Аб гэтым паведаміў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Вялікадню, у курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Па словах Мітрапаліта, важна, што на Магілёўшчыне таксама будзе біскуп – гэта дасць магчымасць звяртаць больш увагі на Магілёўскую вобласць. Іерарх выказаў надзею, што з прызначэннем біскупа Юрыя Касабуцкага пастырская дзейнасць там ажывіцца.
“Ужо ў 1919 г. тэрыторыя Магілёўскай вобласці ўвайшла ў склад Расіі, дзе пачаліся ганенні на рэлігію і касцёлы пачалі разбурацца на 20 гадоў раней, чым на заходняй тэрыторыі Беларусі. Таму сёння там яшчэ, можна сказаць, Каталіцкі Касцёл адраджаецца. Не так шмат святароў і храмаў, не так многа законніц на гэтай тэрыторіі. Але мы спадзяемся, што дзякуючы намаганням і душпастырскай працы мы адчуем сябе адным цэлым, каб несці Хрыста людзям”, - адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.
Абавязкі біскупскага вікарыя акрэслівае Кананічнае права ў к. 479-481. Сярод іх належыць вылучыць:
- Выканаўчая ўлада адносна акрэсленай тэрыторыі
- сталыя паўнамоцтвы, прадстаўленыя біскупу Апостальскім Пасадам, а таксама права выканання рэскрыптаў
- супрацоўніцтва з дыяцэзіяльным біскупам у праве агульнай пастырскай дзейнасці ў вызначанай тэрыторыі.
Біскуп Юрый Касабуцкі
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Нарадзіўся 15 лютага 1970 г. у Маладзечне на тэрыторыі сучаснай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне (1991 г.) вучыўся ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі і адбыў вайсковую службу.
Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 7 снежня 1996 г. Выконваў абавязкі вікарыя парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны і св. Станіслава ў Магілёве і адміністратара парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. З 1999 г. па 2001 г. вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча), дзе атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі. З 2001 г. па 2004 г. выконваў абавязкі прэфекта Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. У 2004 г. прызначаны дырэктарам Сакратарыяту Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. З 2005 г. выконвае абавязкі канцлера курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. З 2006 г. з’яўляецца таксама адміністратарам парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. З’яўляецца выкладчыкам ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і Тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля ў Мінску.
29 лістапада Святы Айцец Францішак прызначыў кс. Юрыя Касабуцкага дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 25 студзеня атрымаў біскупскае пасвячэнне.