У пятніцу магчымасць прыватнай малітвы была ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у г. Горкі, а 5 сакавіка магчымасць такой асаблівай адарацыі была ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, у парафіі НПМ Маці Касцёла ў Чавусах, а таксама ў парафіі Святой Тройцы ў Касцюковічах.
У магілёўскай Браме Міласэрнасці першую гадзіну Езуса Хрыста адаравалі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і прадстаўнікі «Легіёну Марыі» з магілёўскай катэдры. Адарацыя не спынялася ўсе 24 гадзіны. Розныя рухі і супольнасці, а таксама душпастыры і вернікі ўсіх парафій з Магілёва, Бабруйска, Шклова, Княжыц і Фашчаўкі ў выбраны імі час адарацыі праслаўлялі Пана спевам, малітвай, разважаннямі і цішынёй.
«Сённяшняя адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і моладзевае чуванне дапамагаюць нам здзейсніць сваю мэтаною – грэчаскае слова, якое азначае перамену розуму, пераасэнсаванне, жаль і пакаянне. Гісторыя чалавецтва сведчыць неаднойчы аб тым, як міласэрны Бог, пасылаючы розныя знакі і сваіх прарокаў, нястомна шукаў нас і чыніў усё магчымае, каб прыводзіць людзей да сапраўднай мэтаноі, да перамены розуму, да пераасэнсавання, да жалю, да пакаяння і да сапраўднай любові» - заўважыў біскуп-вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці.