Да малітвы ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі далучыліся біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, ардынарый Пінскі Антоні Дзям'янка, дапаможныя біскупы: біскуп Казімір Велікаселец (Пінская дыяцэзія), біскуп Юзаф Станеўскі (Гродзенская дыяцэзія), а таксама біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Словы спачування для ўсяго Каталіцкага Касцёла ва Украіне, а асабліва Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі, выказаў віцэ-старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч. Беларускі іерарх прамаўляў ад імя ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: як святароў, так і вернікаў.
Біскуп Алег звярнуўся са словамі шчырага спачування да мамы спачылага арцыбіскупа і ўсіх яго родных. Іерарх адзначыў, што арцыбіскуп Пятро «быў вельмі блізкі Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі і сваёй прысутнасцю жадаў нас заўсёды падтрымаць».
«Арцыбіскуп раздзяляў з намі радасныя моманты. Апошнім прыпынкам яго жыцця стала Беларусь, дзе, прымаючы ўдзел у Нацыянальным Эўхарыстычным кангрэсе, ад той зямной цэлебрацыі Эўхарыстыі ён перайшоў да нябеснага праслаўлення Хрыста, Які сядзіць праваруч Айца.
Мы ўсе смуткуем, але аднак напоўненыя надзеяй, што з неба арцыбіскуп Пятро будзе нам яшчэ больш дапамагаць. На заканчэнне свайго слова беларускі іерарх сказаў: «Адпачывай у супакоі», — заключыў біскуп Алег Буткевіч.
Біскупы Украіны падзякавалі за салідарнасць Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з Касцёлам ва Украіне.
Таксама на пахавальных набажэнствах прысутнічалі аднакурснікі спачылага, з якімі ён разам вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Рызе. З боку святароў-аднакурснікаў словы спачування выказаў кс. Ігар Лашук, душпастыр парафіі св. Міхала Арханёла ў Багданава (Валожынскі дэканат).
Падрыхтавана на падставе www.catholic.by