Радыё Марыя-online

 
 
 
 

Каляндар

Католические праздники

 

Малітва святароў

Год Міласэрнасці

 
 
Четверг, 02 Январь 2014 07:50

Ведамасці аб стане касцёлаў, філій, капліц Магілёўскай архідыяцэзіі ХІХ – пач. ХХ стст., як крыніца па гісторыі Беларусі і сумежных краін

Автор 
Оцените материал
(2 голосов)

Запрашаем пазнаёміцца з дакладам Антановіч Зінаіды Васільеўны, кандыдата гістарычных навук, загадчыка аддзела аўтаматызаваных архіўных тэхналогій НГАБ. У сваёх працы аўтар знаёміць нас з архіўнымі дакументамі, звязанымі з гісторыяй Магілёўскай архідыяцэзіі

 

 

Антановіч З.В.

Ведамасці аб стане касцёлаў, філій, капліц Магілёўскай архідыяцэзіі ХІХ пачатку ХХ ст. як крыніца па гісторыі Беларусі і сумежных краін (паводле матэрыялаў НГАБ)

 

Уваходжанне беларуска-літоўскіх зямель у склад Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. адбілася таксама на канфесіянальнай арэне згаданых тэрыторый. З аднаго боку, у выніку шэрагу рэформ рымска-каталіцкая царква была падпарадкавана дзяржаве праз стварэнне некананічных інстытутаў, такіх як рымска-каталіцкія кансісторыі, што значна абмяжоўвала канфесіянальнае кіраўніцтва ў дзеяннях і выпрацоўцы ўласнага пункту гледжання на ўнутрыпалітычныя падзеі.

 

З другога боку, ва ўмовах свабоднага празелетызму праваслаўнай царквы і адсутнасці легальных магчымасцяў для распаўсюджвання веравызнання і захавання пазіцый на грамадска-палітычнай арэне краіны, кіраўніцтву царквы неабходна было асабліва ўважліва адсочваць стан сваіх адміністрацыйна- тэрытарыяльных адзінак, у тым ліку іх фінансавую забяспечанасць, наяўнасць святара, стан пабудоў і інш. У першай чвэрці ХІХ ст. гэтыя звесткі збіраліся канцылярыстамі Магілёўскай кансісторыі падчас апрацоўкі інвентароў і візітаў [15; 1, арк. 77–80].

 

Персанальныя звесткі аб вышэйшым кліры і парафіяльным святарстве (імя, прозвішча, пасады, найбольш значныя ўзнагароды і інш.) публікаваліся ў штогодніках інфармацыйна-рэкамендацыйнага характару для духавенства і прыхаджан Directorium officii divini ac missarum pro Archidioecesis Mohileviensis (Каталог для набажэнстваў і парафіян магілёўскай архідыяцэзіі)[14]. З пачаткам выдавецкай дзейнасці губернскіх статыстычных камітэтаў у другой палове ХІХ ст. звесткі аналагічнага характару ў скарочаным варыянце (імя, прозвішча і пасада святара) з’яўляюцца таксама на старонках Памятных кніжак па беларуска-літоўскіх губернях[12]. З павелічэннем дакументапатоку канцылярыі рымска-каталіцкай кансісторыі, рэарганізацыямі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры канфесіі і ўзмацненнем ціску самаўладдзя Магілёўскай кансісторыяй выпрацоўваюцца адмысловыя фармуляры дакументаў – ведамасці ўлікова-статыстычнага характару аб стане касцёлаў, філій і капліц архідыяцэзіі.

 

Сёння у фондзе “Магілёўская рымска-каталіцкая кансісторыя” у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (далей – НГАБ) захавалася дзесяць такіх спраў. Увядзенне гэтых відаў дакументаў у справаводства ўстановы дазволіла рэгулярна збіраць звесткі аб стане касцёлаў, філій і капліц на тэрыторыі архідыяцэзіі для іх прадстаўлення вышэйшым органам улады і адстойвання інтарэсаў канфесіі на грамадска-палітычнай арэне. Ведамасці складаліся пробашчамі і адміністратарамі касцёлаў па выпрацаваным у кожным канкрэтным выпадку фармуляры прывабным для аналізу і абагульнення. Падрыхтаваныя дакументы накіроўваліся дэканам, якімі прадстаўленыя звесткі спраўджаліся перад адпраўленнем у кансісторыю, дзе ведамасці апрацоўваліся першапачаткова служачымі трэцяга стала (аддзела канцылярыі), а з 1873 г. – першага стала [3].

 

Ведамасці аб стане касцёлаў, філій і капліц фарміраваліся ў справы разам з копіяй указа аб зборы звестак і, часта, рапартамі дэканаў і святароў аб іх прадстаўленні. Пры гэтым калі ў сярэдзіне ХІХ ст. фарміраваліся звесткі па ўсёй архідыяцэзіі [2, 4, 5], то у апошняй чвэрці стагоддзя фарміраваліся асобныя кнігі па губернях [6–10]. Першыя з захаваўшыхся ведамасцяў аб стане касцёлаў, філій і капліц збіраліся па распараджэнні Магілёўскага арцыбіскупа ад 20 чэрвеня 1840 г., а пасля іх абагульнення ў кансісторыі накіроўваліся: два экземпляра ў Рымска-каталіцкую калегію (адзін з якіх перадаваўся ў Дэпартамент іншаземных веравызнанняў Міністэрства ўнутраных спраў) і па аднаму – мясцовым кіраўнікам губерняў і генерал-губернатарам. Неабходнасць іх складання выклікана падрыхтоўкай адміністрацыйна-тэрытарыльнай рэарганізацыі дэканатаў.

 

Акрамя таго, паводле ўказа імператара Мікалая І ад 5 студзеня 1840 г. ліміціравалася колькасць святароў пры касцёлах у залежнасці ад колькасці парафіян: 100 – 150 двароў (па чатыры чалавека ў адным двары) адзін святар, 200 – 250 – два, да 300 двароў – тры [5, арк. 1–4 адв.]. У ведамасцях 1840 г. запаўняліся наступныя звесткі: колькасць парафій; назва парафіяльных касцёлаў і належачых да іх асобных алтарый, філій і капліц; колькасць святароў у касцёлах, альтарыях і філіях; час правядзення набажэнстваў у альтарыях і філіях пры адсутнасці ў іх пастаянных святароў; назвы населеных пунктаў і іх частак, якія ўваходзяць у парафію; колькасць парафіян у кожным населеным пункце [5, арк. 13]. Гэтыя ведамасці дазвалялі прааналізаваць як тэрытарыяльную разлегласць парафій і дэканатаў, колькасць духавенства ў іх, так і колькасць асоб рымска-каталіцкага веравызнання ў населеных пунктах, а таксама фіксіравалі тэрміны правядзення набажэнстваў у альтарыях і капліцах, што пазней выкарыстоўвалася для іх зачынення. Напрыклад, Фашчоўскі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны касцёл ў 1840 г. знаходзіўся ў Магілёўскай губерні. Да яго былі прыпісаны драўляныя капліцы ў мызе Вуглы памешчыка Менжынскага і мызе Кардзеева памешчыка Казменскага. Парафія ахоплівала тэрыторыі Магілёўскага, Капыскага, Чавусаўскага паветаў (м. Фашчоўка, мыза Заходцы, в. Меньшыя Сліжы, в. Аніковічы, в. Навасёлкі, в. Селішча і інш.), дзе пражывала 1823 парафіяніна, духоўныя патрэбы якіх забяспечваліся двума святарамі [5, арк. 18–19].

 

Звесткі за 1840 г. адлюстроўваюць стан прадстаўніцтваў каталіцтва ў Магілёўскай губерні (25 парафій).  Рэарганізацыя дэканатаў праводзілася ў 1844 годзе на падставе ўказу Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ад 27 снежня 1843 г. № 5159 і адначасова ўводзілася дзяленне парафій на класы ў адпаведнасці з іх значнасцю. Зямельнымі валоданнямі рымска-каталіцкай царквы былі зацікаўлены як кансісторыі, так і органы дзяржаўнай улады. У залежнасці ад атрыманага класу вызначалася колькасць святароў у парафіі і памеры іх утрымання. У ведамасцях, складзеных для абгрунтавання адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры, падаваліся, акрамя назвы касцёла і месца яго знаходжання, даходы духавенства ад дамоў, пляцаў і іншых нерухомых маёмасцяў, якія знаходзяцца ў яго распараджэнні, і памеры ўтрымання ад казны, што дазваляла перавесці парафіі, якія мелі ўласныя даходы, на частковае самаўтрыманне [2, арк. 12–13 адв.]. Так, Веліжскі касцёл знаходзіўся ў Віцебскай губерні, адносіўся да 3-га класу (1548 парафіян). Яму належала штатнае ўтрыманне ў адпаведнасці з класам у памеры 400 рублёў з казны, таму што іншых даходаў ён не меў [2, арк. 176 адв.]. Адначасова Ляшчылаўскі касцёл Дрызенскага павету Віцебскай губерні адносіўся да 4-га класу (678 парафіян) і ад сваіх маёмасцяў атрымліваў 210 руб. даходу. Утрыманне для касцёлаў 4-га класу складала 275 руб., таму ад казны яму належала 65 руб. [2, арк. 178]. У выніку рэарганізацыі да 1-га класу было аднесена – 3 парафіяльных касцёла (утрыманне – 600 руб.), да 2-га – 5 (500 руб.), да 3-га – 39 (400 руб.), да 4-га – 74 (275 руб.), да 5-га – 101 (230 руб.) [2]. Усяго адзначана 227 парафіяльных касцёлаў, з іх 40 па Магілёўскай і 86 – Віцебскай губернях, а астатнімі ахоплены тэрыторыі еўрапейскай і азіяцкай частак Расійскай імперыі і украінскія землі [2].

 

На 31 ліпеня 1854 г. фарміравалася ведамасць аб стане касцёлаў Магілёўскай архідыяцэзіі. Відавочна, захавалася вокладка, зробленая ў архіве кансісторыі: яна выраблена са скуры, аздоблена цісненнем, а назва справы напісана пазалочанымі літарамі [4]. Акрамя таго, да ведамасці складзены алфавітны паказальнік, хаця звесткі пададзены па алфавітным прынцыпе [4, арк. 1–4 адв.]. Ведамасць уключала агульныя звесткі аб касцёле, а таксама яго прыналежнасць да класу па штаце і колькасць парафіян.

 

Асаблівую ўвагу звяртае наяўнасць інфармацыі аб працэсе разбору парафіян з праваслаўным духавенствам, ступені яго завершанасці і нумары справы ў архіве кансісторыі аб гэтым, што дазволіць выявіць гэтыя справы пры суаднясенні з вопісамі архіва ХІХ ст. Акрамя таго пазначана, ці маюцца справы аб пабудове і рамонце касцёла,  надзяленні землямі і інш. і іх нумары. Напрыклад, Гомельскі касцёл знаходзіўся Гомельскім павеце Магілёўскай губерні, уваходзіў у склад Беліцкага дэканату і адносіўся да 3-га класу (1406 парафіян). Прыпісана да яго было дзевяць капліц. Разбор з праваслаўным духавенствам аб прыналежнасці парафіянаў да каталіцтва быў скончаны 1 жніўня 1846 г. Акрамя таго, у архіве кансісторыі мелася справа аб неправільным продажы дома гэтага касцёла за 1852 год № 180 [4, 16 адв.–17]. Усяго ў дадзенай справе ўтрымліваюцца звесткі аб 169 парафіяльных касцёлах, з якіх 42 з Магілёўскай і 93 – Віцебскай губерняў [4].

 

Ведамасці аб стане касцёлаў, філій і капліц архідыяцэзіі за 1873– 1876 гг. складаліся па фарамуляры аналагічным 1840 г. [6, спр. 1475, арк. 6 адв.–7], аднак імі ахоплены большыя тэрыторыі. Паводле іх у Магілёўскай губерні налічвалася 25 парафіяльных касцёлаў, Віцебскай – 83, у Еўразійскай частцы Расійскай імперыі – 23, Маскве – 4, а Санкт- Пецярбурзе – 11 [5–10]. Апошнімі з захаваўшыхся, з’яўляюцца ведамасці, якія прадстаўляліся дэканамі да 1 мая 1893 г. і уключалі наступныя звесткі: нумар, назва касцёла, агульная плошча касцёльнай зямлі, спасылкі на дакументы, якімі пацвярджаюцца правы на яе, колькасць здадзенай у арэнду, імя арандатара, наяўнасць кантракту, дата яго заключэння і зацвярджэння кансісторыяй, памеры штогадовай арэнднай платы, характарыстыка пабудоў на гэтай зямлі і заўвагі [11, арк. 87–89]. Нажаль, яны носяць фрагментарны характар і не адлюстроўваюць распаўсюджанасць каталіцтва на тэрыторыі архідыяцэзіі.

 

Такім чынам, складанне ведамасцяў аб стане касцёлаў, філій і капліц Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі сведчаць як аб удасканаленні працы канцылярыі кансісторыі праз уніфікацыю форм асобных відаў дакументаў, што было выклікана ростам справаводства на працягу ХІХ ст., так і аб увазе, якая надавалася кіраўніцтвам канфесіі стану падначаленых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Улічваючы межы Магілёўскай архідыяцэзіі, якая ахоплівала прадстаўніцтвы царквы ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, а таксама парафіяльныя і філіяльныя касцёлы, капліцы на тэрыторыі Расійскай імперыі, якія не ўваходзілі ў склад іншых дыяцэзій (Іркуцкая, Ліфлянцкая, Чарнігаўская губерні і інш.) [12, с. 1172], улікова-статыстычны характар разглядаемых крыніц і дэталізаванасць унесеных звестак, іх крыніцазнаўчы патэнцыял не выклікае сумніву. Гэтыя крыніцы могуць быць выкарыстаны для ўдакладнення адміністрацыйна- тэрытарыяльнай структуры рымска-каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі, колькасці духавенства, яго асабістага складу, эканамічнага стану касцёлаў, сацыяльнай структуры каталіцкага насельніцтва на тэрыторыі архідыяцэзіі, а таксама даследавання гісторыі асобнага касцёла.

 

Крыніцы і літаратура

1. Антановіч, З.В. Архівы Магілёўскай i Мінскай рымска-каталіцкіх кансісторый: гісторыя, структура, склад дакументаў (1782–1918 гг.) / З.В. Антановіч. – Дыс.  … канд. гіст. навук: 05.25.02. – Мінск, 2010. – 148 с.

 2. НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 2. – Спр. 3261. – Справа аб размеркаванні парафій на класы, 1844 г.

3. НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 2. – Спр. 6172. – Справа аб размеркаванні справаводства Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі па сталах, 1873 г.

4. НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 25. – Спр. 33. – Ведамасці парафій Магілёўскай архідыяцэзіі, 1854 г.

5. НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 26. – Спр. 1444. – Ведамасці рымска-каталіцкіх касцёлаў, філій і капліц па Магілёўскай губ., 1840 г.

6. НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 26. – Спр. 1475–1476. – Ведамасці парафій Віцебскай губ., 1873–1874 гг.

7. НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 26. – Спр. 1477. – Ведамасці парафій Магілёўскай губ., 1873 г.

8. НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 26. – Спр. 1478. – Ведамасці парафій Пецярбурскага дэканата, 1874 г.

9. НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 26. – Спр. 1479. – Ведамасці асобных парафій Еўрапейскай і Азіяцкай Расіі, 1873–1874 гг.

10. НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 26. – Спр. 1480. – Ведамасці парафій Маскоўскага дэканата, 1876 г.

11. НГАБ. – Ф. 1781. – Воп. 28. – Спр. 7. – Указы і цыркуляры Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі, 1880–1900 гг.

12. Памятная книжка Витебской губернии на 1914 год. – Витебск: Губернская типография, 1914. – 406 с.; Памятная книжка Могилевской губернии на 1914 год. – Могилев: Губернская типография, 1914. – 588 с.

13. Управление духовных дел иностранных исповеданий христианских и иноверных. – Кн.1. О управлении духовных дел христиан римско- католического и армяно-католического исповеданий // Свод законов Российской империи / Сост. Н.П. Балканов, С.С. Войт, В.Э. Герценберг / Под ред. И.Д. Мордухай-Болтовского. – Санкт-Петербург: Русское книжное товарищество «Деятель», 1896. – Т. ХІ. – С. 1172–1202.

14. Directorium officii divini et missarum Generale pro utroque clero archdioecesis Mohilevensis in Annun Domini MDCCCXXI auctoritate et mandato illustrissimi, excellentissimi AC reverendissimi Domini Domini Stanislai Siestrzencewicz a Bohusz. – Mohilevie: Typis palatii metropolitani Rom. Catholic., 1820. – 73 k.; 1824 – 75 k.; 1825 – 75 k.; 1828 – 75 k.; 1830 – 75 k.; 1831 – 75 k.; 1832 – 80 k.; Directorium officii divini ac missarum ad ussum utriuque Cleri Archi-Dioecesis Mohileviensis pro anno Dni MDCCCXXXIII. – Mohilevie: typis consistorii Rom Catholic, 1832. – 75 k.; 1833 – 75 k.; 1834 – 75 k.; 1837 – 75 k.; 1838 – 76 k.; 1840 – 61 k.; 1841 – 70 k.; 1842 – 70 k.; 1843 – 63 k. і інш. 15. Lietuvos valstybės istorijos archyvas (Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў). – F. 694. – Ap. 1. – B. 3634. – Статыстычныя ведамасці па Магілёўскай архідыяцэзіі, 1823 г. 

 

Крыніца: Антановіч, З.В. Ведамасці аб стане касцёлаў, філій, капліц Магілёўскай архідыяцэзіі ХІХ – пачатку ХХ ст. як крыніца па гісторыі Беларусі і сумежных краін (паволде матэрыялаў НГАБ) / З.В. Антановіч // Актуальные проблемы источниковедения: материалы международной научно- практической конференции к 135-летию со дня рождения В.И. Пичеты, Минск-Витебск, 9–11 октября 2013 г. / Вит. Гос. Ун-т; редкол.: А.Н. Дулов (отв. ред.) [и др.]. – Витебск: ВГУ имени П.М. Машерова, 2013. – С. 217–220.

Прочитано 3055 раз Последнее изменение Четверг, 02 Январь 2014 08:44

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены