Ва ўрачыстасць Звеставання Пана а 17-й гадзіне па цэнтральнаеўрапейскім часе (а 19-й па мінскім) падчас пакаяннага набажэнства ў базыліцы святога Пятра Папа Францішак прысвеціць увесь свет, а асабліва Украіну і Расію, Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
Набажэнства пройдзе ў еднасці з мясцовымі Касцёламі на ўсіх кантынентах, у тым ліку ў Беларусі.
Каталіцкія біскупы Беларусі скіравалі адмысловы Зварот, у якім зазначылі, што лічаць неабходным узмацніць нашу малітву аб спыненні вайны ва Украіне і запрашаюць духавенства, манаскіх асоб, вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўсіх людзей добрай волі далучыцца да інтэнцый і малітвы Святога Айца з нагоды гэтай важнай і значнай падзеі.
Як зазначае Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Старшыня Камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, “калі цэлебруецца святая Імша увечары, то пасля яе заканчэння варта правесці адмысловае набажэнства з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якога належыць здзейсніць Чын прысвячэння з Божым народам, не змяняючы яго зместу, выразна і не спяшаючыся. Там жа, дзе не цэлебруецца святая Імша, а таксама ў манаскіх супольнасцях, заахвочваем правесці адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой здзейсніць Чын прысвячэння”.
Біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прымуць удзел у такой малітве ў наступных месцах нашага партыкулярнага Касцёла:
- у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі малітву ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. 13.00 – пачатак Адарацыі Нйсвяцейшага Сакраманту; у 17.45 – пакутнае набажэнства (Крыжовы шлях); 18.30 — святая Імша; 19.00 – набажэнства з чынам прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі;
- Генеральны Вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі наведае санктуарый Маці Божай Фацімскай, дзе далучыцца да супольнай малітвы з мясцовымі вернікамі.
- Генеральны Вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліць малітву ў парафіі Ўнебаўзяцця НПМ і св. Станіслава ў Магілёве. 18.00 – пакутнае набажэнства (Крыжовы шлях); 18.30 – святая Імша; 19.00 – адмысловае набажэнства з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і Чынам прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі.