Laudetur Jesus Christus! 

Шчыра вітаем Вас, паважаны наведвальнік, на інтэрнет-старонцы Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне!

Радыё Марыя-online

 
 
 
 

Каляндар

Католические праздники

 

Год Манаскага Жыцця

Малітва святароў

Год Міласэрнасці

 
 

Пасланне Мітрапаліта на Адвэнт 2019 года

Оцените материал
(0 голосов)

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

ПРЫЙДЗІ, ПАНЕ ЕЗУ, І ПЕРАМЯНІ НАШЫЯ СЭРЦЫ
Пастырскае пасланне на Адвэнт 2019

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. З Божай ласкі Адвэнтам мы распачынаем чарговы літургічны год. Слова «Адвэнт» мае лацінскае паходжанне і азначае «прыйсце». Для нас, веруючых католікаў, Адвэнт — гэта час чакання прыйсця Збаўцы. У першую нядзелю гэтага перыяду Касцёл распачынае чатырохтыднёвую падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння. Колер літургічных адзенняў у Адвэнце фіялетавы, які нагадвае пра асаблівае вымярэнне гэтага часу, а менавіта навяртанне, што вельмі добра падкрэслівае літургія слова Першай нядзелі Адвэнту. Сённяшнія імшальныя чытанні акцэнтуюць неабходнасць абудзіцца, чуваць і быць гатовым да прыйсця Збаўцы (гл. Рым 13, 11–14; Мц, 37–44).

2. Звычайна гаворыцца пра два прыйсці Езуса. Першае адбылося пры Яго нараджэнні ў Бэтлееме з мэтай выканаць абяцанне Бога выбавіць людзей з грахоўнага рабства. Другое наступіць напрыканцы часоў, калі Хрыстус прыйдзе ў славе судзіць жывых і памерлых і ўсё ўчыніць новым (гл. Мц 25, 31–46; Ап 21, 1). Але гэтае другое ўжо распачынаецца ў хвіліну нашай смерці, калі мы сустракаем Езуса як суддзю.

Аднак існуе таксама і збаўчае прыйсце Езуса ў служэнні Касцёла, калі мы слухаем Божае слова і прымаем удзел у сакрамэнтах. У Евангеллі Езус прамаўляе да нас, а ў сакрамэнтах мы сустракаемся з Ім і атрымліваем Яго збаўчую ласку. Да ўсіх гэтых прыйсцяў нас рыхтуе Адвэнт.

3. У сённяшнім першым чытанні прарок Ісая прадстаўляе бачанне міру без войнаў у гармоніі з Богам (гл. Іс 2, 1–5). Менавіта гэтага мы ўсе з нецярпеннем чакаем. Мір патрэбны для нашага духоўнага і жыццёвага ўдасканалення.

На будынку офіса Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Лондане змешчаны словы прарока Ісаі з сённяшняга першага чытання: «перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць» (Іс 2, 4).

На вялікі жаль, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, галоўнай мэтай якой з’яўляецца ўсталяванне міру і справядлівасці ў свеце, нягледзячы на шматлікія ініцыятывы, не можа яго дасягнуць. Замест таго, каб жыць у гармоніі, мы бачым праявы несправядлівасці, падзелы, войны і тэрарыстычныя акты.

Прычына гэтага вельмі простая: сучасны сусветны парадак, які базуецца на бездухоўным гуманізме, не працуе. Толькі Валадарства Хрыста ў сэрцах людзей можа прынесці мір і справядлівасць у наш свет. Чалавечых высілкаў не дастакова. Іх неабходна падмацоўваць духоўнымі. Мір і справядлівасць у свеце немагчымы без міру ў нашых сэрцах. Менавіта таму галоўнай матай Адвэнту з’яўляецца паяднанне з Богам, Касцёлам і бліжнімі.

4. У снежні мы перажываем найбольш кароткія дні года. Для некаторых людзей гэта становіцца прычынай вялікіх праблем са здароўем, і яны хварэюць ад недахопу сонечнага святла.

Аднак ёсць яшчэ і іншы тып святла — духоўны. Менавіта таму апостал Павел у другім сённяшнім чытанні ў Пасланні да Рымлянаў заклікае абудзіцца ад сну, бо ноч прайшла і настаў дзень. Для гэтага неабходна адкінуць учынкі цемры і апрануцца ў зброю святла, якой з’яўляецца Езус Хрыстус, каб паводзіць сябе прыстойна (гл. Рым 13, 11–14).

5. Час Адвэнту з’яўляецца вельмі інтэнсіўным і клапатлівым. Гэта апошні месяц каляндарнага года, калі неабходна падрыхтаваць розныя справаздачы з нашай дзейнасці за перыяд нашага жыцця, які завяршаецца. Таксама мы рыхтуемся да святаў Божага Нараджэння і Новага года, думаем пра елку і падарункі, якіх асабліва чакаюць дзеці, клапоцімся пра шмат іншых спраў, якія трэба вырашыць.

У той жа час Адвэнт заклікае нас затрымацца ў нашым жыццёвым марафоне, перадыхнуць, падвесці вынікі духоўнага жыцця і зрабіць з яго справаздачу. Паглядзець, ці яна пазітыўная, а можа, негатыўная і напоўненая грэшнымі ўчынкамі.

Завяршаецца Год сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі. Дзякую святарам, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам за актыўны ўдзел у яго правядзенні. Адначасова заклікаю зрабіць рахунак сумлення, як мы яго перажылі, якія пастырскія ініцыятывы рэалізавалі, што ўдалося і чаго не змаглі ажыццявіць і чаму, каб памылак мінулага не паўтараць у наступным пастырскім годзе, які прысвячаецца св. Яну Паўлу ІІ у сотую гадавіну яго нараджэння пад дэвізам: «Адчыніце дзверы Хрысту».

Таму адвэнтавы час — гэта не зямны час, паводле якога мы жывём і які на грэцкай мове акрэсліваецца словам хронасХронас адносіцца да храналагічнай паслядоўнасці або да мінулага часу. Ад слова хронас паходзіць слова «хранометр» — дакладны гадзіннік, які адмярае мінулы час.

Адвэнтавы час — гэта боскі час, па-грэцку кайрос. Ён звяртае ўвагу на спрыяльны для поспеху момант. Адвэнт менавіта і з’яўляецца такім дадзеным нам Богам спрыяльным часам для нашага духоўнага адраджэння.

6. Святы Аўгустын кажа: «Калі Бог на першым месцы, то ўсё на сваім месцы». Адвэнт — гэта вельмі добры час спытацца ў саміх сябе: хто і што знаходзіцца на першым месцы ў нашым жыцці? Сучасны чалавек знаходзіцца пад уздзеяннем розных выклікаў. Шмат людзей страцілі пачуццё таго, што найважнейшае, і «богам» учынілі матэрыяльныя каштоўнасці, славу, задавальненні і нават працу, бо сталі працаголікамі.

Адвэнт нагадвае пра тое, што, нягледзячы на секулярызацыю, якая ўзмацняецца з кожным днём, і адыход ад вучэння Евангелля, Збаўца Езус Хрыстус прыходзіць, стукае ў дзверы нашых сэрцаў і чакае, каб мы іх адчынілі Яму, каб Ён быў на першым месцы, аднавіў наша жыццё і ўмацаваў новай надзеяй.

Нездарма папа Бэнэдыкт XVI кажа, што Адвэнт — гэта цудоўны час, у якім успамін першага прыйсця Хрыста, а таксама чаканне Яго вяртання нанава ажывае ў нашых сэрцах. А папа Францішак вучыць, што Адвэнт аднаўляе ў нас гарызонты надзеі, якая не расчароўвае, бо ўкаранёная ў Божым слове.

Усё гэта нагадвае пра тое, што Адвэнт павінен стаць не толькі і не столькі часам знешняй падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння, але і часам духоўнай адновы, якая вядзе да сапраўднага міру, справядлівасці і святасці, да якой мы ўсе пакліканы.

Божае Нараджэнне — гэта не толькі мінулая гісторыя, але і сучаснасць. Езус нараджаецца ў нашых сэрцах сваёй ласкай, але толькі тады, калі мы Яму дазваляем гэта ўчыніць. Таму сапраўднае перажыванне Адвэнту — гэта падрыхтоўка дарогі, па якой Ён прыйдзе ў нашыя душы, каб учыніць нас шчаслівымі. Калі гэтага няма, то мы можам страціць шмат часу і высілкаў, але не дасягнуць таго, што нас задавальняе.

7. Адзін святар распавёў вельмі павучальную гісторыю. Аднойчы яго запрасілі на пахаванне памерлай жанчыны. У яе доме ён убачыў крыж, невялікі алтарык, фігурку Божай Маці, выявы некаторых святых, ружанец, асвячаную ваду, фатаграфію з Ппершай Камуніі… Усё гэта нагадвала пра веру, якая суправаджала яе праз зямное жыццё ў вечнасць. Праз нейкі час блізкія прынеслі ўсе гэтыя святыя рэчы ў сакрыстыю і перадалі пробашчу, паколькі ім яны не патрэбныя. На вялікі жаль, апошнім часам падобнае здараецца ўсё часцей.

Такія сітуацыі выклікаюць шмат пытанняў. Найперш, што здарылася з сучасным светам, які адкідвае тое, што іншых вядзе да духоўнай дасканаласці і святасці? Чаму сучасны свет сярод шматлікіх, добрых і патрэбных дасягненняў нашага часу не бачыць духоўных? Чаму засяроджваецца на часовых, а не вечных?

8. Дзякуючы веры мы становімся нашчадкамі неба. Менавіта вера павінна быць дарам Божага Нараджэння, бо яна не філасофская ідэя, але спатканне з асобай Езуса Хрыста, да святкавання Нараджэння якога мы рыхтуемся ў Адвэнце.

Падчас грамадзянскай вайны ў Амерыцы адна жанчына пахвалілася прэзідэнту Лінкальну, які быў вельмі веруючым чалавекам, што Бог знаходзіцца на яе баку. Гэта азначае, што Бог згаджаецца з ёй. Пры гэтым яна спытала прэзідэнта, ці ён таксама адчувае тое ж самае. Лінкальн адказаў, што заклапочаны тым, як самому быць на баку Бога, гэта азначае згаджацца з Ім. Час Адвэнту — гэта добрая нагода спытаць сябе, на чыім мы баку — Бога ці д’ябла. Гэта вельмі актуальная праблема, бо не заўсёды мы, як веруючыя, сведчым аб нашай прыналежнасці да Хрыста.

Старая нямецкая легенда Advent teufel («Адвэнтавы д’ябал») распавядае пра тое, як у Адвэнт злы дух спакушае людзей да разнастайнай занятасці, каб яны страцілі сапраўднае значэнне Божага Нараджэння. Ён не хоча, каб людзі мелі час на дасведчанне нараджэння Езуса ў іх сэрцах. Спакусы злога духа вельмі мудрыя. Падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння і само яго святкаванне ён замяняе сезонным святкаваннем. Як шмат людзей наведвае ў гэты час кірмашы, базары, гандлёвыя цэнтры і ў перадсвяточнай мітусні забываецца пра штодзённую малітву, чытанне Святога Пісання, удзел у святой Імшы, адвэнтавых рэкалекцыях, пакутных набажэнствах і іншых рэлігійных практыках.

9. Як людзі веруючыя мы павінны ўсведамляць, што сапраўдны сэнс Божага Нараджэння — гэта нараджэнне Езуса сваёй ласкай у нашых душах.

Літургічны перыяд Адвэнту вельмі кароткі і праходзіць хутка, і яго неабходна годна выкарыстаць. Усё нашае жыццё — гэта таксама Адвэнт, падчас якога мы рыхтуемся да паўнаты жыцця ў Богу. Гэты свет не здольны нам даць такога жыцця і нас цалкам задаволіць. Таму падчас Адвэнту мы павінны ўчыніць усё магчымае, каб Хрыстус пасяліўся ў нашых сэрцах, каб яны сталі Бэтлеемам нашага часу.

Для гэтага нам неабходна абудзіцца ад духоўнага сну (гл. Рым 13, 11) і чуваць, каб быць гатовымі да прыйсця Пана, бо не ведаем, калі Ён прыйдзе (гл. Мц 24, 50). Духоўнае абуджэнне і спасціжэнне сэнсу адвэнтавага чування вядуць да перамены нашага жыцця праз дасягнення міру ў нашых сэрцах.

Давяраючы ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, Марыі — Маці адвэнтавага чування — разам з вамі ўсклікаю словамі першых хрысціян: Мараната! — «Прыйдзі, Пане Езу!» Прыйдзі і перамяні нашыя сэрцы, каб у іх панаваў Кароль міру — Езус Хрыстус.

 

На шлях плённага перажывання Адвэнту ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 

+ арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч


Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 

Мінск, 24 лістапада 2019 г.
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету

 

Прочитано 12 раз
Super User

Рэдакцыя сайта

Сайт: www.mohylev-katolik.by

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены

Расклад святой Імшы ў нядзелі

Бялынічы

15.00 (на беларускай мове)

 

Горкі

8.00 (на беларускай мове),

16.00 (на беларускай мове)

 

Княжыцы

14.00 (на беларускай мове)

 

Крычаў 

10.00 (на беларускай мове)

 

Касцюковічы

11.00 (на беларускай мове),   

15.00 (на беларускай мове) – перыядычна.

 

Магілёў, св. Антонія 

09.00 (на польскай мове),

10.30 (на беларускай мове),

12.00 (на беларускай мове),

16.00 (на беларускай мове).

 

Магілёў, Унебаўзяцця НПМ

9.00 (на польскай мове),

11.00 (на беларускай мове),

13.00 (на беларускай мове),

18.30(на беларускай мове)

 

Магілёў, св. Казіміра

10.00 (на беларускай мове)

10.00 (на беларускай мове)

 

Мсціслаў

13.00 (на беларускай мове)

 

Шклоў 

12.00 (на беларускай мове)

 

Фашчаўка 

15.00 (на беларускай мове)

 

Чавусы 

9.30 (на беларускай мове).