Візіт распачаўся з дамініканскай парафіі Святога Казіміра і святой Ядвігі, дзе служаць сабраты іерарха. Прасля прывітальных словаў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці, іерарх звярнуўся з пастырскім словам да вернікаў. Біскуп Велікаселец нагадаў пра значэнне і моц малітвы і жыццё паводле веры. Узгадваючы выказванні вядомых людзей пра існаванне Бога і прыводзячы апалагетычныя доказы Яго існавання біскуп Казімір заахвоціў не паддавацца спакусе жыць без Бога, а падчас Вялікага посту яшчэ больш наблізіцца да Яго.
Пастырскі візіт іерарха працягнуўся ў парафіі Ўнебаўзяцця НПМ і св. Станіслава, дзе біскуп узначаліў цэлебрацыю святой Імшы і маліўся за ўсю архідыяцэзію, выпрошваючы неабходныя дары для Магілёўшчыны. У казанні Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі звярнуў увагу на важнасць пазнання Бога ў жыцці кожнага чалавека і заахвоціў прысутных паразважаць пра шляхі гэтага пазнання, а таксама пра плады, якія прыносіць жыццё, напоўненае верай у Бога. Жадаючы плённага перажывання Вялікага посту біскуп Велікаселец заклікаў наследаваць Езуса, які не вёў дыскусій са злым духам, а кожны раз моцай Божага Слова перамагаў яго.
У гэты ж дзень іерарх наведаў парафію Святога Антонія Падуанскага ў Магілёве, якой апякуюцца айцы клярэтыны, пазнаёміўся з душпастырамі і ходам будаўніцтва новага касцёла.
22 лютага іерарх наведаў каталіцкія парафіі ў Горках, Шклове і Бялынічах.
23 лютага біскуп Казімір Велікаселец ўзначаліў пастырскую сустрэчу духавенства і кансэкраваных асоб Магілёўскага рэгіёну.