Прапануем Вашай увазе першыя некалькі меркаванняў вернікаў архідыяцэзіі аб тым, наколькі з’яўляецца своечасовай дадзеная ініцыятыва, ці ёсць увогуле патрэба дапамогі парафіям на Магілёўшчыне:
Галіна Кажарновіч, парафія Ўзвышэння Святога Крыжа ў г. Вілейка: “Так здарылася, што многія святары, якія зараз служаць на Магілёўшчыне, некалі служылі Пану Богу і вернікам Вілейкі. Аб складанасцях душпастырскай працы ў парафіях на ўсходняй частцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ведала "з першых вуснаў". У інтэнцыі “Аб адраджэнні веры каталіцкага Касцёла на магілёўскай зямлі" малюся ўжо некалькі год. Ведаю, што многія і многія парафіяне нашага касцёла таксама моляцца ў гэтай інтэнцыі. Ведаючы багатую гісторыю Магілёўскай Мітраполіі, якой споўнілася 240 год, унутрана перажываю за рэчаіснасць, ў якой аказалася зараз Магілёўшчына... І калі пачула з вуснаў ксяндза-каноніка Аляксандра Барыла аб ініцыятыве Мітрапаліта Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юзафа Станеўскага "Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне", то першай думкай было тое, што Пан Бог так адказвае на нашы малітвы. Чакае ад нас больш канкрэтных дзеянняў”.
Марыя Новікава, арганістка парафіі св. Сымона і св. Алены ў Мінску:
“Лічу, што гэта ініцыятыва вельмі надзённая і, спадзяюся, дапаможа вырашаць хоць частку праблем, што без дадатковых сродкаў зараз увогуле немагчыма. Я бываю ў парафіях Магілёўскай часткі Дыяцэзіі і бачу, што актыўнасць мясцовых людзей невысокая толькі на першы погляд, але гэта хутчэй наступства існуючай праблемы недахопу сродкаў. Проста гэтыя людзі, бачачы бясконцы "фронт" работ, пачынаюць думаць: гэта непад'ёмна, дык і спрабаваць не будзем. І вельмі важна, каб маленькія парафіі бачылі, што яны не адрэзаны ад света і не адкінуты ўбок, а з'яўляюцца часткай агульнабеларускага каталіцкага асяроддзя. І што яны таксама здольныя арганізоўваць цікавыя і змястоўныя рэчы.
З другога боку ёсць важны аспект праяўлення ўзаемадапамогі. Гэта фактычна духоўны абавязак чалавека, які лічыць сябе хрысціянінам - дарамагчы свайму брату-хрысціяніну у цяжкую хвіліну. У тым ліку і "капейкай", бо людзі — жывыя істоты і маюць не толькі патрэбу ў малітве. А калі ўжо шчыра: ці так часта мы молімся за Магілёўскі край? Дык давайце ж хаця б праявім мінімальную актыўнасць у "матэрыяльнай сферы".
Бывае, што святары не надта хочуць звяртацца да сваіх парафіян з пытаннем фінансавай дапамогі камусьці. Але я як верніца прашу: дайце нам шанс праявіць здольнасць міласэрнасці. Зварот па дапамогу выклікае ўва мне не пратэст, а адчуванне маёй уласнай далучанасці да вартай справы, якая да таго збірае мне "плюсы" ў анкету пра маё ўласнае збаўленне ( )
Запрашаю і людзей-вернікаў не саромецца, калі наш "унёсак" здаецца нязначным. Мора пачынаецца з кроплі”.
Таццяна Ракузава, парафія Ўнебаўзяцця НПМ у г. Мсціславе:
“Усёй нашай магчыма невялікай парафіяльнай супольнасцю далучаемся да ініцыятывы "Дар сэрца". Дадзеная акцыя вельмі дарэчная, асабліва ва ўсходніх рэгіёнах нашай краіны, дзе парафіі малыя па колькасці, а праблемы вялікія. Разам мы сіла і духу і волі, па асобнасці - нішто. Гэтая ініцыятыва дазволіць нават з малых капеечак сабраць сродкі дапамогі для вырашэння такіх праблем, устараненне якіх упіраецца ў фінансы, а калі мы аб'яднаемся і кожны з нас унясе хоць невялікую суму ў агульны бюджэт, то дапамога будзе камусьці канкрэтна не маленькая.
Нехта можа палічыць, што гэта нікому не патрэбна, але гэта трэба перш за ўсё кожнаму з нас. Сёння мы дапаможам, заўтра дапамогуць нам. А дапамога парафіям на Магілёўшчыне патрэбная і перш за ўсё тым, якія маюць вострую патрэбу ў ёй. Таму гэтую акцыю лічу актуальнай і будзем удзельнічаць у ёй усёй сям'ёй. А калі ў будучыні будзе абвешчана падобная акцыя для Касцёла іншых абласцей, таксама будзем удзельнічаць, бо Каталіцкі Касцёл у Беларусі павінен развівацца ў сапраўдны нялёгкіх умовах, а магчыма гэта будзе толькі пры ўмове, калі мы аб'яднаемся і дапаможам адзін аднаму малітвамі, грашовымі сродкамі і нават проста добрым словам.”
Елена Мінчанка, з парафіі Найсвяцейшай Дзевы Марыі Маці Касцёла ў Чавусах:
“На Магілёўшчыне парафіі невялікія, каталікоў няшмат. Касцёлы і капліцы пабудаваныя прыгожыя, але іх трэба даводзіць, як кажуць, да ладу, як нп. наш у Чавусах. Канешне, ёсць сэнс стварыць свайго тыпу капілку, каб можна было неяк прынамсі па чарзе прыводзіць у парадак тое, што з'яўляецца ўласнасцю Касцёла. Самі мы тут, на Магілёўшчыне, не зможам вырашыць пытанне дапамогі адзін другому.”
Працяг будзе.