Laudetur Jesus Christus! 

Шчыра вітаем Вас, паважаны наведвальнік, на інтэрнет-старонцы Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне!

Радыё Марыя-online

 
 
 
 

Каляндар

Католические праздники

 

Год Манаскага Жыцця

Малітва святароў

Год Міласэрнасці

 
 

Пастырскае пасланне на Вялікі пост 2020

Оцените материал
(0 голосов)

        Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

 

ПЕРАМАГЧЫ ГРЭХ І СПАКУСУ

ПРАЗ АДКРЫЦЦЁ ДЗВЯРЭЙ ДУШЫ ХРЫСТУ

 

Пастырскае пасланне на Вялікі пост 2020 года

 

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

 

1.У Папяльцовую сераду мы распачалі новы літургічны перыяд — Вялікі пост, які з’яўляецца часам падрыхтоўкі да свята Пасхі; да свята перамогі Езуса над грахом, смерцю і злым духам. Сёння, у першую нядзелю гэтага перыяду, Касцёл заклікае нас прысвяціць гэты час наследаванню Хрыста, які маліўся і пасціўся 40 дзён у пустыні (пар.Мц 4, 1-11).

Хоць Езус не меў граху, тым не менш д’ябал таксама спакушаў і Яго ў пустыні. Аднак любоў Езуса да свайго нябеснага Айца была большай за прапановы д’ябла, і Ён мужна адрынуў усе спакусы. Таксама і наша любоў да Езуса павінна перамагчы ўсе перашкоды, якія злы дух ставіць на нашым жыццёвым шляху.

Мы павінны браць прыклад з Езуса ў пустыні. Калі б Езус паддаўся спакусам злога духа, то знішчыў бы Божыя планы адносна Яго. Падобна і з намі. Калі мы паддаёмся спакусам злога духа, то адкідаем Божыя планы адносна нас саміх. Калі слухаемся баламутнага голасу «бацькі хлусні» (пар.Ян 8, 44), то апускаемся да глыбіні глупства, перажываючы пекла ўжо на зямлі, пра што сведчаць шматлікія драматычныя падзеі з чалавечага вопыту, як кажа Папа Францішак у сёлетнім Пасланні на Вялікі пост (пар.ПВП-20, 1).

Грэх аддзяляе нас ад Бога. Усё адбываецца падобна да таго, як адбылося з Адамам і Евай, якія першымі зграшылі. У выніку граху яны самавольна адлучыліся ад Бога. Таксама грэх адлучае нас ад Езуса. У той жа час мы павінны памятаць аб тым, што любоў да Яго заклікае не паддавацца спакусам, каб не страціць сувязі з Ім.

Пра гэта мы павінны памятаць заўсёды, калі стараемся перамагчы спакусы злога духа. Таму на пачатку Вялікага посту мы павінны задаць сабе пытанне: «Ці мы дастаткова любім Езуса, каб не паддацца спакусам і з чыстым сэрцам на заканчэнне гэтага перыяду радасна святкаваць Вялікдзень і адначасова новае жыццё ў Божай ласцы?» Таму Вялікі пост павінен стаць часам набліжэння да Езуса. Гэты час павінен быць напоўнены заклікам святога апостала Паўла: «Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам» (2 Кар5, 20).

2.Для гэтага нам неабходна выйсці з Ім у пустыню нашага жыцця. Як вядома, у пустыні паўсюль пясок і няма месца, дзе можа было б схавацца. Пустыня выпрабоўвае чалавека і паказвае яму кім ён ёсць на самай справе.

Таму выйсце ў нашу жыццёвую пустыню — гэта добры час стаць перад «Божым люстэркам» з мэтай убачыць свой духоўны стан і свае хваробы, каб дазволіць Божай ласцы іх лячыць.

Гэта магчыма толькі тады, калі мы адкрыем нашыя духоўныя слабасці. Першым крокам павінна стаць прызнанне граху. Праблема сучаснага чалавека ў тым, што ён не хоча прызнаваць яго. Некаторыя нават кажуць, што чалавек не здольны зграшыць. У той жа час святы апостал Ян вучыць, што той, хто сцвярджае, што ён без граху, падманвае самога сябе (пар. 1 Ян 1, 8). Калі мы не дапускаем сваёй грахоўнасці, то размінаемся з Божай ласкай, якая здольна змяніць наша жыццё. Не паказваючы свае раны лекару, мы не вылечымся.

Падчас Вялікага посту мы павінны сказаць наша станоўчае «не» граху і адрынуць спакусы злога духа, як гэта зрабіў Езус.

3.Калі мы захварэем, то ідзём да лекара, які выпісвае нам адпаведныя лекі. Мы іх прымаем з надзеяй, што нам будзе лепш.

Падобна адбываецца і з духоўнай хваробай. Для яе лячэння Касцёл прапануе выпрабаваныя гісторыяй тры эфектыўныя лекі: малітву, пост і міласціну. Менавіта таму Касцёл на пачатку Вялікага посту ў Папяльцовую сераду нагадвае пра іх (пар. Мц 6, 1–6. 16–18). Гэта азначае, што яны павінны стаць праграмай нашага велікапоснага падарожжа з мэтаю навяртання.

Святы Пётр Хрызалог кажа, што нашы малітоўныя просьбы падтрымліваюцца пастом і дасягаюцца міласэрнасцю. Таму той, хто моліцца, няхай пасціцца, а хто пасціцца, няхай робіць учынкі міласэрнасці (пар. https://m.niedziela.pl/artykul/81496/nd/Modlitwa-post-jalmuzna).

4.Найперш малітва. У жыцці сучаснага чалавека ёсць шмат нагодаў для радасці. Аднак жыццё без малітвы — гэта жыццё без духоўнай радасці. Без малітвы мы не з’яўляемся хрысціянамі ва ўсёй паўнаце. Вобразна кажучы, мы толькі ходзім па зямлі ў той час, калі павінны лётаць над ёй. Евангельская Марта служыла Езусу, а Марыя слухала Яго. Менавіта таму Езус сказаў: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе» (Лк 10, 41–42).

Усё дабро паходзіць ад Бога. А калі мы молімся, то дакранаемся да Яго. Таму мы павінны маліцца, каб адчуць радасць пазнання Бога як нашага міласэрнага Айца. Папа Францішак кажа, што велікапосная малітва выказвае патрэбу адказу на Божую любоў, якая заўсёды апярэджвае і падтрымлівае (пар. ПВП-20, 2).

У Вялікім посце Касцёл прапануе шмат формаў малітвы. Не толькі асабістыя і звычайныя ранішнія і вячаровыя малітвы, але і супольныя, такія як рэкалекцыі, Крыжовы шлях, Песні жальбы, пакутныя набажэнставы, велікапоснае чуванне моладзі і іншыя.

5.Пост — гэта не што іншае, як барацьба з дрэннымі звычкамі. Таму пост — гэта асаблівы від пакаяння, да якога нас заахвочвае Касцёл у вялікапосны перыяд. Для чаго? Каб ніхто і нішто не парушала іерархіі кашоўнасцяў, якая ставіць Бога на першае месца, каб усё іншае было на сваім месцы, як кажа святы Аўгустын (пар. http://www.odkupieni.pl/wspolnota_2015-2016_rozeznawanie-woli-bozej/sw-augustyn-jezeli-bog-zyciu-jest-na-pierwszym-miejscu-wszystko-znajdzie-sie-na-wlasciwym-miejscu.html).

З духоўнага пункту гледжання, пост выяўляе нашу залежнасць ад Бога. Ён падкрэслівае наша імкненне паставіць Бога на першае месца. Прарок Ісая кажа, што ўстрыманне ад ежы павінна ісці разам з устрыманнем ад насілля і прыгнёту людзей (пар. Іс 58, 3–12). Таму пост таксама павінен суправаджацца любоў’ю да іншых і прабачэннем.

Усё гэта азначае, што проста механічнае ўстрыманне ад мясых страваў у вызначаныя дні — у Папяльцовую сераду, ва ўсе пятніцы і традыцыйна ў Вялікую суботу — не з’яўляецца сутнасцю посту. Па-першае, можна не есці мяса, але аб’ядацца рыбай, якая даражэйшая. У справе захавання посту важна, каб поруч са знешнім устрыманнем ішло і духоўнае.

Пост — гэта своеасаблівы трэнінг душы, які нясе надзею, што калі хтосьці можа абмежаваць сябе ў добрай рэчы, то здолее адмовіцца ад недазволеных і дрэнных прапановаў. Гэта азначае, што мова ідзе пра панаванне над сабой і падпарадкаванне цела духу. Прымаўка кажа, што сабака павінен махаць хвастом, а не хвост — сабакам.

Штодзённасць дае нам шмат прыкладаў таго, што адбываецца, калі мы не прымаем практыку посту, аскетызму і ўстрымання. Колькі з нас заклапочаны лішняй вагой ці паддаюцца розным залежнасцям? Ворагі свайго здароўя курцы, небяспечныя на дарогах няцвярозыя вадзіцелі, прыкаваныя да камп’ютараў і смартфонаў дзеці і моладзь, нявольнікі серыялаў, наркаманы, алкаголікі, распуснікі…

Каб пост дапамагаў дасягнуць духоўнай дасканаласці, разам з абмежаваннямі мы павінны імкнуцца да прабачэння нашым вінаватым. Яно вызваляе нас ад дамінавання ў нашым жыцці мінулых ран, што чыніць нас несвабоднымі, а мы створаны для свабоды. Мы павінны вызваліцца ад мінулага зла. Калі нам складана гэта зрабіць, неабходна ўзірацца на крыж, з якога Езус просіць свайго нябеснага Айца прабачыць тым, хто Яго ўкрыжаваў, бо яны не ведаюць, што чыняць (пар. Лк 23, 34).

Практыка посту з прабачэннем загартоўвае сэрца, ачышчае цела, выкараняе грэх, засявае цноты, вучыць ахвяры, з’яўляецца знакам пакаяння, вызваляе, вядзе да навяртання. Таму мы павінны глядзець на пост не як на «дыету», што ў некаторыя дні не ямо мяса, але як на сродак навучыцца прынцыпам цнатлівага жыцця: сказаць «не», калі нельга, і сказаць «так», калі трэба. Гэта азначае не пускаць усё на самацёк, а кантраляваць сябе.

6.Дабрачыннасць адносіцца да сутнасці хрысціянства і ўвасабляецца ў  дапамозе патрабуючым. Дапамога бедным дапамагае нам самім лепш асэнсаваць словы Хрыста: «Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне» (Мц 25, 45). Акрамя таго, міласэрнасць гарантуе, што ў выпадку патрэбы знойдуццы міласэрныя і для нас, што пацвярджае Езус словамі свайго славутага казання пра восем благаслаўленняў: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7). Калі мы разлічваем на Божую міласэрнасць у вечнасці, то ў часовым зямным жыцці павінны дапамагаць патрабуючым, бо Бог будзе нас судзіць з міласэрнасці.

Дапамога патрабуючым з’яўляецца заклікам да будавання больш справядлівага свету. Яна робіць чалавека больш чалавечным у той час, калі імкненне да багацця чыніць яго эгаістам (пар. ПВП-20, 4).

Дабрачыннасць таксама павінна мець духоўны і евангелізацыйны характар. Недастаткова высілкаў толькі ў «гарызантальным» вымярэнні: патрэбны яшчэ і «вертыкальныя» намаганні. Без духоўнага вымярэння дабрачыннасць становіцца філантропіяй, а дабрачынная арганізацыя ператвараецца ў камбінат бытавых паслугаў.

7.Слова «пост» на англійскую мову перакладаецца як lent, што ў даўнія часы азначала «веснавая пара». Па аналогіі, Вялікі пост, які распачаўся, павінен стаць часам новай духоўнай вясны ў нашых сэрцах. Праз малітву, ўстрыманне і дабрачыннасць ён дапамагае нам перамагчы спакусы і рыхтуе да свята Пасхі.

Даручаючы ўсіх вас апецы Марыі, якая з’яўляецца Прытулкам грэшнікаў, на шлях плённага перажывання Вялікага посту як часу спрыяльнага для нашага навяртання і новай духоўнай вясны нашага жыцця ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 

Мінск, 11 лютага 2020 г.

успамін Маці Божай з Люрда

 

 

 

 

 

 

P.S. Гэтае Пасланне належыць прачытаць вернікам у Першую нядзелю Вялікага посту 1 сакавіка 2020 г.

Прочитано 32 раз Последнее изменение Среда, 26 Февраль 2020 08:10
Super User

Рэдакцыя сайта

Сайт: www.mohylev-katolik.by

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены

Расклад святой Імшы ў нядзелі

Бялынічы

15.00 (на беларускай мове)

 

Горкі

8.00 (на беларускай мове),

16.00 (на беларускай мове)

 

Княжыцы

14.00 (на беларускай мове)

 

Крычаў 

10.00 (на беларускай мове)

 

Касцюковічы

11.00 (на беларускай мове),   

15.00 (на беларускай мове) – перыядычна.

 

Магілёў, св. Антонія 

09.00 (на польскай мове),

10.30 (на беларускай мове),

12.00 (на беларускай мове),

16.00 (на беларускай мове).

 

Магілёў, Унебаўзяцця НПМ

9.00 (на польскай мове),

11.00 (на беларускай мове),

13.00 (на беларускай мове),

18.30(на беларускай мове)

 

Магілёў, св. Казіміра

10.00 (на беларускай мове)

10.00 (на беларускай мове)

 

Мсціслаў

13.00 (на беларускай мове)

 

Шклоў 

12.00 (на беларускай мове)

 

Фашчаўка 

15.00 (на беларускай мове)

 

Чавусы 

9.30 (на беларускай мове).