Сустрэча распачалася ўступным словам кс. Андрэя Далянскага, які з’яўляецца духоўным айцом нашага рэгіёна. Святар звярнуў увагу на тое, што Адвент – асаблівы час, калі духавенства мае магчымасць з’яднацца з Хрыстом.
Пасля адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і асабістая малітва.
Падчас Святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Юрый, мы асаблівым чынам прасілі Бога аб развіцці Касцёла на нашай зямлі. У гаміліі кс. бп Юрый адзначыў, якім важным элементам жыцця святара з’яўляецца асабістае сведчанне аб Хрысце. “Мы – шчыслівыя, бо бачым тое, што многія прарокі і каралі хацелі ўбачыць — і не ўбачылі…. Мы не можам забыцца аб тым, што мы – не Кефаса, не Аполласа, але мы-Хрыстовыя”- адзначыў арцыпастыр.
Пасля святой Імшы былі абмеркаваны некаторыя пытанні, звязаныя з функцыянаваннем дэканату. У прыватнасці, біскуп Юрый заклікаў да малітвы за спачылага кс. Рышарда Юніка, душпастыра парафіі ў Рубяжэвічах. Кс. дэкан Юрый Быкаў паведаміў аб тым, што адбыліся дэканальныя візітацыі, і зазначыў, што многія парафіі ў дэканаце сапраўды патрабуюць падтрымкі, каб наладзіць нармальнае душпастырства. Таксама кс. Юрый паведаміў аб тым, што біскуп Юрый наведае Магілёў 24-25 снежня, каб разам з намі святкаваць Божае Нараджэнне. кс. Андрэй Кеўліч запрасіў духавенства больш актыўна удзельнічаць у развіцці дэканальнай інтэрнет-старонкі, дасылаючы інфармацыю аб пастырскай дзейнасці на даручанай тэрыторыі. кс. Павел Адамовіч запрасіў духавенства на парафіяльнае свята, якое адбудзецца ў Крычаўскай парафіі 8 снежня.
Было вырашана, што наступная дэканальная сустрэча пройдзе 13 студзеня 2015г у парафіі св. Антонія ў Магілёве.
АК
Фотарэпартаж: кс. Аляксандр Шупенька, кл. Іван Дземідзенка
https://mohylev-katolik.by/index.php/item/175-dekanalnae-spatkanne-adbylosya-kastsyukovichakh#sigProGalleria1f14b1cd99