Laudetur Jesus Christus! 

Шчыра вітаем Вас, паважаны наведвальнік, на інтэрнет-старонцы Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне!

Радыё Марыя-online

 
 
 
 

Каляндар

Католические праздники

 

Год Манаскага Жыцця

Малітва святароў

Год Міласэрнасці

 
 

Да 100-годдзя растрэлу ксяндза Яўгена Святаполк-Мірскага

Оцените материал
(1 Голосовать)

2018 год багаты на юбілейныя даты. Гэта і 100- годдзе абвяшчэння БНР і 100- годдзе камсамолу, 100-годдзе РККА і 100-годдзе “ледзянога пахода”.

Каталіцкі касцёл Магілёўшчыны ўзгадае 100-годдзе пакутніцкай смерці ксяндза Яўгена Святаполк-Мірскага, пробашча касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і дэкана Магілёўска – Горацкага. Ён стаўся першым з духоўных асобаў, якія пацярпелі за веру ў супрацьстаянні з бязбожнай уладай.

Беларускі род Святаполк-Мірскіх гербу Бялына паходзіць з Браслаўскага павету, прадстаўнікі роду даводзілі яго паходжанне ад Рурыкавічаў, доказы гэтага хоць і былі сумніўнымі, але ж род да княскага ўсё ж быў залічаны. Род распаўся на каталіцкую і праваслаўную галіны;  прадстаўнікі праваслаўнай галіны ў перыяд Расійскай імперыі ў розныя часы займалі самыя высокія дзяржаўныя пасады.

 

Яўген Святаполк-Мірскі паходзіць са шляхты Віленскай губерні, нарадзіўся ў 1876 г. З 1887 па 1893 гг. вучыўся ў віленскай гімназіі.

 

У 1896 г. паступіў у Магілёўскую Мітрапалітарную духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу, якую скончыў у 1903 г. Шлях да святарства быў напросты і не абышоўся без сумненняў – Мірскі пакінуў семінарыю з 3 курса, але змяніў рашэнне і быў прыняты ізноў праз год. Святарскае пасвячэнне атрымаў 10 сакавіка 1903 г. Пасля чаго атрымаў сваё першае прызначэнне – вікарыем ў Магілёўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама выкладчыкам Закона Божага ў парафіі, Магілёўскай фельдшарскай школе і гарадзкім 4-х класным вучылішчы.

 

З 1904 па 1909 гг. быў прызначаны вікарыем у Гомельскім касцёле і выкладчыкам Закона Божага ў  мужчынскай гімназіі, прагімназіі і чыгуначным тэхнічным вучылішчы. А таксама быў старшынёй гомельскага парафіяльнага Таварыства асветы і дабрачыннасці.

 

У 1910 г. прызначаны пробашчам Чэрыкаўскага касцёла і дэканам Чавуска-Чэрыкаўскага дэканату.

 

У 1912 г прызначаны пробашчам касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і дэканам Магілёўска – Горацкага дэканату. На гэтай пасадзе знаходзіўся аж да смерці 28 лютага 1918 г. Таксама выкладаў Закон Божы ў жаночай марыінскай гімназіі, быў сакратаром праўлення Польскага Таварыства асветы і дабрачыннасці.

 

З пачаткам Першай сусветнай вайны ў горад пачалі прыбываць бежанцы, паасобна і цэлымі навучальнымі ўстановамі. Ксёндз Святаполк-Мірскі тады быў абраны старшынёй Таварыства апекі аб асобах часова пацярпелых ад вайны і не маючых прытулку. Да таго ж дэкану было даручана арганізацыя сустрэчы на чыгуначным вакзале Магілёва эшалонаў з параненымі, намашчэнне паміраючых і пахаванне вайскоўцаў каталіцкага веравызнання.

 

Ксёндз Мірскі быў у Магілёўскай губерні асобай вядомай і дзейснай і невыпадкова многімі бачыўся, як верагодны кандыдат на біскупства. Быў вядомы да таго ж, як майстра рыторыкі, выбітны прамоўца і прапаведнік, ягоныя казанні прыцягвалі многіх, у тым ліку служачых, двор і афіцэраў Стаўкі, што адмыслова прыходзілі пабачыць статную постаць і пачуць і казанні. Ягонымі намаганнямі былі створаны ў горадзе польская школа, швачная майстэрня, кнігарня з бібліятэкай і сталовая, а перад усім Таварыства хрысьціянскіх працоўных, як антытэза бальшавізму.

 

Лютаўская буржуазная рэвалюцыя нарадзіла новыя надзеі на змены ў грамадзтве і спрыяла надзвычайнай актыўнасці ў палітычым і грамадскім жыцці.

 

Трэба адзначыць, што ў той час палітычная дзейнасць кліра не была забаронена Рымам, і кс. Святаполк-Мірскі, які і раней вылучаўся дзейсным характарам і актыўнай пазіцыяй, апынуўся у вірах новага часу.

 

Тагачасная магілёўская прэса дае пэўнае ўяўленне аб палітычных поглядах Святаполк-Мірскага.

“…23 ліпеня ў гарадзкім тэатры адбылося польскае веча. Павятовая польская рада прапанавала да разгляду спіс кандыдатаў у гласныя гарадской Управы ў колькасці 10 асобаў. Выступоўцы з праграмнымі адозвамі выказалі імкненне да паляпшэння харчовых, гігіенічных і культурных умоў жыцця працоўнага і рабочага насельніцтва горада.  Кс. Мірскі пагадзіўся з імкненнем сацыялістычных партый да паляпшэння жыцця працоўных, але катэгарычна падкрэсліў сваю нязгоду з патрабаваннем бязвыплатнага адчужэння дзяржаўнай уласнасці…”

 

У канцы 1917 года пачалася першая хваля рабаўніцтваў і забойстваў землеўладальнікаў, ініцыіраваная бальшавіцкай уладай. Маёнткі губерні былі разрабаваныя ўшчэнт (у тым ліку палацы ў Жылічах і Крычаве). Па сведчанням сучаснікаў кс. Святаполк-Мірскі падчас казанняў жорстка дакараў удзельнікаў рабаўніцтва панскіх маёнткаў і лясоў, пагражаючы Божай карай злачынцам.

 

1 кастрычніка 1917 года ў стагоддзе смерці Тадэвуша Касцюшкі ў Быхаве, дзе размяшчаўся 1 польскі корпус расійскага войска, было арганізавана свята і вайсковы парад. На ім прысутнічалі прадстаўнікі Стаўкі, дзеячы Магілёўскага губернскага польскага таварыства, шляхта. Парад войска разам з генералам Ю. Доўбар-Мусніцкім прымаў і кс. Святаполк-Мірскі.

 

Трэба крыху ўзгадаць, гісторыю стварэння польскага корпуса.

 

У 1914 г. з расійскіх падданых палякаў быў сфармаваны Пулаўскіх легіён, а таксама стралковая брыгада, разгорнутая пазней у дывізію. У студзені 1916 г. у раёне Бабруйска расійскае камандаванне Рускай Імператарскай арміі  сфарміравала Брыгаду польскіх стралкоў у складзе 4 тыс. штыкоў і перакінулае яе на фронт пад Баранавічы. Далей гэтае воінскае фарміраване было рэарганізаванае і пашырэна да памеру дывізіі. Пасля паспяховых баявых дзеянняў супраць аўстрыйскіх войскаў у Галіцыі дывізія ў жніўні 1917 г. перадыслакуецца ў Быхаў і ўключаецца ў склад Першага польскага корпуса рускай арміі.

Пасля падзей кастрычніка 1917 г. у Петраградзе камандаванне корпуса адмовілася падпарадкавацца загаду бальшавікоў аб правядзенні выбараў у палкавыя і корпусныя камітэты і прыняло рашэнне аб перадыслакацыі ў раён Рагачоў-Жлобін-Бабруйск. Там да іх далучыліся іншыя польскія фарміраванні I Польскага корпуса, якія знаходзіліся на той момант у іншых мейсцах Расіі. Генерал Доўбар-Мусніцкі адмовіўся прызнаць камандванне прапаршчыка Крыленкі і застаўся верным Часоваму Ураду Расіі.

 

12 студзеня 1918 г. Доўбар-Мусніцкі адпраўляе новапрызначанаму Галоўнакамандуючаму  арміі, прапаршчыку Крыленка ўльтыматум, у якім даводзіць, што калі бальшавікі не спыняць напады на польскія часткі, ён аб'явіць вайну новым уладам.

 

22 студзеня 1917 г. галоўнакамандуючы Крыленка выдаў загад аб пачатку вайсковых дзеянняў супраць корпуса ген. Доўбар-Мусніцкага. А 23 студзеня ў мясовай газеце надрукавана паведамленне следчай камісіі пры Магілёўскім губвыканкаме аб арганізацыі пробашчам касцёла кс. Святаполк-Мірскім контррэвалюцыйнай змовы супраць губвыканкама і яго саўдзеле з мясцовай буржуазіяй у мяцежу супраць рэвалюцыі, пасобніцтву захопу польскім корпусам г. Рагачова. Следчая камісія пастанавіла перадаць кс. Мірскага суду рэвалюцыйнага трыбунала.

 

Доказаў змовы не было, а арышт і ўтрыманне ў якасці закладнікаў членаў саюза землеўладальнікаў губерні быў падпісаны старшынёй губвыканкама М. Голдманам і членамі выканкама яшчэ 16 студзеня.

 

Для бальшавікоў асобы ксяндза Святаполк-Мірскага, прысяжнага паверанага Абедэрскага і іншых арыштаваных адначасова з імі землеўладальнікаў і інтэлігентаў прадстаўлялі цікавасць як закладнікі, якімі можна было шантажаваць штаб польскага корпуса.

Вось як падзеі ў зале суда падрабязна апісвае сучасніца і відавочца эмігранцкая пісьменніца Марына Бяляўская ў кнізе мемуараў “ Ставка Верховного Главнокомандующаго в Могилеве”, што была апублікаваныя ў Вільні ў 1932 годзе.

 

“…Справа кс. Мірскага была прызначана да слухання ў гадавіну перавароту 28 лютага ў зале жаночай гімназіі. Доказаў супраць ксяндза не было ніякіх і ўсе былі ўпэўнены, што яго апраўдаюць. Адзіным доказам была маленькая паперка, на якой былі намаляваныя нейкія іерогліфы. Бальшавікі меркавалі, што гэта план размяшчэння польскіх войскаў, што рушылі на Магілёў. Ксёндз жа казаў, што ён заўсёды маляваў розныя значкі, калі сядзеў за пісьмовым сталом і размаўляў з наведвальнікамі… І вось адчыніліся дзверы і усе ўбачылі, што на парозе залы стаіць ксёндз у атачэнні салдатаў, дакладней цень ад таго ксяндза, якога магілёўцы добра ведалі. Худы, бледны са смяротна стомленым тварам і вялікай барадой ён выклікаў страшэнны жаль і пратэст супраць несправядлівых пакутаў… Мы, ўбачыўшы зменены пакутніцкі ягоны твар раптам ўсе, як па нейкаму загаду паднялі неверагодны лямант з праклёнамі і кінуліся на ўзброеных з ног да галавы чырвонагвардзейцаў. Чырвонагвардзейцы пачалі патрабаваць, каб мы змоўклі, але мы крычэлі, не памятаючы сябе і не разумеючы, што гэтым мы шкодзім падсуднаму.  І раптам сярод гэтых дзікіх крыкаў прагучаў стрэл. Хто страляў, так і засталося невядомым, ці гэта быў правакацыйны стрэл з боку бальшавікоў, ці страляў хтосці з публікі. Бальшавікі ўзвялі куркі і прагучаў аглушальны стрэл з 15 вінтовак, што накіраваны ў тлум. Мы ўсе апусціліся на пол. Краснагвардзейцы таксама ўсталі на калені і пачалі страляць па тлуму, што ляжаў. Тынкоўка падала са столі, чуліся нечалавечыя крыкі параненых і ўсе страцілі розум ад жаху. І толькі адзін ксёндз Святаполк-Мірскі стаяў спакойна ля дзвярэй залы і дзвюма рукамі бласлаўляў звар’яцеўшы ад жаху тлум. Калі бальшавікі растралялі ўсе патроны і загадалі ўсім нам падняцца, дык ксяндза ў зале ўжо не было, яго адвялі назад у вязніцу… Ксяндза падвялі да вязніцы і прыкладамі штурханулі ў камеру. Ён, як увайшоў у камеру, упаў не здымаючы паліто на ложак і сказаў свайму суседу на ложку адвакату Б.П. “Мяне згубіў натоўп!”. Лёжачы ў ложку ён стаў маліцца ў чаканні смерці. Праз гадзіну ці дзве яго вывялі з камеры і прачыталі прысуд рэвалюцыйнага суда. Ён у той жа дзень, 28 лютага быў вывезены за горад і забіты разам з двума арыштаванымі міліцыянерамі…

 

Зганьбаванае бальшавікамі цела некалькі дзён ляжала ў канаве за горадам. Праз тыдзень пасля казні ксяндза ў Магілёў увайшлі польскія войскі корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага і ўрачыста пахавалі ахвяраў бальшавіцкіх зверстваў. З уваходам польскіх войскаў абывацель уздыхнуў вольна. Адчыніліся стаўні, падняліся фіранкі і вуліцы напоўніліся тлумам, што радаваўся зыходу бальшавікоў…”

 

Вядомы краязнаўца Геранім Філіповіч, што ў дзяцінстве быў міністрантам у магілёўскім касцёле, месца растрэлу лакалізуе наступным чынам “адбыўся 28 лютага” у сасновым лесе каля “застаўнага дамка” пры злучэнні Аршанскага і Гомельскага шасэ”.

 

Звесткі аб часе растрэлу разыходзяцца. Так Г. Філіповіч пачае час растрэлу “на світанні 28 лютага”, у той жа час з мемуараў М. Бяляўскай вынікае, што 28 лютага адбыўся суд, а растрэл увечары ці ўначы. Таму праўдападобна растрэл адбыўся ўсё ж на світанні 1 сакавіка.

Вуснае паданне кажа, што перад растрэлам бальшавікі патрабавалі, каб ксёндз адрокся ад веры. На што той адказаў катам “Цела забіць можацце, але душу не заб’ёце”.

 

Часопіс “Tygodnik Illustrowany”№31-32. за 10.08жніўня 1918г. падае такія акалічнасці растрэлу “…Паводле апавяданьня шафёра, які прывозіў ахову з падсудным, тойпапрасіў, каб вырак быў выкананы не хрысьціянінам, і тады габрэй,нейкі Аронаў, адказаў па-расейску, што будзе мець за гонар пазбавіцьяго жыцьця, і забіў няшчаснага стрэлам з рэвальвера ў вока. Іншыя распавядалі, што яго катавалі акрамя габрэя яшчэ адзін расеец і адзін паляк…”. Праз некалькі дзён вернікі перанеслі целы ксяндза і двух растраляных у капліцу па польскіх могілках.

 

Па звестках Г. Філіповіча ўрачыстае пахаванне па польскіх могілках адбылося 7 красавіка пасля ганебных уцёкаў бальшавікоў. У працэсыі і пахаванні прынялі ўдзел акрамя каталікоў таксама шматлікія жыхары іншых веравызнанняў,  духавенства усіх цэркваў горада, прадстаўнікі ўсіх мясцовых нацыянальных арганізацый, у тым ліку Бунда. Жыдоўскае насельніцтва баялася пагрому, і нездарма, было добра вядома, што члены губернскага выканкама і ваенна-рэвалюцыйнага камітэту былі габрэямі. Але пагромы не адбыліся. У кожным разе, гэтае забойства вядомага і шанаванага святара многім вярнула пачуццё рэчаіснасці.

 

Перад пахаваннем згодна з законам, верагодна як і належыць, быў праведзены агляд цела, медычная фіксацыя і пратакаліраванне ранаў. Нажаль, дакладных звестак пакуль няма, але чуткі небезпадстаўна даносілі, што на целе ксяндза было пяць агнястрэльных ранаў і чатыры нажавых раненні, галава разбіта, а рукі паламаны, у руках трымаў ружанец. Магчыма, святло на акалічнасці тых падзеяў пральюць звесткі з мемуараў генерала Доўбар-Мусніцкага, якія ён пакінуў.

Польская дзяржава была абвешчана толькі 11 лістапада 1918 года. І падзеі звязаныя з корпусам Доўбар –Мусніцкага ў Магілёве адбываліся яшчэ ў рамках пачатку грамадзянскай вайны ў Расіі.

 

Міхаіл Гольдман, які ў студзені-сакавіку 1918 г. займаў пасаду старшыні Магілёўскага губернскага выканкама Савета працоўных, салдацкіх і сялянскіх дэпутутаў, і непасрэдна вінаваты ў забойстве, перажыў ксяндза Святаполк-Мірскага на 20 гадоў. У паслярэвалюцыйныя гады ён - партыйны і савецкі дзеяч, выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсытэту. Быў растраляны ў 1938 г.

 

Мікалай Крыленка – Член Саўнаркама, кіраунік рэвалюцыйнымі трыбуналамі,  пазней -  наркам юстыцыі СССР быў растраляны ў 1938 годзе.

Qui ventum seminat, turbinem metet

 

 Наталля Прачакова

навуковы супрацоўнік музея гісторыі Магілёва

 

 

Прочитано 458 раз Последнее изменение Вторник, 27 Февраль 2018 09:50
Super User

Рэдакцыя сайта

Сайт: www.mohylev-katolik.by

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены

Расклад святой Імшы ў нядзелі

Бялынічы

15.00 (на беларускай мове)

 

Горкі

8.00 (на беларускай мове),

16.00 (на беларускай мове)

 

Княжыцы

14.00 (на беларускай мове)

 

Крычаў 

10.00 (на беларускай мове)

 

Касцюковічы

11.00 (на беларускай мове),   

15.00 (на беларускай мове) – перыядычна.

 

Магілёў, св. Антонія 

09.00 (на польскай мове),

10.30 (на беларускай мове),

12.00 (на беларускай мове),

16.00 (на беларускай мове).

 

Магілёў, Унебаўзяцця НПМ

9.00 (на польскай мове),

11.00 (на беларускай мове),

13.00 (на беларускай мове),

18.30(на беларускай мове)

 

Магілёў, св. Казіміра

10.00,

18.00

 

Мсціслаў

12.00

 

Шклоў 

12.00 (на беларускай мове)

 

Фашчаўка 

15.00 (на беларускай мове)

 

Чавусы 

9.30 (на беларускай мове).