Супольная малітва духавенства і вернікаў за памерлых іерархаў, прэзбітэраў і кансэкраваных асобаў Магілёўшчыны стала ўжо важнай традыцыяй у магілёўскай частцы архідыяцэзіі.
Пастырская сустрэча распачалася супольнай малітвай Літургіі гадзінаў за памерлых, падчас якой былі зачытаны імёны і прозвішчы духоўных асобаў, якія служылі на гэтай зямлі.і прамовай духоўнага айца рэгіёну ксяндза каноніка Андрэя Далянскага. Галоўнай думкай прамовы быў заклік да духавенства не паддавацца спакусе стаць падобнымі да свецкіх людзей праз стыль свецкага жыцця.
Цэнтрам сустрэчы стала cвятая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Іерарх нагадаў асноўную інтэнцыю душпастырскай сустрэчы менавіта ў актаву малітвы за памерлых — «даверыць Божай Міласэрнасці спачылае духавенства Магілёўшчыны».
У гаміліі біскуп падзяліўся разважаннем аб тым, «што можа дапамагчы нам не ператварыцца з духоўных асобаў у свецкіх, а таксама каб стыль нашага жыцця і дзейнасці быў напоўнены евангельскай, а не свецкай радасцю», — а менавіта аб неабходнасці пастаяннай фармацыі.
«Мы жывём у час, калі свабода (як бы яна ні разумелася) належыць да фундаментальных каштоўнасцяў. Таксама спрадвеку вядома, што тыя, хто вырашае ісці за Езусам па шляху евангельскіх парадаў, бяруць на сябе абавязацельства фарміравання, або, лепш сказаць, абавязацельства фарміравання сваёй свабоды для — агульна кажучы — Божых спраў», — сказаў іерарх.
«Нашым адказам на дар Божага паклікання з’яўляецца абавязацельства адпаведнай фармацыі, можна сказаць, штодзённай і пастаяннай, — дадаў біскуп. — Яна пачынаецца ў семінарыі для дыяцэзіяльных святароў, у пастулаце ці навіцыяце для кансэкраваных асобаў. У пэўным сэнсе яе вянчаюць вечныя манаскія абяцанні, а ў выпадку святароў — дзень пасвячэння. Але ж, уласна кажучы, яна не заканчваецца».
Іерарх падкрэсліў важнасць таго, «каб працэс фармацыі перайшоў у самафармацыю» і «каб мы, будучы адкрытымі для фармацыі (нават пры адсутнасці фармальных фарматараў), маглі заўсёды вучыцца ад жыцця».
Біскуп прыгадаў словы папы Бэнэдыкта XVI, скіраваныя да духавенства і кансэкраваных асобаў: «Перад абліччам шматлікіх заданняў [вы] павінны абавязкова забяспечыць трывалую фармацыю, асабліва для сваіх членаў. Касцёл вельмі патрабуе людзей з моцнай і глыбокай верай, з культурнай падрыхтоўкай, якія ідуць у нагу з часам, з натуральнай чалавечай чуласцю і моцным пастырскім пачуццём, (...) патрабуе духавенства і кансэкраваных асобаў, якія прысвецяць сваё жыццё, каб справіцца з гэтымі выклікамі».
«Няхай Дух Святы натхняе кожнага з нас да штодзённай, пастаяннай самафармацыі, дзякуючы якой мы не ператворымся з духоўных асобаў у свецкіх, а таксама каб стыль нашага жыцця і дзейнасці быў напоўнены евангельскай, а не свецкай радасцю», — пажадаў Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці.
У межах літургічнай фармацыі ўдзельнікі сустрэчы выслухалі выступленне на тэму выбару Эўхарыстычнай малітвы падчас святой Імшы, якая з’яўляецца “цэнтральнай і кульмінацыйнай часткай ўсяго літургічнага дзеяння”.