Laudetur Jesus Christus! 

Шчыра вітаем Вас, паважаны наведвальнік, на інтэрнет-старонцы Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне!

Радыё Марыя-online

 
 
 
 

Каляндар

Католические праздники

 

Год Манаскага Жыцця

Малітва святароў

Год Міласэрнасці

 
 

ДАВЕРЫЦЦА БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ Пастырскае пасланне арцыбiскупа Тадэвуша Кандрусевiча на Юбiлейны Год Мiласэрнасцi

Оцените материал
(1 Голосовать)

 

Міласэрнасць Бога на вякі (Пар. Пс 136(135), 1)

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагiя вернiкi!

1.                 У велічную ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, распачынаючы, ўстаноўлены Святым Айцом Францiшкам Надзвычайны Юбілейны Год Мiласэрнасцi, сардэчна вiтаю вас гэтымі словамi псальмiсты, у якiх выказаны давер да бязмежнага ў сваёй мiласэрнасцi Бога.

 

Тэалагiчнае абгрунтаванне Юбiлейнага Году знаходзiцца ў Святым Пiсаннi. Яшчэ ў часы Старога Запавету габрэi кожныя 50 гадоўадзначалi Юбiлейныя гады (пар. Лев 25, 8-17), падчас якіх людзям дароўвалiся даўгi, зняволеныя атрымлiвалi свабоду i г.д.

Каталiцкi Касцёл габрэйскаму юбiлею надаў духоўны характар, якi заключаецца ў прабачэннi i адпушчэннi грахоў, а таксама ў аднаўленнi сувязi з Богам i блiжнiмi.

 

Традыцыя святкаваць Юбiлейны Год з'явiлася падчас пантыфiкату папы Банiфацыя VIII у 1300г., якi запланаваў яго святкаванне кожныя 100 гадоў. У 1475г. з мэтай даць магчымасць кожнаму пакаленню людзей адзначыць Юбiлей, гэты час быў скарочаны да 25 гадоў. Маючы на ўвазе асаблiвыя нагоды, Папа можа аб'явiць Надзвычайны Юбiлей. Святы Год ужо абвяшчаўся 26 разоў. Апошнiм быў Вялiкi Юбiлей 2000-годдзя хрысцiянства, якi Касцёл адзначаў па iнiцыятыве св. Яна Паўла II. Гэты Юбілей увёў нас у Трэцяе тысячагоддзе (пар. https://pl.wikipedia.org/wiki/Rok_Jubileuszowy).

 

2.        Зменялiся часы i абумоўленасці жыцця людзей, але складаныя жыццёвыя сiтуацыi заставалiся i надалей застаюцца. Яны прысутнiчаюць як у матэрыяльнай, так i ў духоўнай сферах жыцця чалавека. Перад выклiкамi кожнай эпохi Касцёл не заставаўся i не застаецца абыякавым. Ён на iх адказвае, выкарыстоўваючы таксама i ласку Юбiлейных Гадоў.

 

Вядома, якое вялікае значэнне ў жыццi Касцёла i яго аднаўленнi, у тым лiку i ў адказе на выклiкi часу, мёў IIВатыканскi Сабор. Яго вучэнне застаецца актуальным i яшчэ не да канца раскрытым i выкарыстаным. Сам Сабор стаўся вялiкiм актам Божай мiласэрнасцi, бо дзякуючы яму, вяртаючыся да Святога Пісанна, як адной з крынiц нашай веры, Касцёл прадставiў сябе не як прыгожы, красуючыся самiм сабой карабель або як непрыступную крэпасць, але як пiлiгрымуючы ў Нябесны Ерузалем Божы народ (пар. LG 9). У гэтай пiлiгрымцы ён сустракае шмат цяжкасцяў, падобна таму як iх сустракаў Выбраны народ падчас пераходу з Егiпецкай няволi ў Зямлю Абяцаную. I як тады Бог аказваў яму сваю мiласэрнасць, таксама i сёння ён праз Касцёл працягвае яе праяўляць.

 

Менавiта таму Святы Айцец Францiшак, адметнасцю служэння якога з'яўляецца мiласэрнасць, Булай "Мisericordiae vultus" – "Аблiчча мiласэрнасцi" аб'явiў Святы Год Мiласэрнасцi пад дэвiзам: "Мiласэрныя, як Айцец". Надзвычайны Юбiлей Мiласэрнасцi распачынаецца сёння, 8 снежня 2015г., у 50-ю гадавіну завяршэння IIВатыканскага Сабору адкрыццём "Дзвярэй Мiласэрнасцi" (пар. Лк 6, 36) у Базылiцы св. Пятра ў Ватыкане i завяршыцца iх закрыццём ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету 20 лiстапада 2016г. (пар. MV 3.5).

Мэтай гэтага выключнага часу з'яўляецца спатканне чалавека з Міласэрным Езусам i дасведчанне Яго бязмежнай мiласэрнасцi. Цэлебрацыя Святога Году павiнна спрыяць умацаванню веры людзей i іх хрысціянскага сведчання. Распачынаючыся Год Мiласэрнасцi не павiнен выключыць нiкога, бо Божая мiласэрнасць для ўсiх.

 

Папская була ўказвае тэму мiласэрнасцi як цэнтр Святога Пiсання i служэння Езуса Хрыста (пар. MV 7-9). Таму Касцёл, знаходзячыся на варце Божага закону, у сваёй мiсii павiнен кiравацца справядлiвасцю ў мiласэрнасцi, якая ёсць першым i абавязковым крокам да дасягнення вышэйшай мэты. Добрая Навiна ўключае ў сябе рэчаiснасць чалавечага жыцця, дынамiку прабачэння i праўду спаткання з Хрыстом. Езус заклiкае да спазнання мiласэрнасцi праз навяртанне да жыцця паводле Божага закону. Таму мiласэрнасць i праўда павiнны сустрэцца. Без такой сустрэчы наша жыццё будзе падобна да аўтамабіля, якi нiколi не спыняецца, нават пры чырвоным святле святлафора, што вядзе да катастрофы. Менавіта таму папа Францiшак заклiкае людзей, якiя адышлi ад Божай ласкi, каб у мітусні сучаснага свету спыніліся, задумаліся над сваім жыццём, каб Юбiлей стаў для iх добрай нагодай да вяртання да Бога (пар. MV 10-12).

 

На жаль сучасная сэкулярная, самадастаковая i эгаiстычная культура, не ўспрымае належным чынам iдэю міласэрнасці і прабачэння. На гэту праблему звяртаў увагу яшчэ св. Ян Павел II у энцыклiцы "Dives in misericordia" – "Бог вялiкi ў мiласэрнасцi" (пар. DM 14). Яго вучэнне застаецца актуальным i заслугоўвае, каб звярнуць на яго ўвагу ў Юбiлейным Годзе Мiласэрнасцi.

 

3.                Згодна з воляй Святога Айца Францiшка святкаванне Юбiлейнага Году Мiласэрнасцi будзе мець месца не толькi ў Рыме, але i ў паасобных дыяцэзiях, як бачны знак еднасці ўсяго Касцёла (пар. MV 3). З гэтай мэтай у Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii Юбiлёйнымi святынямi ўстаноўлены Мiнская архiкатэдра Iмя Найсвяцейшай Панны Марыi, Магiлёўская катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi i св. Станiслава, а таксама Малая Базылiка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi ў Будславе. Ва ўсiх гэтых святынях у наступную нядзелю 13 снежня 2015г. урачыста будуць адчынены Дзверы Мiласэрнасцi (пар. MV 3), якія будуць зачынены 13 лістапада 2016г. (пар. http://www.im.va/content/ gdm/pl/calendario.html).

 

Сімвалічна, што ўсе Юбілейныя святыні ў нашай архідыяцэзіі прысвечаны Марыі. І сапраўды, Божая міласэрнасць асаблівым чынам прыйшла ў свет праз Марыю, якая нарадзіла Божага Сына – Міласэрнага Езуса.

 

Распачынаючыся Юбілейны Год павінен адзначацца пілігрымкамі, як яго асаблівым знакам, іконай дарогі, якую чалавек праходзіць падчас свайго жыцця. Дайсці да Дзвярэй Міласэрнасці ў Рымі ці ў іншым месцы можна толькі пераадолеўшы адпаведны шлях, каб потым, праходзячы праз іх, дазволіць Божай міласэрнасці нас атуліць з мэтай учыніць міласэрнымі да іншых, як Бог міласэрны да нас (пар. MV 14).

 

На працягу Юбiлейнага Году ў Рымскiх Базылiках св. Пятра, св. Яна на Латэране, св. Паўла за мурамi i Божай Мацi Вялiкай, а таксама ў вышэй пералiчаных Юбiлейных святынях нашай Архiдыяцэзii і ў падобных святынях у іншых дыяцэзіях кожны дзень можна будзе атрымаць поўны адпуст пад звычайнымi ўмовамі. Гэта азначае, што неабходна быць у стане Божай ласкі, прыняць святую камунію і памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца.

 

У гэтых святынях падчас Вялікага посту таксама можна будзе атрымаць адпушчэнне зарэзерваваных Апостальскай Сталіцы грахоў праз паслугу спецыяльна вызначаных для гэтага святароў – “мiсiянераў мiласэрнасцi”, якіх Святы Айцец Францішак накіруе ў розныя куткі свету ў Папяльцовую сераду (пар. MV 18).

 

Вялікі пост у Юбілейным Годзе павінен стаць часам асаблівага дасведчання Божай міласэрнасці, дапамогай у чым можа стаць медытацыя кнігі прарока Ісаі (пар. MV 17).

 

4.        Юбiлейны Год Мiласэрнасцi павiнен адзначацца дыспазыцыйнасцю пастыраў, каб служыць вернiкам у сакрамэнце пакаяння. Божага прабачэння нельга адмовiць нi кому, хто шкадуе за свае грахi i са шчырым сэрцам прыступае да споведзi, каб паяднацца з Богам, Касцёлам i блiжнiм.

 

Спаведнiкi павiнны належным чынам падрыхтавацца да гэтага задання, каб дапамагчы людзям зразумець грэх i шлях аўтэнтычнага навяртання, а таксама велiкадушнае прабачэнне нябеснага Айца, якi ўсё аднаўляе. Яны павiнны быць сапраўднымі знакамі Божай мiласэрнасцi. Быць спаведніком – гэта не імправізацыя. Спаведнікамі святары становяцца прадусім тады, калі ў першую чаргу самыя як пэнітэнты шукаюць прабачэння. Быць спаведніком азначае мець удзел у самой місіі Хрыста і быць канкрэтным знакам нязменнай Божай любові, якая прабачае і збаўляе (пар. MV 15.17).

 

Заахвочваю святароў падчас Году Міласэрнасці арганізоўваюць у парафіях місіі, якія спрыяюць аднаўленню і ўмацаванню веры; запрашаць на іх “місіянераў міласэрнасці”, каб яны сталі вестунамі радасці і прабачэння (пар. MV 18).

 

Папа Францiшак многа ўвагi прысвячае людзям, якiя знаходзяцца на "жыццёвых перыферыях" сучаснага свету. Ён заклiкае нас адкрыць вочы, каб заўважыць няшчасці свету, раны так многiх нашых братоў i сясцёр, якiя пазбаўлены сваёй годнасцi, каб адчуць сябе пакліканымі iх клічам аб дапамозе (пар. MV 15).

 

У Юбілейным годзе неабходна памятаць і пра пра ўчынкi міласэрнасці адносна душы і цела (пар. MV 15). У сваiм слаўным казаннi на гары ў васьмі благаслаўленнях Езус кажа, што благаслаўлёныя мiласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць (пар. Мц 5, 7). Таму дыяцэзiяльным i парафiяльным дабрачынным арганiзацыям Карытас неабходна звярнуць асаблiвую ўвагу на патрабуючых, каб ў канкрэтных знаках, як гэта чынiў Езус, яны дасведчылi мiласэрнасцi, якая ў складаных жыццёвых сiтуацыях дае iм новую надзею.

 

У Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii апрацаваны дакладны план святкавання Юбiлейнага году Мiласэрнасцi. Галоўным пунктам яго будзе ўрачыстасць, прысвечаная Сярэбранаму Юбiлею заснавання Мiнска-Магiлёўскай мiтраполii, святкаванне якой адбудуцца падчас Будслаўскага фэсту 1-2 лiпеня 2016г. пад дэвiзам: "Надзея ў Божай мiласэрнасцi".

 

5.        Мэта нашага жыцяя – гэта дасягненне святасцi. У святле Божага Аб'яўлення неабходна памятаць аб тым, што святасць не дасягаецца выключна ахвярай цi знешнiм культам, але таксама паслухмянасцю Богу праз сведчанне любовi да блiжняга. Не здарма Езус кажа, што хоча не ахвяры а мiласэрнасцi (пар. Мц 9, 13).

 

Таму мiласэрнасць трэба разумець як справу нашага збаўлення. Касцёл не з'яўляецца фарпостам абсалютнага "не" i ўсялякай забароны. На Божы закон ён глядзiць не толькi праз прызму справядлiвасцi, але i праз прызму любові. Нельга супрацьпастаўляць справядлівасць i праўду мiласэрнасцi. Не здарма Святы Айцец Францiшак кажа, што мiласэрнаць не супярэчыць справядлiвасцi, але выяўляе любоў Бога да грэшніка, прапануючы яму чарговую магчымасць пакаяння, навяртання і веры. Бог не абмяжоўваецца справядлiвасцю і яе не адкідае, але змяшчае яе і пераўзыходзіць ў яшчэ большым выдарэнні, калі спазнаецца любоў, якая з’яўляецца фундаментам справядлівасці (пар. MV 21).

 

У сучасным, становячымся ўсё больш негуманным, свеце хрысцiянскае паклiканне выражаецца ў сведчаннi Божай мiласэрнасцi разам з людзьмi добрай волi, каб будаваць свет, поўны мiру, справядлiвасцi, узаемнай любовi i павагi.

 

Божая мiласэрнасць, як адзiная надзея свету, як вучыць св. Ян Павел II (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/2002/documents/hf_ jp-ii_hom_20020817_shrine-divine-mercy.html), пранiкае яго i разбурае мур падзелаў. Падобна таму як Божая мiласэрнасць бязмежная, такой павiнна быць i мiласэрнасць аднага чалавека да iншага, асаблiва да хворых, бедных, прыгнеценых, мiгрантаў i бежанцаў, усiх хто жыве на перыферыi жыцця. Неабходна адкрыць свае сэрцы на iх патрэбы, лячыць iх духоўныя i цялесныя хваробы, намашчаць алеем cуцяшэння, спавіваць мiласэрнасцю, лячыць салiдарнасцю i неабходным клопатам (пар. MV 15).

 

6.        Дарагiя браты i сёстры, не паддавайцеся спакусе абыякавасці, якая прыніжае. Не паддавайцеся прызвычаенасці, якая знячуляе дух i не дазваляе ўбачыць новае. Не паддавайцеся цынізму, якi нішчыць. Не замыкайце вачэй, каб заўважыць няшчасці гэтага свету, духоўныя i цялесныя раны, пазбаўленых чалавечай годнасці людзей з мэтай перамагчы перашкоду абыякавасці, якая прыкрывае крывадушша i эгаiзм (пар. MV 15). Няхай прабачэнне стане рэчаіснацю нашага штодзённага жыцця (пар. MV 19).

 

Мiласэрнасць – гэта не эмацыянальная сэнтыментальнасць, якая хутка мінае, але канкрэтны, творчы i ўключаючы ў сябе ўсю чалавечую асобу абавязак. Яна павiнна ахапіць наша рэлiгiйнае i грамадскае жыццё, каб будаваць цывілізацыю жыцця і любові.

 

Сімвалічна, што Юбілейны Год Міласэрнасці распачынаецца ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая, дзякуючы сваёй згодзе з Божай воляй, з’яўляецца Каўчэгам Запавету паміж Богам і людзьмі і таксама Мацi мiласэрнасцi (пар. MV 24), апецы якой усіх вас давяраю.

 

У распачынаючымся Юбілейным Годзе жадаю ўсім вам дасведчыць бязмежнасцi Божай міласэрнасці, даверыцца ёй, ёю жыць, быць яе iнструментамi ў сучасным свеце i ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, +i Сына, i Святога Духа. Амэн.

 

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 

 

Мінск, 22 лістапада 2015 г.

Урачыстасць Хрыста Валадара Cусвету

 

 

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1.                  II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл

“Lumen gentium” (LG).

2.                  Ян Павел II. Энцыкліка “Dives in misericordiae” (DM).

3.                  Францішак. Булла “Vultus misericordiae” (VM).

4.                  https://pl.wikipedia.org/wiki/Rok_Jubileuszowy.

5.                  http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/2002/documents/hf_ jp-ii_hom_20020817_shrine-divine-mercy.html.

6.                  http://www.im.va/content/ gdm/pl/calendario.html.

 

 

P.S.    Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэта Пасланне вернікам 8 снежня 2015 г. ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця НПМ.

Прочитано 1515 раз Последнее изменение Четверг, 10 Декабрь 2015 09:59
Super User

Рэдакцыя сайта

Сайт: www.mohylev-katolik.by

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены

Расклад святой Імшы ў нядзелі

Бялынічы

10.00 (на беларускай мове)

 

Горкі

16.00 (на беларускай мове)

 

Крычаў 

10.00 (на беларускай мове)

 

Касцюковічы

11.00 (на беларускай мове),   

15.00 (на беларускай мове) – перыядычна.

 

Магілёў, св. Антонія 

09.00 (на польскай мове),

10.30 (на беларускай мове),

12.00 (на беларускай мове),

16.00 (на беларускай мове).

 

Магілёў, Унебаўзяцця НПМ

9.00 (на польскай мове),

11.00 (на беларускай мове),

13.00 (на беларускай мове),

18.30(на беларускай мове)

 

Магілёў, св. Казіміра

10.00 (на беларускай мове)

18.00 (на беларускай мове)

 

Мсціслаў

13.00 (на беларускай мове)

 

Шклоў 

11.30 (на беларускай мове)

 

Фашчаўка 

13.30 (на беларускай мове)

 

Чавусы 

10.00 (на беларускай мове).