Першы раз парафія ўзгадваецца ў 1669г. у сінодзе Сапегі. Прыналежыць да аршанскага дэканату Віленскай архідыяцэзіі.
1790- 1832гг. – заснаванне кармеліцкага кляштара.
1792г. – пабудова драўлянай святыні Імя НПМ дзякуючы ахвярнасці Маладковіча і іншых вернікаў.
У перыяд 1812-1840гг. у парафіі выконвалі служэнне наступныя святары: а. Раймунд Комбар, а. Афанасій Амбражэвіч, а. Гіпаліт Кантэйка, а. Дам’ян Баневіч, а. Філіп Вітторт.
1840г. – парафіяй пачынаюць апекавацца дыяцэзіяльныя святары.
1848-1849гг. – душпастырам Чэрыкаўскай супольнасці каталікоў быў кс. Людвіг Багдановіч.
1849 – парафія прыналежыць да чавускага дэканату, ёсць капліцы ў Горах, Гаpaдцы.
1851-1852гг– у парафіі служылі кс. Францішак Вечаркоўскі, кс. Марцін Голка.
1862-1869гг.– будоўля мураванай святыні раманскага стылю ў Чэрыкаве. Ахвярадаўцамі сталі м.інш. кс. Павел Падгурскі, Агата Міхайлаўна Цюлюпа, Сымон Андрэевіч Цюлюпа.
Так апісваецца выгляд святыні ў архіўных дакументах:
“Чэрыкаўскі касцёл 3 класа, даўжыня - 12, шырыня - 7, вышыня- 10 саж., (…). Вежаў 2, з 2 дубовымі крыжамі, абабітымі белай бляхай, пад імі шары з жоўтай медзі, памаляваныя алейнай фарбай.
На сярэдзіне франтона чыгунны крыж вагой 12 пудоў. (…) Бабінец аддзелены ад касцёла каменнай сцяною з 4 дзвярыма. Касцёл
пабудаваны ў 3 навы, 4 калоны падтрымліваюць скляпенне. Прэзбітэрый аддзяляецца кратамі. Перад вялікім алтаром лампада вельмі прыгожай мастацкай работы.
У касцёле тры алтары. Галоўны алтар, камень з мошчамі святых, кансэкраваны магілёўскім біскупам-суфраганам Альбінам Сымонам у 1864 г. 23 ліпеня. Уверсе трон з выявай Святой Тройцы і Збаўцы ў цярновым вянку. Па баках трона 8 калонак. Над тронам і галоўным алтаром – драўляная капліца з абразом Божай Маці Бялыніцкай з Дзіцяткам Ісусам (копія). Над алтаром абраз Божай Маці Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пісаны на палатне ў драўлянай пазалочанай раме.
Другі алтар, драўляны з левага боку, разной работы з упрыгожаннямі і пазалотай. На ім камень са святымі мошчамі, абраз св. Язэпа, над ім абраз св. Казіміра на палатне.
Трэці алтар, з правага боку, такі, як і св. Язэпа, з абразом св. Антона на палатне.
У сярэдзіне касцёла ў вежы капліца Божай Маці Няспыннай Дапамогі, сцяна, на якой размешчаны абраз, пакрыта дываном.
Абразоў розных – 21. Стацый Дарогі Крыжовай Ісуса Хрыста - 14. На вежы званоў - 3: 8 пудоў 9 фунтаў; 4 пуды 36 фунтаў; 2 пуды.
Сярэбраны крыж з часткаю Святога Дрэва Крыжа.”
1870-1880гг. – душпастырам быў кс. Казімір Пятроўскі
У 1881-1882 гг. - касцёл адрамантаваны.
1900-1907гг. – пастырскае служэнне ў Чэрыкаве выконваў кс. Антоні Казлоўскі
1922-1923гг. – пробашчам парафіі з’яўляўся кс. Станіслаў Ярашэвіч
У савецкі час святыня была ў католікаў адабрана. З 1950г. – будынак храма выкарыстоўваецца як Дом культуры.
канец XX/XXIст. – пачатак спробаў аднавіць каталіцкае жыццё ў горадзе.
Літаратура:
Чэрыкаў. Касцёл Імя Панны Марыі, у: http://www.radzima.org/be/object/2786.html.
Nasze Kościoły. Archidiecezja Mohylewska.Т. 1. cz.1. Mohylewszczyzna, s. 93-94.
Кс. У. Завальнюк, Касцёлы Царскай Расіі, 2009, с. 200-201.