафіі Ўнебаўзяцця НПМ ў Магілёве. Акрамя гэтага, у Магілёве распачала служэнне сястра Вікторыя Жук MSF з Кангрэгацыі сясцёр місіянерак Святой Сям’і.
У прамоўленай гаміліі біскуп Аляксандр працягнуў тэму ўдзячнасці, распачатую духоўным айцом. Ён прапанаваў удзельнікам сустрэчы разам паразважаць над словамі Псальму: «Хто прыносіць ахвяру падзякі, той Мяне шануе, і таму, хто беззаганны ў паводзінах, Я пакажу Божае збаўленне» (Пс 50 (49), 23). (…) Нам прасцей прасіць Бога аб розных рэчах, чым дзякаваць Яму, — зазначыў іерарх. — Калі мы паслухаем свае малітвы, убачым, што шмат разоў з нашых вуснаў выходзіць цэлы шэраг просьбаў і значна менш падзякаў. (…) Удзячнасць Богу і людзям не ўзнікне без глыбокага, сталага ўнутранага жыцця, дзе неабходная штодзённая малітва, разважанне над Божым Словам, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, штодзённы рахунак сумлення.
Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы адбылася спроба вызначэння прыярытэтаў у галіне душпастырскай дзейнасці Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне на бліжэйшы час. Былі абмеркаваны бягучыя справы, звязаныя з належным функцыянаваннем Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў.