Вернікі парафіі, якой апякуюцца айцы-дамініканцы, раней цягам некалькіх гадоў збіраліся ў капліцы на тзв. “польскіх могілках” па вул. Лазарэнка, цяпер жа перанесліся на тэрыторыю парафіі ў памяшканне пры Мінскай шашы – на адрэс: Мінская Шаша 8 А (раён Казіміраўка – прыпынак для транспарта “Каліноўскага”, за рэстаранам “Сальхіно” =“Арфей”).
Святкаванне распачалося ўрачыстым унясеннем рэліквіі св. Ядвігі, каралевы. Да супольнай малітвы далучыліся не толькі шматлікія вернікі з усяго Магілёва, але таксама а. Ежы Вежхоўскі CMF, душпастыр парафіі св. Антонія, віцэ-дзекан Магілёўскага дэканату, дк Дзяніс Бразінскі, які нядаўна распачаў дыяканскае служэнне ў магілёўскай конкатэдры.
У гаміліі на святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці, заахвоціў душпастыраў парафіі айцоў дамініканаў і вернікаў да таго, каб, адказваючы на заклік Папы Францішка, выходзіць да іншых, старацца зразумець іх патрэбы і запрашаць у супольнасць, каб разам адкрываць Бога.
Пасля Імшы жадаючыя маглі ўшанаваць рэліквіі св. Ядвігі.
У цёплай, нягледзячы на надвор'е, амаль сямейнай атмасферы святкаванне працягнулася перад капліцай, дзе была магчымасць пачаставацца цукеркамі і пячэннем.
Фота: Марыям Лавал
https://mohylev-katolik.by/index.php/item/354-asvechana-novae-mestsa-malitvy-parafii-sv-kazimira-i-sv-yadvigi-magiljove#sigProGalleriaa948a37f63