Варта зазначыць, што а 22-й гадзіне ў магілёўскай катэдры вернікі сабраліся, каб разам з Богам сустрэць Новы 2016 год.
Сумесная малітва распачалася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітвамі падзякі, перапрашэння і просьбы, якую вернікі загадзя падрыхтавалі.
Пасля набажэнства а 23-й гадзіне пачалася святая Імша падзякі за 2015 Панскі год. На пачатку біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў: «Чалавек добра выхаваны заўсёды дзякуе за аказанае яму дабро. Таму падчас гэтай Эўхарыстыі мы жадаем у першую чаргу выказаць нашу падзяку Богу за айцоўскі клопат пра нас падчас гэтага года, за Яго міласэрнасць і любоў, за атрыманыя ласкі і за выпрабаванні, праз якія мы не адышлі ад Бога, а яшчэ больш умацаваліся ў веры. Заўважаныя дары становяцца матывам радасці і жаданнем падтрымліваць іх у сваім жыцці і надалей у новым 2016 годзе».
У гаміліі іерарх сказаў: «Наша планета, гэтак прыгожа створаная Богам і гэтак сапсаваная намі, людзьмі, здзейсніла яшчэ адзін поўны абарот вакол Сонца. Новы год ужо пайшоў па планеце, наведваючы краіну за краінай ад Усходу да Захаду. Надыходзіць Новы год і ў нашай Радзіме, і лічбы гатовыя зрушыцца на ўсіх без выключэння календарах, і ўсё чалавецтва чакае чагосці новага».
“ (…) Маё першае пажаданне сабе і вам, дарагія браты і сёстры, у Новым 2016-ым годзе, прысвечаным у Касцёле Божай Міласэрнасці, — нястомна пераменьвацца, каб, адкрываючы ў сабе вобраз чалавека, створанага па вобразу і падабенству Божаму, стаць больш пераканаўчымі і плённымі сведкамі Хрыста, якія набліжаюцца і набліжаюць іншых да Бога”, — адзначыў біскуп.
Апоўначы біскуп ўдзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам на чатыры бакі свету, даручаючы ўсё чалавецтва Божаму Провіду.
https://mohylev-katolik.by/index.php/item/292-sustrecha-novaga-goda-2016-katalikami-na-magiljo-shchyne#sigProGalleriaf17f6201c3