Набажэнству папярэднічала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Потым да алтара ва ўрачыстай працэсіі разам з каталіцкім духавенствам — біскупам Аляксандрам, пробашчам бабруйскай парафіі ксяндзом канонікам Андрэем Яркаўцом і пробашчам парафіі святой Ганны ў Глуску ксяндзом Канстанцінам Каракам выйшлі прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы ад Бабруйска-Быхаўскай епархіі іерэй Сяргей Гусар і пастар Самастойнай евангелічна-лютэранскай супольнасці Уладзімір Мейерсон.
«Падзелы сярод хрысціянаў існуюць здаўна, — падкрэсліў у прамоўленым падчас набажэнства слове біскуп Аляксандр. — Яны выклікаюць вялікі боль і супярэчаць волі Бога… „Каб усе былі адно“, — аб гэтым маліўся падчас Апошняй вячэры сам Езус Хрыстус, і сумесная прыгожая малітва ў бабруйскай святыні — гэта маленькі крок да таго, каб запавет Хрыста стаў рэальнасцю. Падзелы Царквы — гэта крывавая рана на містычным Целе Хрыста. Яе неабходна лячыць, і як мага хутчэй, таму што, нягледзячы на дасягненні ў міжхрысціянскім дыялогу, падзел паміж намі ўсё ж такі застаецца відавочным».
З кароткімі прамовамі звярнуліся да прысутных і іншыя ўдзельнікі экуменічнай малітвы.
Айцец Сяргей Гусар у сваім слове адзначыў, што ўсіх нас аб’ядноўвае Хрыстус. «Але нельга быць хрысціянінам без добрых справаў, без любові да бліжняга, міласэрнасці, вернасці Богу. Ён заклікаў усіх да радасці і міру»,
— падкрэсліў праваслаўны святар.
Заклік да любові і згоды прагучаў і ў прамове пастара лютэранскай супольнасці. Ён падкрэсліў, што, дзякуючы Богу, у Беларусі пануе згода паміж прадстаўнікамі розных канфесій, няма канфліктаў на рэлігійнай і нацыянальнай глебе.«Кожны ў нашай краіне мае магчымасць служыць Богу паводле сваіх традыцый і абрадаў. І трэба прыкласці ўсе намаганні, каб так было заўсёды»,- выказаў пажаданне пастар.
Завяршылася экуменічнае набажэнства, у якім бралі ўдзел вернікі з розных парафійБабруйскага дэканата, а таксама праваслаўныя і лютэране, супольна прамоўленай на беларускай і царкоўнаславянскай мовах малітвай «Ойча наш».
Паводле www.catholic.by