Праўду пра святасць чалавечага жыцця нагадвае нам Божае слова, запісанае ў натхнёных кнігах. Пра гэтую праўду кажа Касцёл у сваім навучанні, кіруючыся словамі св. Паўла, каб нашае слова і ўчынкі здзяйсняліся ў імя Пана Езуса. Таксама Каталіцкі Касцёл у Беларусі праўду пра святасць чалавечага жыцця перадае словам і дзеяннем. Словам – праз навучанне ў святынях, а дзеяннем – арганізоўваючы розныя акцыі, скіраваныя на пашану ў грамадстве чалавечага жыцця ад пачатку яго існавання аж да натуральнай смерці. Сёння, у свята Святой Сям’і, мы хочам звярнуць асаблівую ўвагу на “Духоўнае ўсынаўленне” як ініцыятыву, якую падтрымліваюць вернікі Касцёла і не толькі яны. Гэтая ініцыятыва мае на мэце абарону жыцця, якое знаходзіцца пад сэрцам маці. Ведаем, што жыццё гэтае не заўсёды знаходзіцца ў бяспецы. Таму таксама ўсё больш свецкіх вернікаў разам з духавенствам і кансэкраванымі асобамі бяруцца за дзевяцімесячную малітву ў інтэнцыі дзіцяці, якому пагражае смерць. І сярод вас знаходзяцца тыя, хто ахвотна падтрымаў наш заклік, каб такім чынам уключыцца ў змаганне з напасцю нашых часоў, якою з’яўляецца аборт.
Пасля дзевяці месяцаў малітваў у інтэнцыі зачатага жыцця мы хочам падзякаваць кожнаму і кожнай з вас, хто ўзяў на сябе гэты высілак незалежна ад акалічнасцяў. Нашую ўдзячнасць кіруем да вас, а таксама да тых, хто разам з вамі спадарожнічаў сваім малітоўным чуваннем чалавеку, які знаходзіцца пад сэрцам маці і прыйсце якога на гэты свет знаходзілася пад пагрозай. Не спыняйцеся ў справах - і тых малых, пра якія ніхто, можа, не ведае, і тых вялікіх – арганізаваных, якія маюць на мэце абарону чалавечага жыцця. Абвяшчайце ў Новым 2014 годзе хвалу на вышынях Богу і супакой людзям добрай волі. Няхай вашыя словы і ўчынкі будуць у імя Пана Езуса, дзякуючы Богу Айцу праз Яго (пар. Кал 3, 12 – 21).
Каталіцкія Біскупы Беларусі