Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавялі прысутным пра Каталіцка-Праваслаўны Форум «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскіх Цэрквам у Еўропе», які адбыўся 2-6 чэрвеня 2014 г. у Мінску.
Сабраныя прынялі рашэнне аб увядзенні ў ІІ, ІІІ і ІV-ай Эўхарыстычных малітвах, зацверджаных Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, дадатку «…і Св. Юзафам, яе абраннікам…».
На падставе галасавання быў абраны віцэ-старшыня ККББ. Ім стаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Адносна ўказання Кангрэгацыі па справах Духавенства біскупы пастанавілі, каб у літургічных календарах усіх дыяцэзій было пазначана, што Дзень святасці святароў адзначаецца ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая ў гэтым годзе прыпадае на 27 чэрвеня.
Сабраныя падтрымалі правядзенне фестывалю хрысціянскіх фільмаў «Магніфікат». Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў пастанавіла ў нядзелю 3 жніўня ва ўсіх святынях краіны прызначыць аднаразовыя ахвяры на падтрымку фестывалю.
Таксама былі абмеркаваны арганізацыйныя пытанні адносна пілігрымак у Святую Зямлю і ў санктуарыі Беларусі ў летні перыяд.
Біскупы падзякавалі дырэктару пастаральнага цэнтра кс. Эдмунду Друзу TChr за яго ахвярную і плённую 3-гадовую працу на гэтай адказнай пасадзе і пажадалі Божага благаслаўлення ў выкананні абавязкаў правінцыяла Нямецка-Галандска-Італьянска-Венгерскай правінцыі таварыства хрыстусоўцаў.
Сабраныя абмеркавалі шлях перэгрынацыі крыжа і абраза Маці Божай Сусветнага дня моладзі.
Наступнае пленарнае пасяджэнне ККББ запланавана на 20 лістапада 2014 года.
Паводле: http://catholic.by/2/