Спачатку а 11.30 разам з Пастырам архідыяцэзіі святую Імшу канцэлебраваў біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які павіншаваў ад імя усіх вернікаў і святароў арцыбіскупа з першай гадавінай побыту на Мінска-Магілёўскай кафедры, а таксама пажадаў плённага служэння Богу і людзям.
Потым з арцыбіскупам Эўхарыстыю а 13 гадзіне канцэлебраваў кс. Андрэй Кеўліч, які па запрашэнні пробашча парафіі кс. Антонія Клімантовіча завітаў у мінскую катэдральную парафію, каб прасіць мясцовых вернікаў аб малітоўнай, а таксама і матэрыяльнай дапамозе для Чавускай парафіі.
Таксама гэты дзень быў асаблівым для адной з сем’яў катэдральнай парафіі, якая прынесла сваё дзіця ў святыню, каб ахрысціць. Раздзяліўшы радасць гэтай падзеі з бацькамі і роднымі дзіцяці, арцыбіскуп Станеўскі ўдзяліў малому сакрамэнт хросту.
Падчас Эўхарыстый арцыбіскуп маліўся за вернікаў усёй архідыяцэзіі, дзякаваў Богу за першую гадавіну служэння на Мінска-Магілёўскай катэдры, а таксама прасіў аб малітве за духавенства, кансэкраваных асоб і аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.
Усемагутны і міласэрны Божа ў Тройцы Адзіны! Звяртаемся да Цябе праз заступніцтва Найсвяцейшай Багародзіцы ў Будслаўскай іконе, нашай апякункі а таксама праз заступніцтва св. Арханёла Міхала, Нябеснага заступніка Касцёла ў Беларусі, і просім, каб Ты і далей кіраваў намі ў сваім ласкавым Провідзе і адорваў наш дыяцэзіяльны Касцёл супакоем і адзінствам, а таксама святымі пакліканнямі.
Блаславі нашаму Пастыру ў адзінстве з усімі святарамі дыяцэзіі. Захоўвай у святасці нашыя сем'і, узмацняй веру і любоў да Цябе ў душах дзяцей і моладзі. Дазволь нам трываць у сувязі з Табой і паўсюдным Касцёлам, каб мы маглі жыць для Тваёй славы і Табе няспынна служыць! Праз Хрыста Пана нашага. Амэн.