У межах кангрэсу былі прадстаўлены чатыры даклады, звязаныя з тэмай сёлетняга ружанцовага форуму: «Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання».
Сястра Ганнa Судуйка CHR пазнаёміла ўдзельнікаў з асобай святой каралевы Ядзвігі. Сястра Дар’я Еўтухоўская FMA прадставіла каментар трох лістоў святога Яна Паўла ІІ: да дзяцей, да моладзі і да жанчын. Разважанне над спадчынай Вялікага Папы працягнуў Дзяніс Серадзін, які даў аналіз яго лістоў да сем’яў, людзей пажылога ўзросту і дзеячаў мастацтва. Чацвёрты даклад быў прысвечаны тэалагічнаму дыялогу, які вёў з чытачамі на старонках дамініканскага часопіса польскі дамініканін айцец Яцэк Салій. Удзельніца трэцяга дамініканскага ордэна Наталля Вашчанка прадставіла некалькі выбраных тэм у кантэксце закліку да навяртання і будавання Божага Валадарства.
Матэрыялы Шостага Ружанцовага кангрэсу былі сабраныя ў трох кніжках, якія атрымалі ўсе ўдзельнікі форуму. Кнігі, выдадзеныя выдавецтвам «Pro Christo», дазволяць ім працягваць сустракацца са святой Ядзвігай, святым Янам Паўлам ІІ і з думкамі айца Яцэка Салія ОР. Кніжкі могуць набыць усе ахвотныя.
Важным момантам кангрэсу стала супольная малітвы на ружанцы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Завяршыўся ружанцовы форум святой Імшой у старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі.
Для правядзення кангрэсу спатрэбіліся вялікія намаганні і супрацоўніцтва многіх людзей добрай волі.
Паводле https://catholic.by