Laudetur Jesus Christus! 

Шчыра вітаем Вас, паважаны наведвальнік, на інтэрнет-старонцы Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне!

Радыё Марыя-online

 
 
 
 

Каляндар

Католические праздники

 

Год Манаскага Жыцця

Малітва святароў

Год Міласэрнасці

 
 

Слова арцыбіскупа Юзафа да святароў у Вялікі Чацвер 2022

Оцените материал
(0 голосов)

Тэкст гаміліі, прамоўленай арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, на Імшы Хрызма 2022.

Шчыра вітаю вас з пастырскім клопатам у Вялікі чацвер на святой Імшы з пасвячэннем алею хрызма.

Мае дарагія! Бог скіроўвае сваё слова да кожнага, каго паклікаў. Так у часы Старога Запавету Ён учыніў з Абрагамам (пар. Быц 12, 1-8), так Бог паступаў і з прарокамі. Не іначай і Езус з Назарэта выбіраў сваіх вучняў: кагосьці паклікаў на возеры, кагосьці знайшоў пры зборы падаткаў (пар. Ян 1, 38–59).

Вялікі чацвер, дзень устанаўлення святарства і Эўхарыстыі — гэта нашае свята і нагода для рэфлексіі над дарам паклікання, для аналізу той місіі, якая даверана нам у Касцёле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сакрамэнце пасвячэння Бог даў нам усё, што неабходна для выканання Яго місіі ў свеце. Моцаю гэтага сакрамэнту мы ўдзельнічаем у паўсюдным пасланні, якое Хрыстус даверыў Апосталам. Дар, які мы атрымалі ў прэзбітэрскім пасвячэнні, рыхтуе нас да місіі збаўлення ажно да краю зямлі, каб мы ў глыбіні сэрца былі гатовыя абвяшчаць Евангелле ўсюды (пар. ККК 1565). Тым самым мы з’яўляемся слугамі ўсяго Аб’яўлення, а не якой-небудзь яго часткі паводле ўласных упадабанняў. Таму нам трэба вярнуцца да першапачатковай любові і святарскай руплівасці. Словы Езуса, скіраваныя да апостала Паўла: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9), — надалей актуальныя і датычаць усіх святароў «ажно да краю» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Па гэтай прычыне трохступеньчатасць сакрамэнту пасвячэння — дыяканат, прэзбітэрат, епіскапат — мы павінны інтэрпрэтаваць не толькі ў духу духоўнага «авансу» ці годнасці, а выключна паводле свайго ўдзелу ў працэсе збаўлення і сваёй ахвяры ў рэалізацыі паклікання.

Сёння мы павінны асаблівым чынам паразважаць над важнаю для нас праўдаю пра саміх сябе, пра "супольнасць дванадцаці" вучняў Езуса, якія ўтвараюць архідыяцэзіяльны прэзбітэрый.

Папа Францішак у кнізе пад назваю «Вернемся да мараў» піша, што з крызісу чалавек ніколі не выходзіць такім самым, як быў дагэтуль. На думку Папы Рымскага, трэба пазбавіцца ад такога мыслення і не чакаць, «калі ж вернецца тое, што было».«Не вернецца», — гаворыць Папа. Будзе новы час з новымі выклікамі і заданнямі. З-за пандэміі многія з нашага кола не прымаюць удзелу ў сённяшняй цэлебрацыі, і тут трэба ўзгадаць думку святога Яна Паўла ІІ, які заклікаў да новага «захаплення Эўхарыстыяй». Цяжкасці, выкліканыя пандэміяй, сталі вялікім болем для святароў, бо іх пакліканне — цэлебраваць Эўхарыстыю, на якой з-за пандэміі прысутнічае значна менш вернікаў. Адсюль паўстаюць пытанні: што будзе далей, ці вернуцца калісьці ў парафіяльны касцёл тыя, хто ўдзельнічае ў святой Імшы віртуальна?

Умілаваныя! Божае слова ўмацоўвае нас. Укаранёнае ў рэальным жыцці, яно чыніць нас падобнымі да Езуса, нашага Пана і Адкупіцеля, Найвышэйшага Святара. Аднак мы разумеем, што гэтае падабенства вельмі патрабавальнае. Паколькі святара называюць «alter Christus», то нашае падабенства да Хрыста не можа быць толькі нейкаю аналогіяй — яно павінна адпавядаць сцверджанню святога Паўла з Паслання да Галатаў: «І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне. Не адкідаю ласкі Божай» (Гал 2, 20–21).

Папа Францішак, звяртаючыся да духавенства падчас міжнароднага сімпозіума аб святарстве, праведзенага ў Рыме ў лютым гэтага года, сказаў: «Сёння мы назіраем у свеце за „зменаю эпохі“. Частка духавенства супрацьстаіць гэтаму, а частка праяўляе „залішні аптымізм“. Аднак мне, — гаворыць Пантыфік, — падабаецца стаўленне, якое вынікае з даверу да мудрай і жывой Традыцыі Касцёла, што можа дазволіць сабе выходзіць у глыбіню без страху». Святы Ян Павел ІІ таксама казаў, што ў такія моманты гісторыі Езус запрашае нас «выплыць на глыбіню» з упэўненасцю ў тым, што Ён — Гаспадар гісторыі. Ідучы за Ім, мы зможам распазнаць перспектыву, да якой неабходна імкнуцца. Пазнаць Божую волю — значыць «навучыцца ўспрымаць рэчаіснасць вачыма Бога». Такім чынам, «жыццё святара — гэта перш за ўсё гісторыя збаўлення ахрышчанага чалавека», таму што «кожнае канкрэтнае пакліканне, у тым ліку сакрамэнт пасвячэння, з'яўляецца як бы завяршэннем хросту». На думку папы Францішка, заўсёды ёсць вялікая спакуса жыць святарствам без хросту, гэта значыць, не памятаючы, што нашае першае пакліканне — святасць. Таму слушна заўважыў Пантыфік, што святар, як і ўвесь Касцёл, павінен глыбока ўсведамляць, што ён сам павінен пастаянна евангелізавацца.

Мае дарагія браты ў святарскім служэнні, у дзень нашага свята, аднаўлення нашых абяцанняў, у дзень успаміну пра Таго, хто нас паклікаў, дазвольце падзяліцца з Вамі яшчэ некаторымі думкамі папы Францішка.

Пантыфік сцвярджае, што першы прынцып у жыцці святара — гэта блізкасць з Богам. Святар пакліканы перш за ўсё развіваць блізкасць з Богам, каб «чэрпаць з гэтых адносінаў усю сілу, неабходную для служэння». Без глыбокіх адносінаў з Панам нашае служэнне асуджана на правал. Нашая блізкасць з Езусам, кантакт з Яго словам дапамагаюць нам супастаўляць сваё жыццё з Яго жыццём і не наракаць на тое, што з намі адбываецца. Як і Настаўніка, нас чакаюць таксама хвіліны радасці і захаплення, цудаў і аздараўленняў, памнажэння хлеба і адпачынку. Будуць моманты, калі мы спазнаем удзячнасць з боку іншых, але таксама будуць моманты непрыняцця, сумненняў і адзіноты, аж да воклічу: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мц 27, 46)

Папа Францішак падагульняе, што без малітвы, без духоўнага жыцця, без блізкасці з Богам у слуханні Слова, у эўхарыстычнай цэлебрацыі, адарацыі і адданні сябе Марыі, а таксама без мудрага суправаджэння духоўнага кіраўніка і без сакрамэнту паяднання святар будзе толькі стомленым працаўніком.

Другі прынцып — блізкасць да біскупа, якая грунтуецца на паслухмянасці. На думку папы Францішка, паслухмянасць — найглыбейшая рыса такой повязі. Падпарадкоўвацца — значыць вучыцца слухаць і заўсёды памятаць, што ніхто не можа прэтэндаваць на поўнае веданне Божай волі і што яе можна зразумець толькі праз духоўнае распазнанне. Такім чынам, паслухмянасць азначае прыслухоўванне да Божай волі, якую мы адчуваем менавіта ў пэўнай блізкасці з іншым. Таму Святы Айцец лічыць, што біскуп «застаецца для кожнага святара і для кожнага мясцовага Касцёла тым звяном, якое дапамагае распазнаваць Божую волю».

Трэці прынцып — братэрская блізкасць паміж святарамі. Братэрства — «гэта свядомы выбар, імкненне да святасці ў супольнасці з іншымі, а не ў адзіноце», хоць мы ведаем, як цяжка бывае жыць у супольнасці. Пантыфік адзначыў, што «там, дзе існуе святарскае братэрства і ёсць повязі сапраўднага сяброўства,а таксама можназ большым спакоем і годнасцю быць у цэлібаце». Цэлібат з’яўляецца дарам, які Рыма-Каталіцкі Касцёл вельмі шануе, але гэты дар патрабуе здаровых адносінаў, сапраўднай павагі і ахвярнасці, якія караняцца ў Хрысце. Без сяброўства і без малітвы цэлібат можа стаць непасільным цяжарам і будзе супярэчыць самой прыгажосці ігоднасцісвятарства.

Чацвёрты прынцып — блізкасць да людзей. На думку Пантыфіка, «адносіны са святым Божым народам» з’яўляюцца для кожнага святара «не абавязкам, а ласкаю». Кожны святар жыве сярод людзей, і для таго, «каб зноў зразумець ідэнтычнасць святарства, сёння мы павінны жыць у цесных адносінах з людзьмі, ведаць іх рэальнае жыццё». Гэтая блізкасць заахвочвае духавенства рэалізоўваць «стыль жыцця Пана — стыль, поўны блізкасці, спагады і пяшчоты», каб мы былі не суддзямі, а добрымі самаранінамі, якія распазнаюць «раны свайго народа».

Пантыфік заўважыў, што народ Божы спадзяецца знайсці пастыраў, якія падобныя да Езуса і якім уласціва сапраўднае спачуванне; адважных пастыраў, здольных спыніцца каля параненых і працягнуць руку дапамогі; пастыраў — людзей малітвы, якія ў сваёй блізкасці да народа могуць абвяшчаць зраненаму свету дзейную сілу Уваскрасення. «Народ Божы чакае ад святара, каб той быў спецыялістам у духоўных справах, згодна са сваім пакліканнем і ласкаю, атрыманаю ад Пана», — сказаў у свой час Бэнэдыкт XVI, Папа на пенсіі.

Мае дарагія. Наша святарскае жыццё належыць не нам, яно належыць Богу і людзям, якіх Ён нам даверыў. Усё залежыць ад таго, ці будзе Евангелле любові ўпісана ў сучаснае жыццё мясцовага Касцёла. Вельмі важна, каб тыя, хто знаходзіцца на ўзбоччы жыцця, хто перажывае ў сэрцы расчараванне або нават нянавісць, спазналі евангельскую любоў. Калі мы не паклапоцімся пра гэта, то будзем падобныя да святароў з прыпавесці пра добрага самараніна — яны спяшаліся ў святыню і прайшлі міма параненага чалавека на дарозе.

Ні крызіс, ні пандэмія, ні адсутнасць міру не могуць забраць у нас евангельскага запалу. Наадварот, крызіс можа быць тою своеасабліваю атмасфераю, тою рэчаіснасцю, у якой кожны жэст любові будзе яшчэ больш выразны і красамоўны ў нашых парафіяльных супольнасцях, нават калі яны нешматлюдныя.Добрая Навіна павінна абвяшчацца людзям, перш за ўсё тым, якія церпяць, незалежна ад абставінаў — спрыяльных ці неспрыяльных, добрых ці варожых. Рэалізацыя святарскай місіі не павінна быць адкладзеная.

Сардэчна дзякую вам, шаноўныя біскупы, прэзбітэры, за душпастырскае служэнне, і вам, законныя браты і сёстры, за катэхетычнае навучанне, за справы міласэрнасці, за малітву ў інтэнцыі пакліканняў і за евангельскі клопат пра хворых. Усіх вас заахвочваю паклапаціцца пра пастаянную духоўную і інтэлектуальную фармацыю праз удзел у сустрэчах святароў і кансэкраваных асобаў. Тое, што мы атрымалі ад Бога, з’яўляецца дарам і павінна таксама стаць дарам для іншых.

Разам з вамі я перапрашаю Езуса Хрыста, Найвышэйшага Святара, і вернікаў за нашыя чалавечыя недахопы. Пакорна просім вас, браты і сёстры, асабліва ўдзельнікі малітоўнага руху «Маргарытка», аб няспыннай малітве ў нашай інтэнцыі. Няхай Марыя, Маці святароў, вядзе нас бяспечнымі шляхамі святарскага служэння, на якіх мы заўсёды будзем верныя Хрысту і Касцёлу. Няхай Дух Святы нанова распаліць у нас святарскую харызму, якую мы атрымалі сакрамэнтальна праз ускладанне рук у дзень пасвячэння. Няхай Божае слова, якое мы абвяшчаем, будзе ачышчальным полымем, а сакрамэнты, распарадчыкамі якіх мы з’яўляемся, будуць сапраўды жыццядайнымі, каб мы служылі братам і сёстрам у Касцёле, поўным Божай моцы і любові. Амэн.

Прочитано 553 раз Последнее изменение Пятница, 15 Апрель 2022 12:23
Super User

Рэдакцыя сайта

Сайт: www.mohylev-katolik.by

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены

Расклад святой Імшы ў нядзелі

Бялынічы

10.00 (на беларускай мове)

 

Горкі

16.00 (на беларускай мове)

 

Крычаў 

10.00 (на беларускай мове)

 

Касцюковічы

11.00 (на беларускай мове),   

15.00 (на беларускай мове) – перыядычна.

 

Магілёў, св. Антонія 

09.00 (на польскай мове),

10.30 (на беларускай мове),

12.00 (на беларускай мове),

16.00 (на беларускай мове).

 

Магілёў, Унебаўзяцця НПМ

9.00 (на польскай мове),

11.00 (на беларускай мове),

13.00 (на беларускай мове),

18.30(на беларускай мове)

 

Магілёў, св. Казіміра

10.00 (на беларускай мове)

18.00 (на беларускай мове)

 

Мсціслаў

13.00 (на беларускай мове)

 

Шклоў 

11.30 (на беларускай мове)

 

Фашчаўка 

13.30 (на беларускай мове)

 

Чавусы 

10.00 (на беларускай мове).