Сваю прысутнасць на святах у Магілёве іаерарх патлумачыў Catholic.by: «На Пасхальны Трыдуум еду ў Магілёў. Усё маё біскупскае служэнне прайшло на тэрыторыі былой Магілёўскай Мітраполіі ў Беларусі і Расіі, а я ані разу яшчэ не служыў на Пасху ў Магілёве. Хачу аддаць свой доўг»,— з усмешкай сказаў арцыпастыр.
Беларуская Мітраполія, пазней перайменаваная ў Магілёўскую, была створана ў 1772 годзе і калісьці ахоплівала католікаў на тэрыторыі ўсёй вялізнай Расійскай Імперыі. Такім чынам была самай вялікай за ўсю гісторыю Касцёла каталіцкай дыяцэзіяй у свеце. У наступным годзе будзе ўрачыста адзначацца юбілей 250-годдзя стварэння Беларускай Мітраполіі — «прабабулі» сучасных структур Касцёла ў нашай краіне.
Расклад багаслужэнняў у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве ў Трыдуум 2021:
Вялікі чацвер— святая Імша вячэры Пана ў 19.00
Вялікая пятніца:
набажэнства Крыжовага шляху — 18.15
літургія Мукі Пана і адарацыя Святога Крыжа— 19.00
Вялікая субота— Пасхальная вігілія ў 21.00
Вялікдзень— святая Імша ў 10.00