Па рашэнні арцыбіскупа Юзафа, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB быў прызначаны Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Нагадаем, што раней на гэтай пасадзе арцыпастырам быў зацверджаны біскуп Юрый Касабуцкі. Такім чынам, з пастырскіх меркаванняў, цяпер у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будуць дзейнічаць два Генеральных вікарыі, чыё заданне — дапамагаць арцыбіскупу ў кіраванні ўсёй архідыяцэзіяй (пар. ККП 475 §1).
Адносна паўнамоцтваў Генеральных вікарыяў Кодэкс кананічнага права кажа наступнае:
Кан. 475 – § 1. У кожным дыяцэзіі дыяцэзіяльнаму біскупу належыць прызначыць генеральнага вікарыя, які, будучы надзелены ардынарнай уладай згодна з ніжэйпрыведзенымі канонамі, павінен дапамагаць яму ў кіраванні ўсёй дыяцэзіяй.
§ 2. Як правіла, прызначаецца адзін генеральны вікарый, калі толькі шырокасць дыяцэзіі або колькасць яго насельнікаў ці іншыя пастырскія прычыны не пабуджаюць да іншага.
Кан. 477 – § 1. Генеральнага і біскупскага вікарыя свабодна прызначае дыяцэзіяльны біскуп, і ён жа можа свабодна пазбаўляць іх гэтай пасады, прычым прадпісанне кан. 406 застаецца ў сіле.
Біскупскага вікарыя, які не з'яўляецца дапаможным біскупам, варта прызначаць толькі на час, які вызначаецца ў самім акце аб прызначэнні.
§ 2. Калі генеральны вікарый адсутнічае або перад ім паўстаюць перашкоды, якія прызнаюцца законам, то дыяцэзіяльны біскуп можа прызначыць іншага, які будзе яго замяшчаць. Гэтая ж норма прымяняецца і ў адносінах да біскупскага вікарыя.
Кан. 478 – § 1. Генеральнымі і біскупскімі вікарыямі павінны быць святары не маладзейшыя за трыццаць гадоў, якія маюць ступень доктара або ліцэнцыята кананічнага права або багаслоўя ці, прынамсі, сапраўды абазнаныя ў гэтых навуках, вядомыя прыхільнасцю да разумнага веравучэння, сумленнасцю, разважлівасцю і вопытам вядзення спраў.
§ 2. Пасада генеральнага або біскупскага вікарыя несумяшчальная з пасадай каноніка-пенітэнцыярыя і не можа даручацца сваякам біскупа аж да чацвёртага калена.
Кан. 479 – § 1. На моцы самой пасады генеральны вікарый ва ўсёй дыяцэзіі мае выканаўчую ўладу, якая па праве належыць дыяцэзіяльнаму біскупу, а менавіта надзелены ўладай выдаваць усе адміністрацыйныя акты — за выключэннем тых, што біскуп захаваў за самім сабою, а таксама тых, што па нормах права патрабуюць асаблівага мандата біскупа.
§ 3. Генеральнаму або біскупскаму вікарыю ў межах іх правамоцтваў належаць таксама пастаянныя паўнамоцтвы, прадастаўленыя біскупу Апостальскай Сталіцай, а таксама права выканання рэскрыптаў, калі ясным чынам не прадугледжана іншага і калі [названыя паўнамоцтвы] не былі падараваны з прычыны асабістых вартасцей дыяцэзіяльнага біскупа.
Кан. 480 – Генеральны і біскупскі вікарый павінны паведамляць дыяцэзіяльнаму біскупу аб важнейшых справах: як тых, якія падлягаюць выкананню, так і выкананых.
Ім ніколі не трэба рабіць насуперак волі і задумам дыяцэзійнага біскупа.
Кан. 481 – § 1. Улада генеральнага і біскупскага вікарыя спыняецца па сканчэнні тэрміну мандата, па адрачэнні ад пасады, а таксама ў тым выпадку, калі пры выкананні кан. 406 і 409 дыяцэзіяльны біскуп паведаміць ім аб іх адхіленні ад пасады і калі біскупская кафедра застанецца вакантнай.
§ 2. З моманту прыпынення служэння дыяцэзіяльнага біскупа прыпыняецца ўлада генеральнага і біскупскага вікарыяў, калі яны не ўзведзены ў біскупскую годнасць.