Нядаўна арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў сваім звароце да духавенства і вернікаў на Нядзелю Добрага Пастыра зазначыў, што распачацце ініцыятывы “Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне” не з’яўляецца перашкодай для іншых магчымасцяў дапамогі паасобным парафіям ці святарам Магілёўшчыны — напрыклад запрашэнне душпастыраў на рэкалекцыі, збор ахвяраванняў на канкрэтныя мэты і г.д.
Па ініцыятыве пробашча парафіі святога Антонія ў Мар’інай Горцы Чавускай супольнасці сп. Віталіем Сахаравым была прывезена дапамога ў выглядзе не толькі невялікага фінансавага ахвяравання, якое будзе выкарыстана для працягу рамонтных прац у жылой частцы парафіяльнага будынка. Стараннямі ўласнай працы святаром і мужчынамі Мар’інай Горкі быў зроблены паклонны крыж, дошка аб’яў, а таксама загатоўка для сімвалічных ясляў на Божае Нараджэнне. Дзень перадачы дапамогі быў выбраны невыпадкова – менавіта ўспамін св. Юзафа Рамесніка прыпамінае нам праўду пра тое, што чалавек, створаны на вобраз і падабенства Бога, атрымаў заданне кіраваць і ўдасканальваць навакольны свет у справядлівасці і святасці, што адбываецца перадусім праз звычайную працу. Сваёй працай і працавітасцю чалавек, удзельнік боскага майстэрства і боскай мудрасці, робіць яшчэ больш прыгожым стварэнне, сусвет, які ўжо ўпарадкаваны Айцом.
Ад імя вернікаў парафіі кс. Андрэй Кеўліч, які на дадзены момант апякуецца парафіяльнай супольнасцю ў Чавусах, выказвае шчырую ўдзячнасць усім, хто далучыўся да гэтай незвычайнай справы, за салідарнасць і неабыякавасць для Касцёла на Магілёўскай зямлі.
Ірына Казырэнка.
https://mohylev-katolik.by/index.php/item/548-ad-sertsa-da-sertsa-ad-mar-inaj-gorki-dlya-chavusa#sigProGalleriac9e21ddeef