Глыбокапаважаныя Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры.
У сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама з працягам вельмі небяспечнага грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне, я звяртаюся да вас з просьбай 8 снежня 2020 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, ва ўсіх касцёлах і капліцах пасля кожнай святой Імшы прачытаць Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
З даўніх часоў вядомы пабожны выраз: Ad Іesum per Mariam — «Да Езуса праз Марыю». З верай у дапамогу Марыі звернемся да Яе, каб Яна выпрасіла ў свайго Сына, Міласэрнага Езуса, для ўсіх нас і для нашай Бацькаўшчыны ласку спынення пандэміі каранавірусу і мірнага жыцця.
З благаслаўленнем,
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Крыніца: https://catholic.by/