Перадгісторыя пабудовы ў Бабруйску касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі была даволі засмучальнай. 15 снежня 1885 г. адбылося трагічнае для ўсёй каталіцкай супольнасці бабруйскага дэканата і парафіі здарэнне – пажар у старажытным парафіяльным касцёле св. Ап. Пятра і Паўла. Дагэтуль, рэнесансная святыня, пабудаваная ў 1630-х гадах неаднаразова зазнавала панішчэнне агнём.
У 1648 г., ды 1655 г. гэта здаралася праз ліхадзейства казакаў. А вось у ліпені 1859 г. пажар надарыўся ад удару маланкі ў касцёльную вежу. Штораз касцёл аднаўлялі, вяртаючы будынку годны выгляд. Але шкода нанесеная агнём рэнесанснай святыні, снежанскай ноччу 1885 г., была непапраўнай. Уратаваныя касцёльныя рэчы перанеслі ў суседнюю двухпавярховую плябанію, адзін з пакояў якой быў ператвораны ў капліцу, якая змяшчала не больш за 70 чалавек. Да ўсяго, суседства з сакральнай каталіцкай пабудовай было непажаданым для кіраўніцтва вайсковага гарнізона, размешчанага ў Бабруйскай крэпасці. Тэрыторыя крэпасці з 1810 г. увабрала ў сябе землі з парафіяльным касцёлам і плябаніяй. Таксама пад вайсковыя мэты, артылерыйскі цэйхгаўз, у 1810 г. быў прыстасаваны былы езуіцкі касцёл пабудовы 1747 г., які перайшоў у распараджэнне свецкай улады яшчэ ў 1773 годзе.
Зыходзячы з усіх акалічнасцяў католікі Бабруйска мусілі прасіць у гарадской управы іншае месца для пабудовы новага касцёла. Разгляд прашэння заняў больш чым 7 год. Яшчэ некалькі год спатрэбілася на ўзгадненне з Духоўнай кансісторыяй і цывільнымі ўладамі ў Санкт-Пецярбургу праектна-каштарыснай дакументацыі на новабудоўлю. І толькі ў 1895 годзе, на пустцы Слуцкага фарштату (прадмесця), па вул. Разенмаркаўскай, распачалося будаўніцтва драўлянага будынка новага бабруйскага касцёла і плябаніі. 1 мая 1896 г., сямідзесяцігадовы бабруйскі дэкан і пробашч кс. Міхал Аляхновіч паведаміў ў Духоўную кансісторыю: ”Новапабудаваны ў Бабруйску рыма-каталіцкі касцёл пачаў богаслужэнні…”. З гэтым драўляным касцёлікам бабруйскія католікі сустрэлі ХХ стагоддзе.
Пераслед Касцёла ў нашым Краі царскай уладай у другой палове ХІХ ст. не змог суняць дзеянне Духа Святога. І гэты Дух натхніў да святарскіх і манашаскіх пакліканняў мноства лепшых сыноў і дачок нашай зямлі. Многія з іх сталі тымі падзвіжнікамі, якія ў пачатку ХХ ст. ахвярна спрычыніліся духоўнаму і рэлігійнаму адраджэнню, як у свавіх парафіях, так і ва ўсім Касцёле на Беларусі. Адным з гэтых пакліканцаў быў ксёндз Ян Красоўскі. Божы Провід зрыхтаваў гэтаму святару магчымасць скласці ўсе свае таленты і дары на алтар служэння Богу і людзям на Бабруйшчыне. У 1901 г. кс. Яна прызначылі выконваючым абавязкі, а ў 1902 г. ён становіцца дэканам Бабруйскага дэканата і парафіяльным пробашчам. Абсяг працы на гэтай пасадзе быў даволі вялікі. Дэканат абыймаў значны абшар, з парафіямі ў Шацілках (цяп.Светлагорск), Глуску, Свіслачы (цяп. Асіповіцкі р-н) і Харомцах (цяп. Акцябрскі р-н). А ў парафію, апроч Бабруйска, уваходзіла дзесяць філій, у тым ліку ў Асіповічах. Да ўсяго ў 1901 г. здараецца новае выпрабаванне – згарае драўляны парафіяльны касцёл. Нават цяжка ўявіць тагачасны разгублены стан бабруйскіх вернікаў. Незагойнай рана яшчэ чарнеліся асмыленыя руіны старадаўняга касцёла, а да гэтай раны дадалося папялішча новабудоўлі. Сапраўды, жахлівая сітуацыя…
Але ксёндз Красоўскі здолеў змабілізаваць усю сваю хрысціянскую волю, і пастанавіў сабе, што новы касцёл у Бабруйску абавязкова будзе. За вельмі кароткі час кс. Яну ўдалося вырашыць мноства пытанняў: дабіцца дазволу на пабудову касцёла ад мясцовай і Пецярбургскай улады; распрацаваць праект і зацвердзіць яго каштарыс; знайсці фундатараў, якія б аператыўна ахвяравалі значныя сродкі на будаўніцтва; заахвоціць і арганізаваць да ахвярнай успамогі бяднейшых парафіянаў. Усё гэта паспрыяла таму, што ўжо 8 мая 1903 г. у Бабруйску адбылася закладка вуглавога каменя неагатычнага касцёла, у гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Мураваную святыню ўзводзілі на пляцоўцы, непадалёк ад згарэлага драўлянага касцёла. Паводле ўспамінаў старых парафіянаў, запісаных у 1993 годзе, кс. Красоўскі ўсімі сіламі стараўся скончыць будаўніцтва за тры гады, і ён гэтага дамогся. З усіх навакольных вёсак, дзе жылі католікі, людзі дапамагалі – хто працоўнай сілай, хто грашыма. Безумоўна, нельга абмінуць удзячным успамінам асноўных ахвярадаўцвў касцёла, якімі былі прадстаўнікі шляхецкіх родаў: Сымон Забэла, Баляслаў Тышкевіч, Вінцэнт і Марыя Козел-Паклеўскія, Юзэфа фон Урдман, сем’і Сыраколяў-Булгакаў, Зарубаў, Кяльчэўскіх і Мурашкаў.
Вось такім чынам, у другой палове 1906 г., у Бабруйску з’явіўся новы велічны касцёл. Яго архітэктура да апошай дробязі была вырашана ў стылі неаготыкі. Трохнававы касцёл меў даўжыню – 17 сажняў/36 м; шырыню – 9 с/19 м; вышыню – 8 с/17 м. Званіца, з шатровым купалам, вышынёй 20 с/42,5 м, была завершана металічным крыжам. Новапабудаваны касцёл асвяціў мінскі дэкан кс. Казімір Міхалькевіч. Цягам наступных трох год у адзіным стылі быў выкананы інтэр’ер храма – вялікі галоўны алтар, канфесіяналы, амбона і пяць радоў лавак, абапал праходу, вырабленыя з дубу; жалезная балюстрадаміж касцёльнай навай і прэзбітэрыем, і іншае. Адпаведна тытулу касцёла, пачэснае месца ў сярэдняй нішы галоўнага алтара было адведзена абразу Беззаганнай Мадонны, копіі славутага твора іспанскага мастака ХVІІ ст. Барталомэ Мурыльё. Над алтарамі бочных наваў месціліся абразы Маці Божай Вострабрамскай і Сэрца Збавіцеля. Над уваходам, на хорах, былі ўстаноўлены арганы фірмы братоў Рыгер з Вірыдорфа, набытыя ў 1908 г.. На званіцы паступова завесілі тры званы. Тэрыторыю вакол касцёла і плябаніі, плошчай больш 1 га, абнеслі цаглянай агароджай з каванымі пралётамі. Касцёл архітэктурнай дамінантай узвышаўся над навакольнай аднапавярховай забудовай.
І вось, 9 верасня 1912 г., адбылася векапомная падзея, шлях да якой пралягаў праз выпрабаванні і непахіснасць веры. У гэты дзень Яго Эксцэленцыя Магілёўскі арцыбіскуп Мітрапаліт Вінцэнт Ключынскі ўчыніў кансэкрацыю галоўнага алтара і касцёла ў Бабруйску.
Да 1917 г. бабруйская парафія, якая налічвала 6000 вернікаў, уваходзіла ў Магілёўскую архідыяцэзію. Бабруйскі дэкан і пробашч кс. Ян Красоўскі з’яўляўся яшчэ і канонікам – сябрам дыяцэзіяльнай капітулы. Адзінаццаць гадоў працы ксяндза Яна сталіся вельмі плённымі для парафіі. Гэты прыгожы, інтэлігентны чалавек, яго асоба і навукі падчас святой Імшы, прывабілі і вярнулі да рэлігійнай практыкі шмат людзей - парафія узрасла да 10000 чалавек. Ім было створана Дабрачыннае таварыства для дапамогі бедным і абяздоленым. Між бабруйцаў ён меў важкі і бездакорны аўтарытэт. На жаль, пасля моцнай прастуды, ксёндз Ян Красоўскі адышоў да Пана Бога напрыканцы 1912 года. Пахавлі кс. Яна паблізу касцёла, у мецы дзе ўжо спачывалі парэшткі двух святароў. Вось такім шчасным і журботным увайшоў 1912 год у гісторыю бабруйскай каталіцкай парафіі.
Паводле даўніх успамінаў вернікаў самы вялікі фэст у парафіі ладзіўся на свята Божага Цела, на які ў Бабруйск з’яжджаліся тысячы каталікоў з усяго дэканата. Пілігрымы ледзве раскватароўваліся ў 30-тысячным горадзе. У дзень урачыстасці па цэнтральных вуліцах праходзіла такая грандыёзная працэсія, што з ёй не магло параўнацца ніводнае іншае святкаванне ў Бабруйску. Уражаны гэтым дзействам у маленстве польскі пісьменнік, ураджэнец Бабруйшчыны, Фларыян Чарнышэвіч апісаў яго ў сваім аўтабіяграфічным рамане “Надбярэзінцы”.
Як праява асаблівай пабожнасці ў парафіі практыкавалася малітва ў паставе лежачы крыжам. Дзеля гэтага ў левай наве мелася адмысловае месца перад алтаром, пазначанае крыжам і акаймаванае шлякам. Як згадвае найстарэйшая парафіянка Гэлена Казіміраўна Жыбартовіч, якая памятае касцёл з 30-х гадоў, як бы ні было ў касцёле шматлюдна ў вялікія святы, на гэтае месца ніхто не заступаў. Людзі маліліся тут у найпільнейшых патрэбах. Вернікі такі чын малітвы называлі: “…ахвяравацца крыжам”.
У розны час, у пачатку ХХ ст. вікарыямі ў Бабруйску, адпаведна храналогіі, служылі наступныя ксяндзы: Вітольд Івіцкі, Адам Сухвалка, Альбін Ройша, Ян Ворслаў, Вінцэнт Латарэвіч, Ян Сянкевіч, беларускі паэт і публіцыст Аляксандр Астрамовіч (пс. Андрэй Зязюля). У 1916 г., пасля святарскіх свячэнняў, вікарыем у парафіі працаваў кс. Адам Пучкар-Хмялеўскі, грамадскі і культурны дзеяч, будучы пробашч катэдральнага касцёла ў Мінску (быў двойчы араштаваны, у 1933 асуджаны да 10 гадоў лагероў, расстраляны ў 1938 г.). Падчас Першай сусветнай вайны у касцёле служыў благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька, спаведнік святой Фаўстыны Кавальскай.
Пэўны час у касцёле працавалі пробашчы суседніх парафій: у 1918 – 1920 г.г. – кс. Караль Бялініс (пр. у в. Харомцы); у першыя гады стагоддзя – старэнькі ксёндз Уладзіслаў Ісаевіч (былы Навагрудскі дэкан, адм. у Глуску); кс. Казімір Кедрынскі, вельмі пабожны святар ( пр. у Свіслачы). А ў 1920 – 1930 г.г. бабруйскую, глускую і харамецкую парафіі часта аслугоўваў кс. Мечыслаў Сабачынскі (Слуцкі дэкан, арыштаваны ў 1933 г., перацерпеў жахлівыя пыткі, асуджаны да 10 год лагераў, быў этапаваны ў Карлаг НКВД, далейшы лёс невядомы).
Пасля спачыну кс Яна Красоўскага бабруйскім дэканатам і парафіяй да 1918 г. кіраваў кс. Вацлаў Пацэвіч. Часовым адміністратарам парафіі ў 1913 г. быў кс. Ян Брэчка. Перад 1918 г. кс. Вінцэнт Латарэвіч пасля пасады пробашча ў Ішкалдзі ўзначаліў дэканат і парафію у Бабруйску, але служыў ён непрацяглы час. 19 сакавіка 1919 г. кс. Вінцэнта расстралялі ў Мірскім замку чырвонаармейцы. Дэканальным і парафіяльным адміністратарам у 1921 г. працаваў кс. Тэадор Рыло ( гады жыцця: 1884 – 1950, ГУЛАГ), адначасна кс. Тэадор выконваў абавязкі адміністратара ў Свіслачы. Яго наступнікам у 1922 г. стаў ураджэнец Бабруйска кс. Ян Жаўрыд (нар. у 1885 г.). У гэты час у касцёле адбылося сканфіскоўванне каштоўнасцяў, якому святар супраціўляўся, але расправіліся з ім праз некалькі год. 21 сакавіка 1928 г. святара арыштавалі, а 25 сакавіка 1925 г. калегія АДПУ асудзіла яго да 10 год Салавецкіх лагероў, дзе кс. Яна расстралялі 1 лістапада 1937 г.. Ксёндз Казімір Мустэйкіс змог адпрацаваць парафіяльным кіраўніком з канца 1929 да пачатку 1930 г.г.. Па паклёпніцкім даносе ксяндза прыгаварылі да трох год турмы. У 1933 г. кс. Мустэйкісу ўдалося выехаць у Літуву.
Драматычны этап у жыцці бабруйскай касцёльнай супольнасці з 1931 па 1944 г.г. прыпаў на кіраўніцтва парафіяй кс. Францішкам Выліжынскім (нар.у 1885 г.). Напрыкацы 1934 г. ксяндза арыштавалі і асудзілі да 5 год ППЛ. У тым жа 1934 касцёл у парафіян адабралі. Касцёльныя рэчы часткова панішчылі, і ўнутры размясцілі сельскагаспадарчую выставу, а на прылеглай зямлі нагарадзілі загонаў выставы жывёлагадоўчай. Затым касцёл выкарыстоўвалі як збожжасховішча і склад. Уволю ўлада паздзеквалася і з кс. Францішка. Зняволенне ён адбываў ў Карлагу, адкуль яго вызвалілі ў 1940 г.. Па вяртанні ксёндз працаваў вартаўніком і па магчымасці выконваў святарскія паслугі. Неўзабаве яго зноў арыштавалі і адправілі ў Пячорлаг. Была рэпрэсавана і родная сястра ксяндза Францішка, якая жыла ў Бабруйску. Пасля акупацыі горада фашыстамі, у ліпені 1941 г. касцёл адчынілі для богаслужэнняў. Кс. Францішак вярнуўся на працу ў касцёл. Але фактычнам кіраўніком у парафіі падчас акупацыі быў нямецкі святар з Германіі, які зрабіў у касцёле значны рамонт. 29 чэрвеня Бабруйск вызвалілі ад фашысцкіх захопнікаў, і адразу ж пачаўся чарговы пераслед вернікаў-католікаў. Службы ў касцёле забаранілі. Пад забарону трапіла і душпастырская дзейнасць кс. Францішка. Жывучы ў касцёле ён вартаваў яго ад рабаўнікоў. Восенню 1944 г. святара спасцігла таемная смерць. Спачатку вернікі пахавалі кс. Фр. Выліжынскага перад касцёлам, справа, крыху зводдаль ад уваходу. У 1967 г., па патрабаванні ўлады, парафіянам давялося перапахаваць парэшткі касяндза на хрысціянскіх могілках па вул. Мінскай. Магіла святара стала цэнтрам малітоўнага яднання і чування бабруйскіх католікаў у 1970 – 1980 гадах. І цяпер, штогод, у дзень памінання памерлых - на “Дзяды”, менавіта каля магілы кс. Францішка пачынаюцца памінальныя набажэнствы.
З лета 1946 г. па восень 1967 г. касцёл выкарыстоўвалі як філіял краязнаўчага музею; некалькі год тут гаспадырыў архіў; пасля працяглы час сакральную пабудову выкарыстоўвалі ў ідэалагічных мэтах, прыстасаваўшы яе пад кіналекторый. Прашэнні вернікаў аб вяртанні касцёла і двух дамоў плебаніі ўлада цынічна ігнаравала.
Самымі непапраўнымі стратамі абярнуліся для касцёла ў Бабруйску падрыхтоўкі да святкавання двух гадавін Кастрычніцкай рэвалюцыі. Да 20-годдзя бесслядоўна зруйнавалі тры магілы святароў, пахаваных каля касцёла і крыж-помнік, усталяваны імігрантамі католікамі ў маі 1918 г. Але давяршальную расправу над каталіцкай святыняй бязбожная ўлада прымеркавала да 50-годдзя бальшавіцкага перавароту. У 1967 – 1968 г.г. фасад касцёла забудавалі. Быў знесены шатровы купал касцёльнай вежы, а саму вежу ўмуравалі ў пяціпавярховы будынак-каробку ўпраўлення будаўнічага трэста. Натуральна, што пры гэтым знішчылі ўсе неагатычныя элементы афармлення фасаду. Залу святыні ператварылі ў трэстаўскі клуб, са сцэнай у прэзбітэрыўме. Партыйныя сходы і танцы працягваліся тут да кастрычніка 1989 г., калі бабруйскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб вяртанні каталіцкай супольнасці горада будынка касцёла. Фактычная ж перадача адбылася 1 сакавіка 1990 г. Вернікі, у літаральным сэнсе, і ўдзень, і ўначы вярталі касцёлу Боскую адпаведнасць. І ўжо 13 ліпеня 1990 г. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў крыху падрамантаваную святыню. З гэтага моманту ў жыцці бабруйскай рыма-каталіцкай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі пачаўся новы этап станаўлення, адраджэння і развіцця.
І цэлыя 22 гады доўжыцца згубная безадказнасць чыноўных адказных асоб, якія ніяк не наважацца на рашэнне аб вяртанні каталіцкай святыні ў Бабруйску першастворнага выгляду, каб у касцёле быў толькі касцёл, а не ўпраўленні, офісы, крамы, атэлье і іншы вакол жыццёвы тлум.
Віктар Маліноўскі.
Артыкул надрукаваны ў часопісе “Наша вера”, №3 (61) 2012 г.