Перад святой Імшой вернiкi мелi магчымасць паразважаць над Божым словам у прысутнасцi Найсвяцейшага Сакрамэнту, прыняць удзел у ружанцовай малiтве i даверыць свае просьбы i жаданнi Богу праз Лiтанію да святога Казiмiра.
Душпастыр парафіі айцец Раман Шульц OP і шматлiкiя вернiкi шчыра сустракалi святароў і кансэкраваных асобаў, якiя далучыліся да парафiяльнага фэсту.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі, які ў гэты дзень распачаў кананічную пастырскую візітацыю, зазначыў што візітацыя – не праверка, а нагода да лепшагзнаёмства з душпастырам і вернікамі парафіі.
«Тры падзеі сёння збіраюць нас разам у гэтай гістарычнай каплічцы на старажытных польскіх могілках у парафіі Св. Казіміра і св. Ядвігі, – сказаў іерарх на пачатку Імшы. – Першая падзея звязана з адпустовай урачыстасцю святога Казіміра, апекуна парафіі, чалавека святога, якога вельмі шанаваў і праслаўляў наш народ. Другоя падзея – гэта запланаваная кананічная біскупская візітацыя. І апошняя, трэцяя падзея, – гэта спалучэнне першых дзвюх, дзеля духоўнай карысці і ўзбагачэння нас, духоўных асобаў, і вас, дарагія браты і сёстры. А менавіта – святыя велікапосныя рэкалекцыі».
Па словах біскупа, кожны вернік павінен паставіць перад сабой тры пытанні адносна рэкалекцый: што такое рэкалекцыі, дзеля чаго яны нам патрэбны і якая мэта праводзіць іх у Вялікі пост? Іерарх дадаў, што ў час велікапосных рэкалекцый будуць дзейнічаць тры асобы: першая – Дух Святы, другая, якую вядзе Дух Святы, – кожны з вернікаў, трэцяя – бicкуп, які з’яўляецца толькі «суфлёрам», каб дапамагчы гэтым дзвюм асобам дзейнічаць паміж сабой.Таксама біскуп пажадаў усім паглыбляць у сабе жаданне разважаць над Божым словам і ўцелаўляць яго ў жыццё, маліцца, адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт і цаніць дар Эўхарыстыі, абраць Панну Марыю сваёй Найлепшай Маці і наследаваць Яе цноты ў жыцці. «А святы Казімір выпрасіць і нам ласку святасці і радасці з Божага жыцця тут, на зямлі», – дадаў іерарх.
Паводле www.catholic.by