Радыё Марыя-online

 
 
 
 

Каляндар

Католические праздники

 

Малітва святароў

Год Міласэрнасці

 
 
Среда, 01 Январь 2014 20:02

Археалагічныя даследаванні комплекса былога езуіцкага кляштара ў г. Мсціславе

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

Прадстаўляем Вашай ўвазе даклад А. А. Трусава адносна езуіцкага кляштара ў Мсціславе.

 

 

Езуіты з’явіліся ў Мсціславе ў 1616 г. [2, 338]. Месца знаходжання першага драўлянага касцёла невядома. У 1690 г. езуіты заснавалі ў горадзе місію, 19 сакавіка адчынілі капліцу і правялі першае набажэнства. Пазней, у 1963 г. адкрыўся невялікі драўляны касцёл [1, 452]. Першую школу пры місіі адкрывалі ў 1691 г. у доме, які даў Станіслаў Зуб. Пазней атрымалі новы будынак з 4 заламі. Пры кляштары дзейнічаў тэатр. Спяктаклі праходзілі ў вялікай зале школьнага будынка. Ансамбль былога езуіцкага кляштара ўзведзены ў XVIII – ХІХ стст. на ўзвышшы паміж сучаснымі вуліцамі Савецкай, Пралетарскай і Юрчанкі. Беларускі дойлід Уладзіслаў Дзягілевіч у 1707 г. збудаваў вялікі драўляны касцёл, а ў 1711 г. аднавіў спалены дом езуіцкай місіі, паставіў драўляную вежу са званамі і гаспадарчыя будынкі. Місія стала спачатку рэзідэнцыяй, а з 1717 г. – калегіяй. з 1725 г. тут дзейнічаў аркестр, а з 1740 – аптэка. У 1729 г. рэзідэнцыю пераўтварылі ў калегіум. Пісьмовыя крыніцы захавалі імёны і розных майстроў, што працавалі на будоўлях для езуітаў у Мсціславе. Самым першым сталяром, імя якога зафіксавалі пісьмовыя крыніцы, быў Міхаіл Гуроўскі, што жыў у Мсціславе ў 1719 – 1729 гг. Менавіта ён зрабіў лавы і алтар у драўляным касцёле. У  1739 – 1757 гг. загадваў сталяркай у езуіцкім калегіуме Францішак Берман, ён рамантаваў стары драўляны касцёл, а потым наглядаў за працай на будаўніцтве мураванага касцёла і кіраваў фальваркам. У 1748 – 1773 гг. працаваў сталяр Піліп Лакцінскі, выконваў розныя работы для касцёла і для мураванай рэзідэнцыі. што будавалася тым жа часам. [3, 51].   Будаўніцтва мураванага езуіцкага касцёла і калегіума распачалося ў  30-ых гадах XVIII ст. Будоўля ішла марудна, двойчы спынялася і нарэшце была скончана ў 1748 г. пад кіраўніцтвам Бенядзікта Мезмера. У сярэдзіне XVIII ст. езуіты пабудавалі аптэку. Касцёл атрымаў імя Св. Міхаіла Архангела.

 

Касцёл уяўляе сабой трохнефавую базіліку з трансептам і двухвежавым галоўным фасадам (вежы, на жаль не захаваліся). Магутная паўкругавая апсіда завяршае цэнтральны неф. Галоўны фасад вузкім гзымсам падзяляецца на два ярусы і завяршаецца развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры. Сцены будынка аздобленыя шырокімі пілястрамі. У касцёле захаваліся рэшткі фрэскавага роспісу XVIII ст. Ёсць тут глыбокія сутарэнні, дзе некалі былі пахаванні. Калісьці перад касцёлам узвышалася прыгожая мураваная брама, падмуркі якой былі знойдзены археолагамі. Двухпавярховы будынак калегіума з бакоў падтрымліваюць магутныя контрфорсы. Першы паверх перакрыты скляпеннямі, другі мае перакрыцце на бэльках. Прыгожае барокавае аздабленне над галоўным уваходам страчана ў выніку рамонтаў ХІХ ст. Усе мураваныя будынкі кляштара складзеныя з цэглы-пальчаткі. Жылыя памяшканні ацяпляліся паліхромнымі кафлянымі печамі, аблямаванымі рэльефнай кафляй з выявамі познебарокавых картушоў. Езуіцкі калегіум існаваў да 1820 г. Дарэчы, у ліку розных прадметаў тут выкладалі і архітэктуру. Пасля паўстання 1831 г. будынкі езуіцкага кляштара былі адабраныя ў католікаў. а касцёл зачынены. З 1832 па 1842 гг. комплекс быў перададзены Тупічэўскаму праваслаўнаму манастыру. У 1842 г. тут адкрылі Мікалаеўскі мужчынскі гарадскі манастыр 2-га класа. Касцёл перабудавалі ў праваслаўны сабор святога Мікалая. Знешні воблік будынка змяніўся: з’явіўся невялічкі прытвор. завершаны складаным ступеньчатым атыкам, былі цалкам разабраны і перароблены вежы. У 1842 г. надбудавалі вялікі драўляны купал на цыліндрычным светлавым барабане. Пластыка фасадаў узбагацілася шырокімі пілястрамі і паўцыркульнымі нішамі. Трэба адзначыць, што інтэр’ер сабора часткова захаваў некаторыя дэталі аздаблення XVIII ст.. Гэта добра бачна на архіўным здымку, зробленым у 1909 г. У будынку былога калегіума размясцілася духоўная семінарыя. У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. ансамбль быў абнесены высокай цаглянай агароджай, на вуглах зроблены невялікія капліцы. Пры савецкай уладзе ў 1931 г. храм закрылі і скінулі з вежы звон, які потым здалі на пераплаўку. У памяшканні былога калегіума размясцілася школа-інтэрнат для глуха-нямых дзяцей. Пасля вайны ў будынку былога касцёла быў дом культуры і да 1961 г. кінатэатр. Пазней будынак закінулі і мясцовыя жыхары пераўтварылі яго ў руіну без даху. У канцы ХХ ст. пачалася рэстаўрацыя. Быў зроблены новы дах і адбудавана адна з двух вежаў, але грошы скончыліся і рэстаўрацыя спынілася. Памяшканні калегіума актыўна выкарыстоўваюцца ў часы рыцарскіх фэстаў апошніх гадоў. Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі былога езуіцкага кляштара апрводзіліся аўтарам у 1983, 1987, 1989 і ў 1991 гг. За часы археалагічных раскопак было закладзена 37 шурфоў агульнай плошчай каля 139 м2. Магутнасць культурнага слою розная. На плошчы каля агароджы перад касцёлам ён увогуле адсутнічае. Найбольшая яго інтэнсіўнасць прасочана ў шурфах на ўсход ад будынка былой аптэкі і дасягае 2,3 м. Сабраны цікавы рэчавы матэрыял. Самыя старажытныя знаходкі (кераміка) датуюцца ХІІ – ХІІІ стст., што сведчыць аб тым, што тут людзі жылі задоўга да пачатку будаўніцтва езуіцкага комплекса. Большасць знаходак адносіцца да XVII – XVIII стст. Гэта кавалкі непаліванага і паліванага бытавога посуду, разнастайная кафля, шкляное начынне, фрагменты шкляных ваконных шыбак, металічныя вырабы і будаўнічая кераміка. Цікавая і разнастайная калекцыя кафлі XVII – XVIII стст. У сярэдзіне XVII – другой палове XVIIІ ст. выкарыстоўвалі паліхромную, зялёнапаліваную і тэракотавую кафлю з разнастайнымі матывамі, пачынаючы ад геральдыкі езуітаў і шматлікімі відамі расліннага арнамента. Пад час раскопак рэшткаў будынка XVIIІ ст. знайшлі вонкавую пласціну зялёнапаліванай кафлі памерам 22×17,5 см з выявай стылізаванага букета кветак у вазе, упісаную ў васьмігранную рамку. Па кутах пласціны над рамкай ёсць выявы крылатых анёлаў. Такая кафля характэрная для розных цэнтраў беларускай кафлёнай вытворчасці, , але найбольш падобная кафля з Крычава. У 1986 г. была знойдзена кафля з эмблемай ордэна езуітаў. У сярэдзіне вонкавай пласціны размешчана манаграма Ісуса Хрыста, а па яе кутах – манаграмы заказчыка. У другой палове XVIIІ ст. з’яўляецца кафля без дэкору. Гэтая гладкая непаліваная і паліваная кафля без малюнка з тоўстай вонкавай пласцінай і даволі высокай 9 да 7–8 см) румпай. Арнамент гемеатрычнага ці расліннага характару захаваўся толькі на каронках. У першай палове XVIIІ ст. існавала рэльефная паліхромная кафля, дзе спалучаліся белая і зялёная гама. У другой палове XVIIІ ст. з’явілася паліхромная распісная кафля галандскага тыпу, якая не мела рэльефу. Да будаўнічых матэрыялаў адносіцца цэгла, хвалістая дахоўка і пліткі падлогі.  Знайшлі кавалак зялёнапаліванай пліткі падлогі XVII – XVIII стст. са слядамі вонкавай рашчыны. Таўшчыня пліткі 3 см. Раскапаныя падмуркі цагляных пабудоў складзены з цэглы-пальчаткі з касымі ці прамымі бароздкамі на пасцелі. Яе сярэднія памеры 29–30×14,5–15×6,0–6,5 см. Хутчэй за ўсё, адначасова з касцёлам уводзілі будынак, які зараз знаходзіцца на вул. Першамайскай 9,  і корпус, рэшткі якога знайшлі  на вул. Юрчанкі. Цэгла, ўжытая пры будаўніцтве цаглянай агароджы канца ХІХ ст. значна адрозніваецца. Бароздаў на пасцелі няма, якасць горшая, сярэднія памеры: 25,5–26,5×12,5–13,5×5,7–6 см. У шурфах каля сценаў касцёла сабраны кавалкі ваконнага шкла. Яно мае светла-зялёны колер, таўшчыня – 1,3 і 1,5 см, форма – прамавугольная.

 

У шурфах закладзеных на поўночны ўсход ад сучаснай тэрыторыі комплекса знойдзены падмуркі вялікага цаглянага будынка XVIII ст., хутчэй за ўсё – кляштарнага корпуса. Глыбіна залягання падмурка пабудовы – 1,05 см. ад узроўня дзённай паверхні. Шырыня сцяны – 70 см. Удалося прасачыць адно прамавугольнае памяшканне памерам 7,7×3,6 м. У 1987 г. заклалі шурф побач з апсідай касцёла з мэтай вывучэння яго падмурка. На глыбіні 1,7 м. выйшлі на цокальны паверх будынка. У сцяне прасочаны праём з паўцыркульнай аркай, закладзены цэглай. На глыбіні 3 м ад дзённай паверхні цагляная муроўка падмурка змянілася на «падушку» з бітай цэглы на вонкавай рошчыне. У ніжняй частцы «падушкі» трапляюцца валуны. Памеры цагляна-вонкавай забудоўкі вагаюцца ад 1,75 да 1,9 м. Такім чынам, вышыня цокальнага паверха каля 3,1 м, а глыбіня залягання падмурка апсіды касцёла ад узроўня дзённай паверхні 1987 г. дасягае 4,75 – 4,8 м. Да паўночнага кута касцёла прымыкае будынак былога калегіума. З мэтай даследавання падмуркаў абодвух будынкаў у месцы іх стыку таксама заклалі шурф. На глыбіні каля 5 м падмуркі касцёла і калегіума скончыліся і пачаўся жоўты мацерыковы суглінак. Падмуркі цалкам складзены з цэглы памерамі 29–30×14–16×7–7,5 см у тэхніцы рад «тычкоў», рад «лажкоў». У 1987 г. былі знойдзены рэшткі былой цаглянай агароджы XVIII ст. Шырыня яе сцяны  60–70 см., глыбіня залягання падмурка – 55–60 см.. Яна складзена з цэглы пальчаткі з касымі бароздамі на пасцелі. Глыбіня падмурку сённяшняй цаглянай агароджы канца ХІХ ст. – каля 1,3 м ад дзённай паверхні. на глыбіні 25–30 см. цагляная муроўка змянілася мурам з бітай цэглы на вапнавай росчыне. У выніку даследаванняў быў знойдзены адзін з каменных карпусоў кляштара, акрэслены рысы агароджы і брамы XVIII ст. перад касцёлам. даследаваныя падмуркі розначасовых будынкаў на тэрыторыі комплекса.

 

Літаратура

1. Мяцельскі, А.А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХІІ –  XVIII стст. / А.А. Мяцельскі. – Мінск : Беларуская навука, 2010. – 664 с.

2. Слюнькова, И.Н. Монастыри восточной и западной традиций. Наследие архитектуры Беларуси. – М. : Прогресс. – Традиции, 2002. – 600 с.

3. Ткачоў, М.А., Трусаў, А.А. Старажытны Мсціслаў. – Мінск : Полымя, 1992. – 110 с.

 

 

 

Крыніца: Трусаў А.А. Археалагічныя даследаванні комплекса былога езуіцкага кляштара ў г. Мсціславе, у: Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць : зборнік навуковых прац удзельнікаў VIІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі,          Магілёў, 26 – 27 чэрвеня 2013 г. / уклад. А. М. Бацюкоў, І. А. Пушкін, Магілёў: УА «МДУХ», 2013, с. 382-385.

Прочитано 3020 раз Последнее изменение Среда, 01 Январь 2014 20:05

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены