Спатканне распачалося малітвай на працягу дня Літургіі Гадзінаў. Пасля з духоўным разважаннем да ўдзельнікаў спаткання звярнуўся кс.Юзаф Сярпейка, душпастыр Бялыніцкай парафіі, у якім прысвяціў пытанню асабістай падрыхтоўкі духавенства і кансэкраваных асобаў да святаў Уваскрасення Пана. Як падкрэсліў святар, «клапоцячыся пра даручаных нашай пастырскай апецы людзей, мы можам несвядома забыць пра збаўленне ўласнай душы».
Папа Францішак, як дадаў кс. Сярпейка, у сваім Апостальскім лісце Patris corde, прысвечаным асобе святога Юзафа, называе апекуна Езуса пяшчотным бацькам. «Езус бачыў у Юзафе пяшчоту Бога. Пантыфік паказвае, што пяшчота як форма любові дазваляе і дапамагае нам застацца ў лучнасці з Богам нават у хвіліны неспакою і сумневаў», — сцвердзіў святар.
«Папа, заахвочваючы нас браць прыклад са святога Юзафа, адкрывае яшчэ адзін аспект: пяшчота дазваляе ўбачыць сваю слабасць і дакрануцца да яе.
Наша крытыка адносна іншых вельмі часта выяўляе ўласную няздольнасць прыняць сваю слабасць, сваю крохкасць. Толькі пяшчота абароніць нас ад справы абвінаваўцы», — адзначыў кс. Сярпейка, спасылаючысчя на словы з Кнігі Апакаліпсісу (пар. Ап 12, 10).
«Таму так важна сустрэцца з Божай міласэрнасцю, асабліва ў сакрамэнце пакаяння, і спазнаць праўду ды пяшчоту, — дадаў святар. — Парадаксальна, але нават злы дух можа сказаць нам праўду, аднак робіць ён гэта для таго, каб нас асудзіць».
Пасля адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Цэлебрацыю святой Імшы ў межах сустрэчы ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец.
У сваім слове Біскуп Велікаселец звярнуў увагу прысутных таксама на значэнне малітвы найперш за сябе, а ўжо потым за даручаную паству, бо злы дух спакушае кожнага. Іерарх заклікаў не занядбоўваць ружанцовую малітву, бо Марыя, «зачатая без граху і поўная ласкі, заўсёды абароніць ад спакусаў сатаны».
Пасля святой Імшы кс. Андрэй Кеўліч з Горак у рамках цыклу спаткання звярнуўся з разважаннем, прысвечаным перажыванню Літургіі Слова падчас Літургіі.
Пасля Апостальскі адміністратар абмеркаваў бягучыя душпастырскія справы ў Магілёўскім рэгіёне і адказаў на пытанні святароў.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў сваю чаргу заклікаў святароў да салідарнасці, «каб будаваць Касцёл у еднасці з біскупам», а таксама павіншаваў біскупа Казіміра з надыходзячымі імянінамі.