На ўрачыстую святую Імшу ў мсціслаўскім касцёле Ўнебаўзяцця Дзевы Марыі, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, сабралася не вельмі многа вернікаў.
“Чаго ж біскуп прыехаў? Што здарылася?” – перашэптваліся прысутныя. Аказваецца – 400-годдзе святыні… Вось такі, можна сказаць, вялікі сюрпрыз для парафіі…
На пачатку Літургіі ад імя парафіянаў прывітала іерарха Ганна Францаўна, старшыня касцёльнага камітэту.
Святую Імшу біскуп ахвяраваў у інтэнцыі ўсёй мсціслаўскай парафіі, а асаблівым чынам – у інтэнцыі ўсяго духавенства, якое ў розны час выконвала служэнне ў гэтай велічнай святыні.
У гаміліі біскуп Юрый узгадаў слаўную гісторыю Касцёла на Мсціслаўшчыне, а ў асаблівы спосаб – час адраджэння пасля распаду Савецкага Саюзу і перыяд служэння ў Мсціслаўі кс. Караля Тамэцкага, які столькі сіл уклаў у тое, каб касцёл, які адзначае 400-годдзе, не быў забыты…
“Нас тут нямнога, але мы – як сапраўдная сям’я. Сям’я, у якой павінны валадарыць любоў і павага.” – зазначыў біскуп Юрый. “Канешне, будынак святыні патрабуе грунтоўнага рамонту, але мы не можам забыцца аб тым, што трэба будаваць супольнасць”.
На заканчэнне святой Імшы са словамі падзякі і сведчання выступіў самы пажылы прадстаўнік парафіі, які быў ахрышчаны менавіта ў кармеліцкім касцёле Мсціслаўя.
Фотарэпартаж
https://mohylev-katolik.by/index.php/item/135-mstsisla-ski-kastsjol-adznachy-svajo-400-goddze#sigProGalleria1179b22856