23 верасня ў Горацкай парафіі адбылося парафіяльнае свята, якое ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Біскуп заклікаў не баяцца шукаць Бога ў сваім жыцці, нягледзячы на тыя цяжкасці і супярэчанасці, якія існуюць ў нашай рэальнасці.
У той жа дзень распачалася пешая пілігрымка ў Бялынічы – даўнюю “Беларускую Чэнстахову”. Праз сумеснае вандраванне і малітву паломнікі прасілі заступніцтва Багародзіцы над Магілёўскай зямлёй, каб Касцёл Божы развіваўся і кіраваў людзей да Хрыста.
24 верасня а 15 гадзіне ў Бялыніцкай парафіі адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег Будкевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. У гаміліі, разважаючы над Божым словам, іерарх згадаў пра велічныя справы Божага Провіду ў тым, што не пакінуў вернікаў без апекі, пасылаючы знакі сваёй прысутнасці ў розныя месцы праз цудоўныя аб’яўленні Божай Маці.
Пасля святой Імшы біскуп Алег асвяціў капліцу, у якой збіраюцца на малітву бялыніцкія каталікі. Будынак – звычайны жылы дом, які быў набыты ў 1995г. стараннямі кс. Караля Тамэцкага і парафіянаў. Сёлета ў ім былі праведзены некаторыя рамонтныя працы. Спадзяёмся, што гэта – чарговы крок да пабудовы каталіцкай святыні ў Бялынічах, якая б у будучыні магла стаць своеасаблівым духоўным цэнтрам для усіх вернікаў на нашай зямлі.
Успомняць сцежкі пілігрымаў крокі
Успыхне памяць у народзе зноў
Адкажуць рэхам белыя аблокі
Званам жывым Бялыніцкіх муроў.
(з песні да Маці Божай Бялыніцкай)
Маці Божая Бялыніцкая, маліся за нас!