Афіцыйнае распачацце КАЛАСАНСКАГА ЮБІЛЕЙНАГА ГОДА распачалося 27 лістапада 2016 г. у касцёле імя св. Панталеона ў Рыме падчас св. Імшы, якую ўзначаліў Яго Эмінэнцыя кардынал Жуан Брас дэ Авіс (Joao Braz de Aviz), Прэфект Кангрэгацыі да спраў Інстытутаў Кансэкраванага Жыцця і Таварыстваў Апостальскага Жыцця.
Юбілейны Год будзе завершаны 25 лістапада 2017 г. у касцёле імя св. Панталеона ў Рыме падчас св. Імшы, якую ўзначаліць Генеральны настаяцель Ордэна Піяраў а. Пэдро Агуадо SP.
Урачыстае распачацце Юбілейнага Года ў Польскай Правінцыі Ордэна Піяраў, пад кананічнай юрысдыкцыяй якой знаходзяцца піярскія дамы і сабраты ў Беларусі, распачалося ў Кракаве (Польшча) 26 лістапада 2017 г. у піярскай парафіі імя Маці Божай Вострабрамскай (м-р Вечыста) у 13.00 паводле беларускага часу. Урачыстую св. Імшу ўзначаліў Яго Эмінэнцыя кардынал Зянон Грахалеўскі, шматгадовы Прэфект Кангрэгацыі да спраў Каталіцкай Адукацыі.
10 лістапада Апостальская Пенітэнцыярыя ўдзяліла падчас Каласанскага Года магчымасць атрымання поўнага адпусту пад звычайнымі ўмовамі (святая споведзь, Св. Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца).
„Адпуст, які можна ахвяраваць таксама за душы вернікаў, якія знаходзяцца ў чыстцы, атрымаюць вернікі, шчыра скрушаныя і кіруемыя любоўю, ва ўсіх касцёлах, месцах культу, санктуарыях і парафіях, дзе знаходзіцца Ордэн Пабожных школ, калі ў адпаведны час пабожна прымуць удзел у святкаванні Юбілею, заносячы да Бога пакорныя просьбы: за сябе – аб вернасці хрысціянскаму пакліканню, аб новыя святарскія і манаскія пакліканні, а таксама аб абароне інстытуту сям’і, заканчваючы іх малітвай Ойча наш, Веру ў Бога і заклікам да Маці Божай” – чытаем у спецыяльным дакуменце Апостальскага Пасаду.
Такім чынам, на Магілёўшчыне на працягу 2016-2017г. мы маем магчымасць таксама атрымаць такую ласку, паколькі парафіяй у г. Чавусы апякуюцца айцы-піяры.
Больш падрабязную інфармацыю можам атрымаць ў а. Гжэгажа Ксёнжэка SP(+375 29 1241525)
Св. Юзaф Каласанс і ўсе святыя і благаслаўлёныя Каласанскай Сям’і, маліцеся за нас!
З гісторыі заснавальніка і Ордэна Піяраў
Юзаф Каласанс (1557 г. — 25 жніўня 1648 г.) — заснавальнік Ордэна Духоўных Убогіх Рэгулярных Божай Маці Пабожных школ (Айцы піяры). Нарадзіўся ў мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль, што ў Каралеўстве Арагон (Іспанія). Вывучаў права і філасофію ва універсітэце. У 1583 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і распачаў душпастырскую працу. Спачатку з’яўляўся сакратаром біскупа Каспары дэ ла Фігуэра, потым — канонікам Капітулы ва Ургелі, пробашчам і эканомам біскупа Андрэя Капілла.
Пасля абароны доктарскай дысертацыі па тэалогіі ў 1592 г. Юзаф Каласанс накіраваўся ў Рым, каб атрымаць касцёльны бенефіцый (прывілей). Аднак тут ён кардынальна змяняе свае планы на святарскае жыццё. Прычынай былі яго асабістыя ўнутраныя перажыванні. Вандруючы па бедным гарадскім раёне Рыма за ракой Тыбр, Каласанс сутыкнуўся з сумным лёсам дзяцей, якія не мелі магчымасці вучыцца і лічыліся “адкідамі грамадства”. Каласанс вырашыў, што не вернецца ў родную Іспанію, а зоймецца гэтымі дзецьмі.
У 1597 г. узнікла першая ў Еўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для ўсіх, школа без абмежаванняў, даступная для дзяцей розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў і культур. Каласанс працаваў у ёй настаўнікам, выхавацелем і адміністратарам.
Да дзейнасці Юзафа Каласанса неўзабаве далучаюцца іншыя. У выніку ўзнікае супольнасць. Сетка школаў развіваецца хутка і дынамічна — каралі шматлікіх дзяржаў, князі і мясцовыя ўлады звяртаюцца да Каласанса з просьбай прыслаць братоў з яго ордэна. Школы айцоў піяраў адчыняюць свае дзверы не толькі ў Італіі ці ў Неапалітанскім каралеўстве, але таксама на Сіцыліі, у Маравіі, ВКЛ, Польшчы, Іспаніі.
Апошнія гады жыцця Юзафа Каласанса былі складанымі. Апостальская візітацыя (у выніку не высветленых да канца абставінаў) прывяла да скасавання ордэна. Памёр Юзаф Каласанс ноччу з 24 на 25 жніўня 1648 г. Праз 8 гадоў Апостальскі Пасад аднавіў дзейнасць ордэна піяраў.
7 жніўня 1748 г. Папа Бэнэдыкт XIV беатыфікаваў св. Юзафа Каласанса, а 16 ліпеня 1767 г. Папа Клімент XIII яго кананізаваў. У 1948 г. папа Пій XII абвяшчае св. Юзафа Каласанса «апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце».
У Беларусі айцы піяры нясуць сваё служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі: у Шчучыне (ад 1718 г.), у Лідзе (ад 1755 г.) і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Чавусах (ад 2007 г.).
Урачыстасць св. Юзафа Каласанса: 25 жніўня
Свята Апекі св. Юзафа Каласанса (Patrocinium): 27 лістапада
Паводле: www.pijary.infо