Радыё Марыя-online

 
 
 
 

Каляндар

Католические праздники

 

Малітва святароў

Год Міласэрнасці

 
 
Понедельник, 28 Сентябрь 2015 07:12

Да пытання ліквідацыі дамініканскага кляштара і парафіі ў Дудаковічах Магілёўскага павета

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

Сучасная вёска Дудаковічы, што на Кругляншчыне жыве няспешным жыццём пастсавецкай вёскі. Занядбаная царква на ўзгорку мала нагадвае аб бурлівых падзеях вакол яе, аб сумнай і трагічнай гісторыі змагання за свабоду веравызнання, што мела месца тут больш за 150 гадоў назад.

Дудаковічы – месца старажытнае, ўпершыню ўзгадваецца ў 1506 г., калі імі валодаў князь Іван Дуда, які, верагодна, і заснаваў гэты маёнтак і ад імя якога паходзіць і назва паселішча. На карце ВКЛ Тамаша Макоўскага 1613 г. цэнтр мёнтка Дудаковічы паказаны як мястэчка. У другой палове ці канцы 17 стагоддзя і маёнтак стаўся ўладаннем дамініканскага кляштара, заснаванага ў Дудаковічах. Не выяўлены дакладныя звесткі пра тое, кім і калі быў заснаваны кляштар і зроблены фундашовы запіс на яго. У польскіх крыніцах узгадваецца 1701 год, але ёсць звесткі і аб заснаванні яго ў канцы 17 стагоддзя. Уваходзіў кляштар у склад рускай правінцыі св. Яцака (у 1813 годзе злучана з літоўскай правінцыяй). Першапачаткова і Дудаковіцкі касцёл і кляштар былі драўляныя.

Вялікі маёнтак Дудаковічы пасля далучэння да Расіі застаўся ўласнасцю мясцовага кляштара дамініканцаў. 10.10.1822 г. дамініканцы на месцы старога драўлянага касцёла заклалі новы, мураваны. Касцёл над назвай Маці Божай Ружанцовай, быў асвечаны мітрапалітам С. Богуш- Сестранцэвічам праз 2 гады, у 1824 годзе. Захавалася яго апісанне і памеры. Меў 12 сажняў у даўжыню і 6 1\2 сажняў у шырыню (24м Х 13 м), дах быў крыты гонтай, на франтоне - крыж каваны з праменнямі, па баках 4 вазы драўляныя, 2 з іх аббітыя бляхай. Два ганкі па 4 прыступкі, порцік на 4 калюмнах. Дзверы падвоеныя, падлога з дошак. Меліся арганы на 6 галасоў з 2 мехамі, 3 алтары. Унутраная прастора аздоблена роспісамі. Дэталі інтэр’ера выкананыя з ільмавага дрэва [2,ар.36].

Недалёка ад званіцы знаходзілася ў драўляным будынку багадзельня (шпіталь). Па апісанні складзены будынак з бярвенняў, крыты гонтай, было ў ім 3 жылых пакоі, 2 печкі. Пражывалі 4 шляхціцы і 3 сялян, пераважна сляпыя. Лёс іх пасля закрыцця кляштара і багадзельні невядомы [2, ар.31].

У штаце пры кляштары было 7 служачых (арганісты, закрысцьянін, 3 служачых, кухар, кучар) з якіх 3- шляхцічы (служачыя), астатнія – сяляне. З кліру ў кляштары жыло 5 святароў[2, ар.33].

У 1832 годзе Дудаковіцкі дамініканскі кляштар аказаўся ў ліку 32 кляштароў, ліквідаваных у Магілёўскай губерні. Вядома, што дамініканцы ў іншых губенях актыўна садзейнічалі паўстанню 1830-183І г.г. Манахаў  адправілі ў Пінск і Аглону, дзе дамініканскія кляштары захаваліся.

Маёнтак жа Дудаковічы ўключаў 4 паселішчы з 46 дварамі [1.ар.32 адв.], як і іншыя маёнткі, што належылі ордэну, перададзены ў казённае ведамства.

У пачатку 30-х гг. ХІХ ст. былі ліквідаваныя манастырскія уніяцкія і каталіцкія вучылішчы ў тым ліку і Дудаковіцкае. Замест яго ў 1843 г. у Дудаковічах адкрылася прыходзкая праваслаўная вучэльня.

З інспекцыяй для прыняцця Дудаковіцкага фальварку быў камандзіраваны ў Дудаковічы адстаўны маёр і кавалер Башылаў, які прыняўшы да ўвагі колькасць вернікаў і адлегласць ад іншых храмаў каталіцкіх і праваслаўных згодна з інструкцыяй выклаў у справаздачы выснову аб тым, што касцёл гэты не павінен быць закрыты. [2,ар.28-30].

Пасля ліквідацыі кляштара касцёл у Дудаковічах стаў на кароткі парафіяльны. Была праведзена рэвізія маёнтка. У выніку якога змяніліся арандатары і ўмовы арэнды.Так, напрыклад, у Дудаковіцкім фальварку жыла ўдава арганнага майстра Тамашэўскага, што атрымала права бясплатна карыстання замлёй ад ордэна. Пасля люстрацыі яе пакінулі там жыць, але ўжо на правах арэндатаркі.

Біскуп Магілёўскі Камёнка 14 сакавіка 1834 года звярнуўся з посьбай да губернатара Бажамава распячатаць касцёл да Пасхі і дазволіць правядзенне багаслужэнняў, што, верагодна, і было зроблена [2, ар.83].

Законы і прадпісанні ў справах уніатаў часта супярэчылі адзін другому. Яшчэ 25 кастрычніка 1807 г. быў выдадзены Указ Сената аб недапушчэнні ўніатам далучацца да рымска каталіцкай царквы. Тым часам, аднак жа, Указ Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі 1841 г. забараняў каталіцкім святарам адмаўляць у выкананні абрадаў асобам некаталіцкага веревызнання. [5, ар.2-4]. Трэба адзнаныць, што мясцовае насельніцтва на час апісваемых падзей было амаль паўлюдна каталіцкім (абодвух абрадаў).

Аднак у 1840 г. былі далучаны да праваслаў’я сяляне: 258 мужчынаў і 233 жанчыны з Дудаковіцкага маёнтка і парафіі. Гэта 27 дамоў у саміх Дудаковічах, 13 - у Зубаве, 15- у Пасырава, 7- у Арэхаве [4, ар. 88].

Царкоўная ўлада лічыла, і неаднаразова ў перапісцы з рознымі ведамствамі ўзгадвала, што сяляне перайшлі дабраахвотна, абставіны ж гэтага пераходу не ўзгадваюцца.

Шляхта гэтага прыхода і суседніх былых уніяцкіх прыходаў была далучана ў 1843 г. У XVIIIст. і пачатку XIXст. шлята хрысціла дзяцей як у рыма- каталіцкіх, так і ў грэка-каталіцкіх храмах, ва многім гэта залежыла ад пары года, стану дарог і мастоў і магчымасці дабрацца да храма.

Здаралася так, што ў адной сям’е дзеці маглі быць ахрышчаны ў розных храмах мясцовасці - як у Дудаковіцкім прыходзе, гэтак, напрыклад і ў Шупенскай ці Цяцерынскай грэка-каталіцкай царкве. Пасля скасавання уніі і далучэння грэка-каталіцкіх прыходаў гэтая практыка выклікала праблемы, звязаныя з аўтаматычным прымусовым далучэннем да праваслаў’я. Аднак у выпадку са шляхтай, гэты працэс не прайшоў лёгка,  бо людзі вольнага шляхецкага стану гэтаму прымусу працівіліся, пісалі скаргі напрамкі ў сталіцу і працягвалі наведваць бліжэйшыя каталіцкія храмы. Так у 1845 годзе мясцовая шляхта аколіц Лясная, Елькаўшчына, Арэхаўка, Цёмныя, што пісала прашэнне ў Дэпартамент духоўных спраў Міністэрства Унутраных спраў, была сабраная “в особых пунктах” для аб’яўлення ім рашэння аб пакіданні іх у праваслаўнай веры. Як дакладаў Упраўляючы Магілёўскай губ., “…шляхта не выказала гатоўнасці спавядаць праваслаўную веру, а двое з іх: Рыгор Грушэцкі і Антоній Сцябло на “увещевания и внушения отвечали с дерзостью и явным упорством” [3, ар.20].

Супраціў шляхты, відаць меў поспех, бо, напрыклад, у спавядальных роспісах 1852 і 1853 гг. Рыгор Грушэцкі ўжо значыцца разам з сямействам, як прыхаджанін Магілёўскага касцёла.

У выпадку ж асобамі сялянскага стану ўлады саступаць не збіраліся. У 1840г. быў накіраваны ліст ад цывільнага губернатара аб выключэнні азначаных сялянаў з ведамства лацінскага духавенства, але патрабаванне аб передачы Дудаковіцкага касцёла было выканана не раней за 1843 год. Значыцца яшчэ амаль 3 гады практычна парафіяне заставаліся каталікамі, пры тым, што намінальна лічыліся праваслаўнымі, бо гэтая справа не была даведзена да канца. Упраўляючы магілёўскай палатай дзяржаўнай маёмасці Гінцэль в 1841 г. даў ад сябе рымскай кансісторыі і дудаковіцкім ксяндзам распараджэнне, каб тыя выконвалі ўсе трэбы сялян ў маёнтка.

Пасля передачы і пераасвяшчэння касцёла на царквуў 1843 годзе і прызначылі праваслаўнага святара, спавядаліся і прычашчаліся ў праваслаўнай царкве толькі 81 мужчынаў і 10 жанчынаў. У верасні 1843 года адбыўся сход сялянаў, дзе вырашылі ”трымацца лацінства” і напісалі ліст да Імператара. Сяляне былі перакананыя, што храм будзе вернуты і будзе прызначаны ксёндз. [4, ар.88]. Падаваў прашэнне сын Аўгустына Якубава Юры Мацюшонак, што вярнуўся з Санкт-Пецярбургу.

Як скардзіўся настаяцель пераасвечанай дудаковіцкай праваслаўнай царквы Насовіч, пісьменныя сяляне праводзілі на хатах багаслужэнні па польскіх кніжках. Сяляне меркавалі, што калі праявяць упартасць, то ўрэшце, ім дазволяць спавядаць каталіцтва [4, ар.8 ад.].

Гэтай справе надзвычай пільную увагу надаваў сам епіскап магілёўскі Анатоль, які вёў актыўную перапіску з рознымі ведамствам, з Губернатарам і Генерал-губернатарам Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерній. Ён лічыў меры пераканання безвыніковымі таму, што сяляне знаходзіліся пад моцным рэлігійным уплывам актыўных вернікаў Аўгустына Якубава, былога арганістага Міхаіла Лаўрэнава, Івана Руляка (Кузьміна), Франца і Казіміра Лаўрэнавых. А таксама ў неўладкаванасці царквы, выкананні трэбаў ў суседніх касцёлах, у тым, што пасады сельскіх старшыняў займалі асобы з упёртых сялянаў.

Адным са шляхоў выйсця епіскап Анатоль бачыў высяленні непакорлівых сямей у іншыя губерніі Расіі, прычым не з нагоды супраціву праваслаўнай веры, а каб пад прычынай пьянства і няхайлівасці ў вядзенні гаспадаркі і свавольства. А таксама выслаць усіх, хто ўмее чытаць па-польску. Прычым зрабіць гэта хутка і па-магчымасці патаемна. Гэтую ідэю высялення епіскап неаднаразова выклаў у лістах да грамадзянскага начальства. Таксама дапамагчы ў справе пакорлівасці праваслаў’ю на думку епіскапа павінны былі забарона выдачы ў Царстве Польскім пашпартоў у Магілёўскую губ. сітнікам, забарона ксяндзам бліжэйшых Бялыніцкага, старасельскага і Фашчаўскага касцёлаў адпраўляць трэбы і прычашчаць дудаковіцкіх сялян.

Трэба адзначыць, што пазіцыя губернатара магілёўскага была больш памяркоўнай і разважлівай у адрозненні ад епіскапа. Лічыў, што ссылка сем’яў не прынясе плёну, а наадварот, умацуе ўпартасць астатніх. Было вырашана змясціь пад варту найбольш актыўных - Руляка і Лаўрэнава. У сакавіку 1845 г. іх змясцілі пад варту ў капасскім астрогу, адкуль тыя былі пераведзены з прычыны хваробы ў магілёўскі астрог, дзе меўся шпіталь, а з мая 1845 г. змешчаны ў праваслаўныя манастыры на перавыхаванне пад нагляд настаяцеляў.

Самі ўлады адзначаюць, што бунтары сярод сялянаў былі людзмі паважанымі, уплывовымі і пісьменнымі. Якубаў узгадваецца, як “па розуму і заможнасці найбольш уплывовы” [4, ар.11]. Акрамя яго ў падбухторшчыках значацца: вясковы стараста маёнтка, наглядчык Дудаковіцкага запаснага магазіна Восіп Фамін, былы стараста Аўгустын Якубаў з сынамі, былы валасны пісар і арганісты Міхаіл Лаўрэнаў, Франц Лаўрэнаў, валасны стараста Казімір Емельянаў, Фадзей Паўлаў. Якія аказвалі не толькі упорства, але і дазвалялі сябе з дзёрзкасццю выказвацца супраць начальства. Іншыя ж сяляне па іх прыкладу праяўлялі ўпартасць.

У непакорлівасці ж у справах рэлігіі епіскапу бачылася “дзёрзкасць супраць улады” [4, ар.89].

Як даносіў у студзені 1846 г. настаяцель Дудаковіцкай царквы Насовіч, сяляне не толькі не ходзяць на багаслужэнні, але нават на працягу двух гадоў не хрысцяць нованароджанных дзяцей (каля 23) і без святара хаваюць на могілках памерлых (каля 27) [4, ар. 107]. Немаўляці, верагодна, былі ахрышчаны патаемна самімі вернікамі. У выпадку ж пахаваннямі, то адпаведныя малітвы чыталіся на могілках вернікамі, а ў бліжэйшым прыходзкім касцёле апасля служыліся імшы за памерлага. Асабліва абурае настаяцеля, што старшыня і вясковы стараста не наглядаюць за выкананнем правіл рэлігіі” на падставе выдадзеных для ніх вясковых правіл і не робяць спагнанняў за ухіленне ад царквы і абрадаў на мірскія сабранні”. [4, ар. 107-107 адв.].

На месца для следства быў пасланы чыноўнік асаблівых даручэнняў Гарбачоў, які даносіў у 1846 годзе, што Аўгустын Якубаў піша лісты з манастыра да сыноў, дзе заклікае сялянаў трымацца каталіцкай веры. Што ў народзе жыве сакрыта дух упорства, што дудаковіцкая царква будзе вернута ў касцёл[4, ар.125-126].

Адной з асноўных прычын неспакою і непакорлівасці лічыліся “сітнікі” з былого Люблінскага ваяводзтва Царства Польскага – рамеснікі, што выраблялі і гандлявалі сітамі. Якія здаўна займаліся рэтым рамяством у Капысскім павеце і нават лічылі тыя мясціны сваёй “як бы Айчынай”, яны нібыта і нагаворвалі мясцовых сялянаў да адступніцтва ад праваслаў’я.

Размяшчаліся сітнікі ў в. Разбойня, што належыла адстаўному палкоўніку Дзеружынскаму. Здаўна яны радніліся з мясцовымі каталікамі і былі з многімі ў сваяцтве. Прыяжджалі сітнікі туды законна, бо мелі пашпарты. Падчас апісваемых падзей у Разбойні іх жыло 9 асобаў. Пераконванне працягвалася доўга. Святары з магілёўскага кафедральнага сабора, са Свята-Мікольскай царквы, шлоўскі благачынны, член кансісторыі архімандрыд Іосіф, Капысскі і Талачынскі благачынны неаднаразова наведваліся з камісіяй у Дудаковічы.

Па прыездзе другой камісіі 2 дзяцей было ахрышчана, астатнія ж маткі з немаўляці разбегліся і схаваліся неведама куды [4,ар. 131-132 адв.]. Вобыск у хатах выявіў спавядальныя карткі з касцёлаў [4,ар. 51].

Паручыку па асобых даручэннях пры генерал-губернатары Доўга-Сабураву, што быў адпраўлены ў Дудаковічы, сяляне патлумачылі, што не ходзяць да царквы таму, што не праваслаўныя, а каталікі, а праваслаўную веру прымуць толькі калі ім будзе павеленіе самога імператара. Ён жа ў

справаздачы дакладаў, што, сяляне наведвалі бліжэйшы Старасельскі касцёл, а некаторыя там нават прыслужвалі падчас імшы [4, ар. 171].

Епіскап Анатолій просіць губернатара М.М. Гамалья суправаджаць архімандрыда Іосіфа якім-небудзь праваслаўным чыноўнікам, даручыўшы яму даведацца аб зачыншчыках. З гэтым і быў пасланы коллежскі ассэсар Лазаркевіч, які дакладаў у справаздачы 1846 г. што тры павучальныя камісіі не мелі поспеху з-за кароткачасовасці негледзячы на добры вынік – хрост некалькіх дзяцей, трэба працягляе прабываннеі паліцэйскія меры пры пасрэдніцтве мясцовай вясковай управы, у склад якой не дапускаць дудаковіцкіх сялянаў. Архімандрыд Іосіф тлумачыў наконт адмоўнага рашэння коратка і простай мовай, аднак фактычна переконванні не мелі ні малага поспеху. Праўда, некаторыя гатовыя былі навярнуцца да праваслаў’я, але “як обшчэства рашыць”… грамада не вырашыла, хаця з-за безвыходнасці чацьвёра сялянаў пагадзіліся павянчаць ў царкве сваіх дзяцей.

Епіскап скардзіўся на бяздзейнасць з боку уладаы, сыны Лаўрэнава Аляксей з братам нават былі зацерджаны ў сталую лясную варту ў дудаковіцкай дачы з прапановай адвесці ім па 15 дзесяцін зямлі і пабудаваць хаты для сталага жытла – значнае па тым часе павышэнне. Пасля гэтай скаргі былі выключаны са складу лясной варты [4, ар. 134] .

У 1846 г. епіскап скардзіцца, што ксяндзы Страсельскага касцёла маюць у прыслудзе сялянаў з дудаковіцкага маёнтка, уздзейнічаюць паракананнем і дзеяннямі на іншых сялянаў, чыняць ім некаторыя лацінскія трэбы, бо сяляне пад выглядам адвведзінаў сваякоў у кожны час маюць зручнасць зносінаў і са святарамі. Прапаноўваў не дапускаць праваслаўных да служэння ксяндзам[4, ар. 166]. Епіскап настойлівае і на тым, каб выслаць у Астаханскую ці Архангельскую губерню сем’і, бацькі якіх намаўлялі да непакорлівасці. Адзначае, што сяляне не вераць чыноўнікам, што просьба іх, складзеная ў 1845 г. на разгляда Сынода была не задаволена. Таму епіскап звяртаецца з посьбай аб’явіць адмову самаго губернатара, альбо управленне палаты дзяржмаёмасці з “внушением и обузданием злонамеренных”.

Шляхта ж не збіралася адступацца ў гэтай справе і пісала лісты. З вольным саслоў’ем, відавочна, не можна было вырашыць пытанне змены веравызнання тымі ж метадамі, як з сялянамі. У жніўні 1849 г. у сваім лісце да Магілёўскага губернатара, епіскап Анатоль раздражнёна просіць накіраваць надзейнага і ўплывавага чыноўніка разабрацца ў пытанні ці сапраўды асобы, што напісалі ліст у Міністэрства Унутраных спраў з’яўляюцца дваранамі, і пераканаць, што задумка іх не толькі невыканальная, але можа мець непрыемныя наступствы[4, ар.193]. Можна меркаваць, што гаворка аб той шляхце, што не падцвердзіла, але даказвала сваё шляхецтва.

Якубаў і Мартынаў правялі ў манастырскім зняволенні 4 гады. Але “не паддаваліся перекананням, і наадварот, падтрымліваюць іншых, хто іх наведвае, а таксама падтрымливаюць у лістах да сваякоў”. Руляк памёр у Ахорскім праваслаўным манастыры ў 1849 годзе. Лаўрэнаў быў змешчаны ў Аршанскі Пакроўскі манастыр, Мартынаў быў змешчаны Мсціслаўскі Тупічэўскі пад стражайшы нагляд, дзе таксама памёр. Настаяцелі манастыроў паведамілі, што зняволеныя не выказалі прыхільнасці да праваслаў’я. З іх смерцю актыўны супраціў сцішыўся [4, ар. 191 адв.- 196].

Вырашана было перавесці сельскае праўленне з Замошша ў Дудаковічы для ўсталявання ўнутранага нагляда за рэлігійнымі накірункамі. А праўленне складаць з дабранадзейных сялян праваслаўнай веры іншых маёнткаў.

У падзеях 1863 г. дудаковіцкія сяляне актыўнага удзелу не прымалі, хаця падзеі тыя адбываліся зусім побач. Улады вырашылі надаць касцёлу выгляд праваслаўнага храма ў візантыйскім стылі, каб нават пазбавіць сялян надзеі, ― “ что церковь сия может по-прежнему перейти в латинство”. У 1869 годзе новая Дудаковіцкая царква была асвечана епіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім. Але не гледзячы на ўсе намаганні царкоўнай і свецкай улады, якія былі ў “сімфоніі”, канчаткова схіліць на новай веры мясцовых сялян і шляхту не ўдалося. Пасля 1905 г. тут, як і па ўсім краі адзначаецца пераход у “лацінства”. І нават праз больш як за 60 гадоў пасля пераасвяшчэння касцёла на царкву, пісалі прашэнні, “служылі па-старому” [7, ар.107].

Такім чынам можна казаць аб тым, што ў значнай меры толькі абапірабчыся на дзяржаўны апарат і прымус, адбыўся перавод у праваслаў’е сялянаў з рыма-каталікоў, у меньшай меры з грэка-каталікоў з-за блізасці абрадаў. Грэка-расійская царква прайгравала каталіцтву з яго налажданай сістэмай адукацыі і катэхізацыі. У выпадку ж Дудаковічамі рэігійны прымус выклікаў урэшце ахалоджанне да рэлігіі, якое праявілася ў тым, то на сённяшні дзень праваслаўны прыход не адроджаны.

Багаслужэнне ў Дудаковіцкай царкве было спынена ў другой палове 1939-х гг. Пасля гэтага царква працяглы час выкарыстоўвалася як збожжасховішча. Была разабрана на матэрыял для фермы званіца, што прылягала да галоўнага ўваходу ў царкву.

У 1990 годзе экспедыцыяй Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута былі праведзены архітэктурна-археалаічныя даследванні  тэрыторыі царквы, дзе былі знойдзены фрагменты цэглы-пальчаткі, што датуецца 17 ст. Былі знойдзены 3 пахаванні, праўдападобна манахаў, пад падмуркамі сучаснай званіцы. [6, ар. 46-47]

Н.А. Прачакова, УК “Музей гісторыі Магілёва”

 

Літаратура:

1.НГАРБ. Ф. 2001. воп. 1. спр. 81.

2.НГАРБ ф. 2001 воп.1спр. 133

3.НГАРБ ф. 2001 воп.1спр. 260

4.НГАРБ ф. 2001 воп.1спр. 290

5.НГАРБ ф. 1781воп.2 спр. 242

6.Дзярновіч. А. Бабіцкі Ю. Новае пра помнікі в. Дудаковічы Круглянскага

р-на // Магілёўшчына. Выпуск 4 Магілёў 1994 г. с 46-47

7.Nasze koscioly. t.1 Archidiocezja Mohylowska. Warszawa. Petersburg 1912.

 

 

Паводле: ГІСТОРЫЯ МАГІЛЁВА: МІНУЛАЕ І СУЧАСНАСЦЬ. Зборнік навуковых прац удзельнікаў ІХ Міжнароднай навуковай канферэнцыі 25–26 чэрвеня 2015 г. Магілёў 2015, с. 318-324, у: http://www.ratusha-mogilev.com/files/Konf_IX.pdf

 

Фота; Аляксей Капчыкаў, крыніца: http://www.radzima.org 

 

 

Прочитано 2305 раз Последнее изменение Понедельник, 28 Сентябрь 2015 07:42

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены