З гэтай нагоды сваё слова кіруе да сем’яў Магілёўшчыны біскуп Аляксандр Яшэўскі, які з’яўляецца Біскупскім Вікарыем для Магілёва і Магілёўскай вобласці.
“Глыбокапаважаныя Святары і Кансэкраваныя Асобы!
Дарагія Браты і Сёстры, асабліва Сужэнскія пары!
У Надзвычайным Годзе Божай Міласэрнасці ў нашым Магілёўскім Рэгіёне запланавана некалькі мерапрыемстваў, якія маюць на мэце дапамагчы розным рэлігійным рухам, групам, аб’яднанням і паасобным вернікам адкрыць новы досвед Божай любові і міласэрнасці і ўцелаўляць яго ва ўласным жыцці.
Адно з такіх спатканняў адбудзецца ў Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа 27 снежня 2015 года а 11 гадзіне ў нашай Магілёўскай катэдры, якая стала Юбілейнай Святыняй.
Сардэчна запрашаю ўсе сужэнскія пары Магілёўскага Рэгіёну на Юбілейную Святую Імшы падчас якой сужэнцы будуць мець магчымасць прайсці ва ўрачыстай працэсіі праз Святыя Дзверы і аднавіць свае сужэнскія абяцанні складзеныя калісьці падчас сакрамэнту шлюбу. Асабіста заахвочваю да ўдзелу тыя пары, які святкуюць, альбо будуць святкаваць юбілей 5-10-15-20-25-30-35-40-45-50 і больш гадоў сумеснага жыцця, а таксама руху “Хатні касцёл” у Магілёве.
Прашу Душпастыраў аб анімацыі сярод вернікаў і дапамозе сужэнскім парам прыбыць на гэта Свята ў катэдру.
Давяраючы ўсе сужэнствы нашага Рэгіёну апецы Святой Сям’і, ад усяго сэрца благаслаўляю.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі, SDB
Біскуп Вікарый для г. Магілёва
і Магілёўскай вобласці