Варта зазначыць, што арцыбіскуп трошкі ўжо знаёмы з нашым рэгіёнам праз удзел у Бялыніцкіх урачыстасцях. Арцыбіскуп Юзаф ужо пасля прызначэння на Мінска-Магілёўскую катэдру так выказаўся аб сітуацыі Касцёла на Магілёўшчыне:
“– Я лічу, што кожны рэгіён нашай краіны чымсьці багаты. Нядаўна вярнуўся з Бялынічаў, з урачыстасцей 260-годдзя каранацыі папскімі каронамі абраза Маці Божай Бялыніцкай. Гэта другі ў Беларусі – пасля абраза Маці Божай Жыровіцкай – абраз, каранаваны папскімі каронамі. Нездарма і самі Бялынічы называюць “беларускай Чанстаховай”. Таму гэтыя землі маюць глыбокую і багатую гісторыю жыцця з верай, з Богам. Але сёння сітуацыю маем такой, якая яна ёсць. І тут толькі нагадаю, што Хрыстовы Касцёл з’яўляецца таксама місійным Касцёлам, што запісана ў кананічным праве.”
Плануецца ўрачысты ўваход арцыбіскупа ў гістарычны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве, які ў свой час з’яўляўся галоўнай каталіцкай святыняй самай вялікай дыяцэзіі ў свеце паводле тэрыторыі – Магілёўскай архідыяцэзіі.
Прывітанне арцыбіскупа каля ўваходу ў святыні духавенствам Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў адбудзецца ў 10:45, а пасля а 11.00 адбудзецца ўрачыстая Імша. Пасля Эўхарыстыі плануецца сустрэча арцыбіскупа з духавенствам дэканатаў Магілёўшчыны.