Нарадзіўся 11 лютага 1883г. у сям’і выхадцаў з Беларусі.
Вучыўся ў Пецярбургу ў прыватнай каталіцкай гімназіі пры касцёле Св. Кацярыны і ў 6-й гімназіі.
Скончыў у Пецярбургу Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю (1903г.) і Мітрапалітальную духоўную акадэмію (1907г.). Кандыдат тэалогіі і магістр кананічнага права.
Пасвечаны ў святары ў 1906г.
У 1907-1910гг. працаваў настаўнікам рэлігіі ў Смаленску ў мужчынскай гімназіі і ў рэальным вучылішчы. 14.8.1910г. прызначаны выкладчыкам Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Адмовіўся праспяваць «многие лета» расійскаму цару і быў высланы за мяжу, жыў у Рыме, Інсбруку.
У 1913-1918гг. зноў у Пецярбургу, намеснік прафесара грамадзянскага і кананічнага права ў духоўнай акадэміі. Адначасова выкладаў Закон Божы ў Інстытуце архітэктуры, у Мікалаеўскай школе кавалерыі і ў Канстанцінаўскай школе артылерыі.
У 1918г. прызначаны пробашчам і дэканам у Магілёў. Выконваў абавязкі афіцыяла біскупскай курыі ў Мінску. Арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі і інтэрніраваны ў Смаленску. Пасля вызвалення вярнуўся ў Магілёў. Актыўна выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця.
Знявольваўся ЧК у 1921г.
У 1926г. схоплены АДПУ, асуджаны на 5 гадоў лагераў без права на амністыю. У 1928г. з Салаўкоў дастаўлены ў Маскву ў турму на Лубянцы, дзе, верагодна, і быў закатаваны «пры спробе збегчы».
Крыніца:
КНИГА ПАМЯТИ, у: http://cathol.memo.ru/KNIGA/Bb.html#s.13
Леанід Маракоў, Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі 1917—1964, Мінск 2008, с.54.
Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. Lublin, 1998
Белагаловы Язэп, у: http://slounik.org/146799.html