“Езус Хрыстус з'яўляецца абліччам міласэрнасці Айца. Здаецца, што ў гэтым слове заключана сутнасць таямніцы хрысціянскай веры. Яно стала жывым, бачным і дасягнула сваёй вяршыні ў Езусе з Назарэта. Багаты на міласэрнасць Айцец (пар. Эф 2, 4), калі аб'явіў Майсею сваё імя: «Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы» (Зых 34, 6), пажадаў, каб чалавек мог няспынна пазнаваць Яго боскую сутнасць розным чынам і ў розныя моманты гісторыі. «Калі надышла паўната часу» (Гал 4, 4), калі ўсё было падрыхтавана паводле Ягонага плану збаўлення, Ён спаслаў свайго Сына, народжанага з Дзевы Марыі, каб аб'явіць нам канчаткова сваю любоў. Хто бачыць Яго, бачыць таксама і Айца (пар. Ян 14, 9). Езус з Назарэта сваімі словамі, жэстамі і ўсёй сваёй асобай аб'яўляе міласэрнасць Бога.
Мы павінны пастаянна сузіраць гэтую таямніцу міласэрнасці. Для нас яна — крыніца радасці, спакою і згоды. Гэта ўмова нашага збаўлення. Міласэрнасць — гэта слова, якое аб'яўляе Найсвяцейшую Тройцу. Міласэрнасць — гэта найвышэйшы і канчатковы чын, праз які Бог выходзіць нам насустрач. Міласэрнасць — гэта асноўны закон, які жыве ў сэрцы кожнага чалавека, калі ён глядзіць шчырымі вачыма на свайго брата, якога сустракае на жыццёвым шляху. Міласэрнасць — гэта шлях, які лучыць Бога з чалавекам, бо адкрывае сэрца на надзею, што мы будзем умілаваныя назаўсёды, нягледзячы на недасканаласць, якой ёсць грэх.
Бываюць хвіліны, калі мы ўсё мацней чуем заклік спыніць свой позірк на міласэрнасці, каб мы самі сталі плённым знакам дзейнасці Айца. Менавіта таму я абвясціў Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці як час, поўны ласкі для Касцёла, каб сведчанне вернікаў стала яшчэ больш моцным і плённым.”
Літаратура:
Святы Айцец Францішак, Була “Vultus misericordiae” Мінск, 2015, с. 3-4, у: http://catholic.by/2/images/stories/files/doc/MISERICORDIAE-VULTUS.pdf